Язэп Нарцызавіч Драздовіч
У гісторыі беларускай культуры першай паловы XX ст. дастойнае месца займае імя Язэпа Драздовіча. Яго творчасць мае адметны характар: яна унікальная і традыцыйная, наіўная і мудрая, рэалістычная і сімвалічная. Я. Драздовіч быў не толькі непаўторным мастаком-графікам, скульптарам і жывапісцам, але і пісьменнікам, разьбяром па дрэве, збіральнікам фальклору, археолагам, настаўнікам.
Нарадзіўся Язэп Нарцызавіч Драздовіч 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі (былая Віленская губерня, цяпер Глыбоцкі раён) у збяднелай шляхецкай сям'і. У гэтым маляўнічым куточку на ўскрайку Галубіцкай пушчы прайшло дзяцінства будучага мастака. 3 1906 па 1910 гг. вучыўся ў Віленскай мастацкай школе прафесара жывапісу I. Трутнева. Потым ён працаваў мастаком-дэкаратарам у «Беларускай хатцы», Беларускім дзяржаўным тэатры. Арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства «Заранка» (1918), якое адкрыла школы, аматарскі тэатр, бібліятэку; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар. Я. Драздовіч быў заснавальнікам мастацкай студыі пры Віленскай беларускай гімназіі (1927). У Вільні ён зрабіў першыя самастойныя крокі ў мастацтве – графічныя работы з краявідамі родных мясцін («Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брама будучыні» і інш.). Ён аформіў вокладкі кніг «Беларускі каляндар на 1910 год», «Курганная кветка» К. Буйло (1914), «Школьны спеўнік» А. Грыневіча (1920).
Я. Драздовіч быў адным з першых мастакоў, які ўвасобіў у выяўленчым мастацтве Беларусь, яе культуру і гісторыю. Ён стварыў графічную серыю «Старажытная будоўля на Беларусі», цыклы, прысвечаныя замкаваму дойлідству Беларусі і Літвы («Мір», «Крэва», «Ліда», «Гальшаны», «Навагрудак і навагрудцы», «Меднікі», «Трокі»); партрэты полацкіх і смаленскіх князёў («Князь Рагвалод – дзед князёў полацкіх», «Князь Усяслаў Чарадзей», «Князь Брачыслаў», «Князь Барыс-каменякоў»); партрэты славутых гістарычных асоб: магната К. Сапегі, вялікага гетмана К. Астрожскага, пісьменнікаў А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы. Шэраг работ Я. Драздовіч прысвяціў знакамітаму беларускаму першадрукару Ф. Скарыне («Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або У свет па навуку», «Са свету з навукай», «Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе»). Вобразы родных краявідаў адлюстраваны ў графічнай серыі «Дзісеншчына» («Стадолішча», «Вёска Лаўрынаўка», «Тараватка», «Пунькі», «Александрыя» і інш.). Асобную групу складаюць творы з сімволіка-алегарычнымі вобразамі («Мужык з панам цягаецца», «Дух цемры» і інш.). Творы вызначаюцца мастацкай завершанасцю. пранікнённасцю. У кожнай рабоце – пяшчота і любоў да родных мясцін, да сваёй радзімы, гонар за яе сыноў, за гераічнае мінулае. Найбольш ярка мастацкі талент Я. Драздовіча быў рэалізаваны ў жывапісных і графічных творах на фантастычныя касмічныя тэмы. Ім створаны серыі «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне», «Жыццё на Месяцы», «Космас» і інш. Арыгінальнае ўяўленне мастака дазволіла яму зазірнуць у далёкі і невядомы, загадкавы, таямнічы свет, стварыць сваю структуру і форму незямнога жыцця. Цікавая грань яго таленту – працы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва: маляваныя дываны, разьбяныя скрыначкі і інш. Як скульптар Я. Драздовіч стварыў бюсты Ф. Скарыны, тэматычны твор «Плач Гарыславы», барэльефы А. Грыневіча, М. Машары, Я. Пачопкі, а таксама сваёй маці.
На працягу ўсяго свайго жыцця мастак часта вандраваў па Піншчыне і Дзісеншчыне. Ён запісваў фальклор і апрацоўваў народную лексіку для слоўнікаў, прымаў удзел у выданні беларускіх казак, народных песень, складаў альбомы з узорамі беларускіх тканін. У канцы 1930-х гадоў Я. Драздовіч праводзіў археалагічныя раскопкі, рабіў накіды старажытных паселішчаў і гарадзішчаў. Вынікам гэтай працы з'явіўся яго рукапіс «Дзісенская дагістарычная старына», па якому сёння беларускімі археолагамі знойдзена больш за 20 гарадзішчаў. Мастацкая, фальклорная, археалагічная дзейнасць творца перамяжоўвалася з літаратурнай працай. Яго вершы і допісы змяшчаліся на старонках друку, а ў 1923 г. у Вільні выйшла кніга «Вар'ят без вар'яцтва, або Вялікая шышка» пад псеўданімам Я. Нарцызаў. Я. Драздовіч з'яўляецца аўтарам навукова-папулярнай брашуры «Нябесныя бегі» (1931). Найбольш значны яго твор – паэма «Трызна мінуўшчыны», прысвечаная старажытнай Полаччыне. У Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы захоўваюцца рукапісы яго фантастычных твораў «Алвазія», «Адрыянопаліс», «У Мурах Трывежу» і інш.
Памёр 15 жніўня 1954 года.
У Мінску на вуліцы Багдановіча Я. Драздовічу ўстаноўлены помнік (скульптар Голубеў І.). Яго імем названы Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці).
ЛІТАРАТУРА:
1. Багданава, Г. Касмічныя хронікі Язэпа Драздовіча / Г. Багданава // Бярозка. – 2002. – № 2. – С. 24–25.
2. Бяганская, А. Язэп Драздовіч: мастак і вандроўнік / А. Бяганская // Бібліятэка прапануе. – 2003. – № 5. – С. 3–7.
3. Вайткун, А. Белорусский Леонардо, или Небесные беги Язэпа Дроздовича / А. Вайткун // Народная газета. – 2008. – 10 кастр. – С. 1, 20.
4. Вакар, Л. Пра мужыцкасць Фердынанда Рушчыца і шляхетнасць Язэпа Драздовіча, або Пра складнікі беларускай нацыянальнай традыцыі і яе мастацкае ўвасабленне / Л. Вакар // Мастацтва. – 2000. – № 2. – С. 23–29.
5. Габрусь, Т. Зорны шлях вечнага вандроўніка: да 120-годдзя Язэпа Драздовіча / Т. Габрусь // Роднае слова. – 2008. – № 10. – С. 98–101.
6. Горава, Г. Генезіс снабачанных вобразаў космасу Язэпа Драздовіча : пераклад з рускай мовы / Г. Горава // Роднае слова. – 2016. – № 4. – С. 86–90.
7. Коўрык, А. Праламленне мастацкіх традыцый у маляванках Язэпа Драздовіча / А. Коўрык // Мастацтва. – 2003. – № 3. – С. 19–20.
8. Ліс, А. С. Вечны вандроўнік : нарыс / А. С. Ліс ; [маст. М. М. Купава]. – Мінск : Юнацтва, 1984. – 253 с.
9. Ліс, А. Драздовіч Язэп Нарцызавіч / А. Ліс, А. Майсяёнак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 3 : Гімназіі–Кадэнцыя. – С. 275–277.
10. Малаш, Ю. Язэп Драздовіч – вандроўнік, мастак, гісторык / Ю. Малаш // Беларускі гістарычны часопіс. – 1999. – № 2. – С. 78–82.
11. Скрабатун, У. Самым вядомым «Дармаедам» – усіх часоў – быў Язэп Драздовіч / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2017. – 16 лют. – С. 4.
12. Усава, Н. Матывы і вобразы графікі Язэпа Драздовіча / Н. Усава // Роднае слова. – 1998. – № 10. – С. 160–165.
13. Харэўскі, С. Курганныя кветкі Драздовіча / С. Харэўскі // Мастацтва. – 2015. – № 6 – С. 46–47.
14. Цыбульскі, М. Л. Драздовіч Язэп Нарцызавіч / М. Л. Цыбульскі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1998. – Т. 6 : Дадаізм–Застава. – С. 194–195.
15. Язэп Драздовіч // Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 294–297.
16. Язэп Драздовіч // Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Мяснікоў. – Мінск : Литература и искусство, 2008. – С. 205–207.
17. Язэп Драздовіч : альбом-манаграфія / уклад. М. Купава ; рэд. рада У. Басалыга [і інш.] – Мінск : Беллітфонд, 2002. – 179 с.
18. Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак: успаміны, артыкулы, прысвячэнні, мастацкія творы / уклад. М. Казлоўскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2014. – 543 с.
19. Язэп Драздовіч: «Прыйдзе час…»: да 120-годдзя з дня нараджэння мастака / пад рэд. М. Цыбульскага. – Смаленск : Зубр, 2008. – 230 с.
20. Язэп Драздовіч = Язеп Дроздович = Yazep Drozdovich / [аўт. тэксту Н. М. Усава ; склад. Н. М. Усава, В. А. Архіпава]. – 2-е выд., дап. – Мінск : Беларусь, 2013. – 43 с., [25] л., іл.