Айзенштадт Веніямін Міхайлавіч (Блажэнны Веніямін)
АЙЗЕНШТАДТ ВЕНІЯМІН МІХАЙЛАВІЧ (БЛАЖЭННЫ ВЕНІЯМІН) нарадзіўся 15 кастрычніка 1921 года ў г. п. Копысь Аршанскага раёна, беларускі рускамоўны паэт.
Пасля пераезду сям’і вучыўся ў школах Віцебска. У 1941 годзе пасля першага курса Віцебскага настаўніцкага інстытута апынуўся ў эвакуацыі ў Багародску Горкаўскай вобласці, куды з Віцебска была эвакуіравана шчацінна-шчотачная фабрыка, на якой працаваў бацька паэта. В. Айзенштадт быў прызнаны нягодным для вайсковай службы і таму працаваў настаўнікам гісторыі ў няпоўных сярэдніх школах Белгародскага, Кітоўскага і Сямёнаўскага раёнаў.
У 1946 годзе вярнуўся ў Беларусь, жыў у Мінску, працаваў пераплётчыкам, чарцёжнікам, мастаком камбіната бытавых паслуг. Так як сам быў прызнаны інвалідам 2 групы, працаваў фатографам-лабарантам у арцелі інвалідаў імя Кірава. Працаваў карэктарам машынапіснага цэха. У 1975 годзе звольніўся з працы па стане здароўя. З 1981 года – пенсіянер па старасці.
Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца з 1940 года. Першыя вершы датуюцца 1943 годам; першая публікацыя ў 1982 годзе, а першая кніга выйшла ў 1990 годзе. Вершы змяшчалі як мінскія, так і маскоўскія, рыжскія перыядычныя выданні: «Новый мир», «Знамя», «Звезда», «Нёман», «Даугава», «Кризис цивилизации», альманах «Петрополь».
Паэзія Блажэннага ўжо ў пачатку 90-х гадоў прыцягнула да сябе найбольшую ўвагу сваёй рэлігійнай завостранасцю. Яго лірычны суб'ект разлютавана папракае Бога за пакуты слабых і нявінных (не толькі людзей, але і жывёл). Аўтар дзвюх паэтычных кніжак: «Возвращение к душе» (Москва, 1990), «Слух сердца» (Минск, 1990).
Нягледзячы на няўдзел у літаратурным жыцці Беларусі (толькі за некалькі месяцаў да смерці Блажэнны быў запрошаны ў рэдакцыйны савет часопіса «Няміга літаратурная»), Веніямін Блажэнны стаў у 90-я гады цэнтральнай фігурай у рускай паэзіі Беларусі, аказаўшы ўплыў на шэраг аўтараў.
Веніямін Айзенштадт вёў цесную перапіску з Пастэрнакам, Таркоўскім і іншымі вядомымі дзеячамі культуры, якія даволі высока ацэньвалі творчасць паэта.
Некаторыя яго творы выйшлі пасля яго смерці 31 ліпеня 1999 года.
ЛІТАРАТУРА:
1. Артханов, Г. Поэт, беседовавший с Богом: записки о Вениамине Блаженном / Г. Артханов // Новая Немига литературная. – 2012. – № 3. – С. 136–148.
2. Веніямін Айзенштадт (Веніямін Блажэнны), паэт // Літаратура і мастацтва. – 1999. – 6 жн. – С. 15.
3. Гніламёдаў, У. Руская паэзія Беларусі: дзень сённяшні / У. Гніламёдаў // Полымя. – 2012. – № 12. – С. 113–128.
4. Красовская, А. «Мне приснился мальчишеский Витебск» / А. Красовская // Вечерний Витебск. – 2000. – 26 авг. – С. 7.