Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Аўласенка Генадзь Пятровіч

Дата нараджэння
16.08.1955
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Ушацкі раён, в. Ліпавец
Род дзейнасці
паэт, празаік, драматург

Аўласенка Генадзь Пятровіч – беларускі паэт, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1999 года. Нарадзіўся 16 жніўня 1955 года ў в. Ліпавец Ушацкага раёна. У 1972 годзе скончыў Ушацкую сярэднюю школу, служыў у арміі. Скончыў біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1984). Некаторы час жыў і працаваў у Якуціі і Забайкаллі. 3 1984 года жыве ў г. Чэрвень Мінскай вобласці. Больш за дваццаць гадоў працаваў настаўнікам Вайнілаўскай базавай школы Чэрвеньскага раёна, дзе выкладаў біялогію і хімію. Затым быў рэдактарам аддзела падлеткавай творчасці часопіса «Маладосць». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1999 года. У 2014–2015 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Бярозка».

Яго вершы друкуюцца ў рэспубліканскіх газетах і часопісах, увайшлі ў калектыўныя зборнікі паэзіі «Першая сустрэча» (1989), «Дзень паэзіі» (1989), «Мая Ігуменшчына» (1994, 1996), «Бацькаўшчына» (2000), «Бацька наш Нёман» (2001). У 2003 годзе выйшла кніга «Час збіраць камяні», і ў гэтым жа годзе адбылася яе прэзентацыя на малой Радзіме паэта – ва Ушацкай ЦРБ імя Е. Я. Лось. Ушаччыне паэт прысвяціў вершы:

«Коцяцца хвалі...

Спяшаюцца хвалі...

Нешта таемнае шэпча вада...

Вы тут бывалі?!

Што, не бывалі?

Вельмі шкада,

Але ўсё ж не бяда.

Першым жа летам,

Гэтым жа летам ,

(Чым там у Ялту, ці на Каўказ)

Вы на Ушачы бярыце білеты

І прыязджайце хутчэй...

Бо ў нас

Самыя чыстыя ў свеце крыніцы!

Ну а азёры...

(Лічыць не злічыць),

Ну а чарніцы...

Ну а брусніцы...

Дзе яшчэ зможаце так адпачыць?!»

Генадзь Пятровіч шмат піша для дзяцей, друкуецца ў перыядычных выданнях для дзяцей. Яго творы апублікаваны ў калектыўным зборніку «Я – Чалавек».

Ён з'яўляецца лаўрэатам некалькіх рэспубліканскіх конкурсаў драматычных твораў (1995, 1997), а на конкурсе 2000 года былі адзначаны тры яго п'есы. Вершы і п'есы Генадзя Аўласенкі неаднаразова гучалі на рэспубліканскім радыё.

Прозу пачаў пісаць значна пазней. Спачатку гэта быў цыкл невялікіх беларускамоўных апавяданняў пад агульнай назвай: «На мяжы рэальнага і фантастычнага». Апавяданні гэтыя неаднаразова друкаваліся ў часопісе «Маладосць», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», газетах «Звязда», «Голас Радзімы», «Настаўніцкая газета». Адно з яго апавяданняў у 2007 годзе стала лепшым на конкурсе апавяданняў, які штогод праводзіць газета «Звязда». У 2008 годзе ў выдавецтве «Каўчэг» выйшаў фантастычны раман «Гісторыя замест матэматыкі».

У 2009 годзе ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва» выйшла кніга-казка «Дзіўныя прыгоды маленькага Вецярка з вентылятара», у гэтым жа годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла кнігу-казку «Вася Лайдачкін у Краіне Шкодных Звычак». У 2012 годзе ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва» выйшаў працяг прыгод «Вецярка з вентылятара», а ў 2014 годзе – зборнік рэальна-містычна-фантастычных апавяданняў «Ключ, які нічога не адмыкае», і яшчэ адзін працяг «Вецярка...».

Сярод апошніх выданняў: зборнік гумарыстычных вершыкаў «Верш, дзе ўсё наадварот» (2015), вершаваны зборнік для дзяцей «Зайка польку танцаваў» (2016). У 2015 годзе ў Маскве ў выдавецтве «Экспа» выйшаў ілюстраваны даведнік для дзяцей «Займальная хімія», дзе адным з аўтараў з'яўляецца Генадзь Аўласенка.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Аўласенка Генадзь Пятровіч // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 544.

2. Барысевіч, В. Вершы – святло яго душы / В. Барысевіч // Літаратура і мастацтва. – 2008. – 18 крас. – С. 13.

3. Буторына, І. А. Казкі з Вожыкава кошыка : урок пазакласнага чытання ў 4-м класе паводле твораў Г. Аўласенкі ў рамках акцыі «Чытаем разам» / І. А. Буторына, Д. А. Лешчанок // Пачатковая школа. – 2017. – № 1. – С. 62–64.

4. Гумарыстычныя далягляды. Віцебшчына // Вожык. – 2011. – № 1. – С. 12–21.

5. Іванова, Г. Дзівосы Генадзя Аўласенкі / Г. Іванова // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 4 кастр. – С. 3.

6. Караленка, В. Для душы! Сваёй і чытацкай / В. Караленка, Г. Варатынская // Патрыёт (Ушачы). – 2015. – 15 жн. – С. 5.

7. Мацюхіна, Т. Праявы сімвалісцкага мыслення ў беларускай літаратуры XXI ст.: на прыкладзе творчасці Генадзя Аўласенкі, Юрыя Станкевіча / Т. Мацюхіна // Роднае слова. – 2014. – № 10. – С. 6–8.

8. Трафімчык, А. Казкі дзядулі Аўласенкі: літаратурны партрэт дзіцячага драматурга / А. Трафімчык // Роднае слова. – 2015. – № 8. – С. 20–22.