Акула Кастусь
Акула Кастусь (сапраўднае прозвішча Качан Аляксандр Ігнатавіч). Нарадзіўся 16 лістапада 1925 года ў в. Верацеі Докшыцкага раёна. Беларускі эмігранцкі пісьменнік, журналіст і грамадскі дзеяч, ганаровы сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У чэрвені 1944 г. паступіў у Мінскую школу камандзіраў Беларускай краёвай абароны і з ёю пакінуў Мінск. Са жніўня 1944 г. у французскім Супраціўленні, са снежня – у Брытанскай 8-й арміі ў Італіі (2-і польскі корпус). За ўдзел у баях супраць немцаў узнагароджаны залатой «Зоркай Італіі».
У 1946–1947 гг. жыў у Англіі. У чэрвені 1947 г. пераехаў у Канаду, напачатку жыў у горадзе Ашава. Потым пераехаў у Таронта. Быў адным з заснавальнікаў згуртавання беларусаў у Канадзе, першым ягоным старшынёй, рэдагаваў газету «Беларускі эмігрант» (1948–1954), часопіс «Зважай».
Аўтар некалькіх кніг і аповесцей. У трылогіі «Гараватка» (1965–1981) праз гісторыю беларускай вёскі з сімвалічнай назвай Гараватка імкнуўся паказаць гістарычны лёс Беларусі гераічнай і мужнай краіны, якая здолела вытрымаць выпрабаванні розных акупацый яе чужынцамі. Раманы «Змагарныя дарогі» (1962), «За волю» (1991) пераважна аўтабіяграфічныя, прысвечаныя лёсу беларускай моладзі ў складаных сацыяльных умовах на Беларусі і за яе мяжой, яе шляху да нацыянальнай самасвядомасці. У зборнік «Усякая ўсячына» (Таронта, 1984) увайшла проза, паэзія, драматургія пісьменніка, яго аўтабіяграфічныя абразкі.
Памёр Кастусь Акула 29 студзеня 2008 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Кожан, К. Месяц памяці Кастуся Акулы прайшоў у Канадзе / К. Кожан // Вольнае Глыбокае. – 2015. – 24 снеж. – С. 11.
2. Макарэвіч, С. «Жыў пад трымя акупантамі...» : лісты Кастуся Акулы да Сяргея Макарэвіча // Асоба і час : беларускі біяграфічны альманах / уклад. А. Фядута ; пад навук. рэд. Т. Я. Аўтуховіч і З. В. Шыбекі. – Мінск : Лімарыус – 2013. – Вып. 5. – С. 168–172.
3. Мартыненка, В. Крыніца творчасці – боль / В. Мартыненка // Дзеяслоў. – 2006. – № 3. – С. 291–296.
4. Палачанін, Ф. А. Кастусь Акула // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. – Мінск, 2009. – С. 122–123