Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Юдовін Саламон Барысавіч

Дата нараджэння
15.12.1894
Месца нараджэння
Віцебская вобл., Бешанковічы
Дата смерці
05.12.1954
Род дзейнасці
мастак
1919–1939
Жанр
графіка, кніжная графіка

Саламон Барысавіч Юдовін нарадзіўся ў мястэчку Бешанковічы Віцебскай губерні (цяпер г. п. Бешанковічы Віцебскай вобласці) у сям’і дробнага яўрэйскага гандляра. У 1908–1910 гг. займаўся ў школе-майстэрні Ю. Пэна. Адначасова ён працаваў, як і Марк Шагал, у фотастудыі. У 1910–1913 гг. вучыўся ў школе Таварыства заахвочвання мастакоў у Санкт-Пецярбургу, наведваючы мастацкія класы, і адначасова працаваў у майстэрнях М. Берштэйна і М. Дабужынскага. Пад уплывам М. Дабужынскага выбраў графіку сваёй асноўнай сферай мастацкай дзейнасці. Значны ўплыў на жыццё і творчасць С. Юдовіна аказаў удзел у гісторыка-этнаграфічных экспедыцыях па зборы твораў яўрэйскага народнага мастацтва. У экспедыцыях С. Юдовін займаў некалькі пасад – мастака, фатографа, сакратара. Пазней матэрыялы збору былі апрацаваны. Адным з вынікаў гэтых экспедыцый стала серыя лінагравюр па яўрэйскім народным арнаменце. У 1920 годзе ў Віцебску выйшаў альбом «Яўрэйскі народны арнамент», змест якога суправаджаўся паралельным тэкстам на ідзіш і рускую мову. Яго аўтарамі былі мастакі С. Юдовін і М. Малкін. У 1918–1923 гг. С. Юдовін жыў і працаваў у Віцебску, які ў гэтыя гады стаў буйным мастацкім цэнтрам. У 1922 годзе скончыў Віцебскі мастацка-практычны інстытут. У сваёй творчасці не адыходзіў ад бытавога жанру, яўрэйскай тэматыкі. Выкладаў у Народным мастацкім вучылішчы і Яўрэйскім педагагічным тэхнікуме, прымаў удзел у выстаўках. Сярод іх – выстаўкі яўрэйскіх мастакоў (Масква, 1917; Петраград – Віцебск, 1918); «Усебеларуская мастацкая выстаўка» (Мінск, 1925); «Расійская ксілаграфія за 10 год» (Ленінград, 1927), «Графічнае мастацтва ў СССР за 10 год» (Ленінград, 1927), «Усебеларуская мастацкая выстаўка» (Мінск, 1927), Міжнародная выстаўка ў Мілане (1927), Міжнародная выстаўка кніжнага знака (Лас-Анджалес) (1928) і інш.

У 1923 годзе С. Юдовін пераехаў у Петраград, дзе працаваў у музеі Яўрэйскага гісторыка-этнаграфічнага таварыства на пасадах навуковага сакратара і захавальніка фондаў. У 1928 годзе музей быў расфарміраваны, а яго фонды перададзены ў іншыя музеі і бібліятэкі. З таго часу і да канца жыцця С. Юдовін працаваў як свабодны мастак. Працягваў работу над серыямі гравюр, якія пачаў яшчэ ў Віцебску: цыклы – «Стары Віцебск» (1921–1928); «Былое» (1921–1928 і 1938–1939), рэгулярна наведваў беларускія мястэчкі Бешанковічы і Гарадок, дзе была зроблена яго лепшая гравюра «Пахаванне» (1926), пісаў сцэны з местачковага жыцця – «Газетчык» (1923), «Вуліца ў мястэчку» (1926) і інш. Горад Віцебск з’яўляўся галоўнай тэмай яго твораў. З іншых тэм – быт яўрэйскага пралетарыята, яўрэйская нацыянальная арнаментыка. Гравюры С. Юдовіна сталі з’яўляцца ў перыядычных выданнях па пытаннях мастацтва, у пачатку 1926 года яго работы былі сабраны ў асобным выданні «Віцебск у гравюрах С. Юдовіна»). У гэты перыяд з наступленнем новай эпохі не абыходзіў ён і новыя вобразы, новыя тэмы, падказаныя жыццём: стварыў вялікія цыклы гравюр «Грамадзянская вайна» (1928), «Абарона Петраграда ў дні наступлення Юдзеніча» (1933), серыі «Новабудоўлі Беларусі» (1936), «Віды Ленінграда» (1946), «Ленінград у дні Вялікай Айчыннай вайны» (1942–1947) і інш. З 1931 года С. Юдовін працаваў над афармленнем і ілюстраваннем кніг. Усяго ім праілюстравана звыш 60 кніг вядомых яўрэйскіх і неяўрэйскіх пісьменнікаў. Сярод сямі кніг, так і не выдадзеных, – раман Мендэле Мойхер-Сфорыма «Падарожжа Веніаміна ІІІ» і раман Л. Фейхтвангера «Яўрэй Зюс». Ілюстрацыі да гэтага рамана, створаныя мастаком у 1938–1939 гг., якія хвалебна ўспрыняў сам знакаміты аўтар, спецыялісты лічаць вяршыняй дасягненняў працы С. Юдовіна на гэтым шляху. На сучасным этапе глыбокай зацікаўленасці даследчыкаў і аматараў мастацтва да феномена росквіту Віцебскай мастацкай школы ў 20-я гг. ХХ ст. усё часцей узгадваецца і імя С. Юдовіна, творчасць якога непарыўна звязана з «залатымі» старонкамі сусветнага мастацтва. У Віцебску існуе калекцыя твораў мастака, якая сабрана былой супрацоўніцай Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Я. Кічынай, дзякуючы якой у Віцебскім мастацкім музеі была праведзена персанальная выстаўка да 100-годдзя Саламона Юдовіна (1993). Яго работы побач з творамі Я. Мініна, А. Бразера, Д. Якерсона і іншых мастакоў таго часу экспанаваліся ў Віцебску і на выстаўцы «80 гадоў Віцебскай мастацкай школы» у 1999 годзе падчас правядзення там чарговага «Славянскага базару». Двойчы, у 2002 і 2005 гг., у Віцебску быў перавыдадзены рарытэтны альбом 1920 года «Яўрэйскі народны арнамент». Памёр С. Б. Юдовін 5 снежня 1954 года. Яго імем названа вуліца ў Ленінградзе.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бродский, В. Я. Соломон Борисович Юдовин / В. Я. Бродский, А. М. Земцова. – Ленинград : Художник РСФСР, 1962. – 79 с.

2. Васюченко, Н. Д. Стилистические параллели в белорусской и зарубежной ксилографии XX века / Н. Д. Васюченко // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. – Мінск : Права і эканоміка, 2008. – Вып. 5. – С. 18–25.

3. Овчинникова, А. Повести в гравюрах / А. Овчинникова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2012. – 17 нояб. – С. 8.

4. Соломон Борисович Юдовин, 1892–1954 : каталог выставки / вступ. ст.: Н. Х. Виленской, А. М. Земцовой ; сост.: С. П. Юдовина, Т. С. Цинберг – Ленинград : Искусство, 1956. – 18 с.: ил.

5. Шульман, А. Под небом Витебска / А. Шульман // Мишпоха. – 1995. – №1. – С. 17–28.

6. Эль Лисицкий, С. Юдовин и другие витебские художники // Витебская художественная школа (1897-1923) : зарождение и расцвет в эпоху Ю. Пэна, М. Шагала, К. Малевича / К. Ле Фоль ; пер. с франц. И. Г. Стальной. – Минск : Пропилеи, 2007. – С. 175–176.

 

СПАСЫЛКІ

1. Интернет-музей гравюры.