Жыгур Андрэй Андрэевіч
Жыгур Андрэй Андрэевіч нарадзіўся 28 чэрвеня 1983 года ў Віцебску. Беларускі мастак, мастацтвазнаўца.
У 2005 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава па спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва», у 2006 годзе – магістратуру па спецыяльнасці «Тэорыя і гісторыя мастацтваў», у 2010 годзе – аспірантуру ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
З 2003 года актыўна займаецца навукова-даследчай дзейнасцю па мастацтвазнаўстве і методыцы выкладання выяўленчага мастацтва. З'яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцый. У 2005 годзе атрымаў прэмію па выніках конкурсу навуковых работ маладых вучоных Рэспублікі Беларусь за працу «Tэатральны плакат Беларусі».
З 2011 года – член Беларускага саюза мастакоў і секцыі маладых мастакоў і мастацтвазнаўцаў. З 2006 года А. А. Жыгур працуе мастаком па рэкламе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа.
У якасці мастака-пастаноўшчыка выканаў наступныя працы: сцэнаграфія, касцюмы, відэа да спектакля «Леанардо?» Э. Флізара (пастаноўка А. Марчанкі); сцэнаграфія да спектакля «In-side-Out» (эксперымент па п'есе Э. Уолша «Дублин, который засасывает тебя» ў пастаноўцы Т. Навумавай (Германія); сцэнаграфія, касцюмы, відэа да спектакля «Похороните меня за плинтусом» П. Санаева (пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў В. Анісенкі); сцэнаграфія і касцюмы да спектакля «Гэта ўсё яна» Андрэя Іванова (пастаноўка А. Марчанкі). У 2015 годзе Андрэю Жыгуру была ўручана Ганаровая грамата Беларускага фонду культуры.
Жыве ў Віцебску.
ЛІТАРАТУРА
1. Жигур, А. Искать себя, бороться с собой... / А. Жигур // Витебский проспект. – 2009. – 21 мая. – С. 3.
2. Краснова, Ю. Корень квадратный в действии / Ю. Краснова // Витебский проспект. – 2013. – 31 окт. – С. 19.
СПАСЫЛКІ
Художники Витебщины – Жигур Андрей