Ананьеў Паўлюк
Ананьеў Паўлюк нарадзіўся ў 1905 годзе ў в. Андрасковічы Гарадоцкага павета Віцебскай губерні (зараз Гарадоцкі раён) у сялянскай сям'і.
Скончыў Віцебскія педагагічныя курсы (1928), пасля два гады працаваў настаўнікам. З 1938 года вучыўся на літаратурным факультэце Беларускага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага інстытута (крытычна-творчая секцыя).
Як паэт П. Ананьеў пачаў фарміравацца ў Віцебску. Першыя яго вершы былі апублікаваны ў «Віцебскай сялянскай газеце» ў 1926 годзе. З 1930 года выступаў у рэспубліканскім перыядычным друку. У 1932 годзе выйшлі зборнікі вершаў П. Ананьева «Героіка дзён» і «Рабочы пульс». Першы зборнік, як і больш буйныя яго творы (паэма «Ліпнёвая радасць» і «Паэма пра вынаходніцтва»), былі непрыхільна сустрэты тагачаснай крытыкай. Творы, не адзначаныя высокай паэтычнай культурай і глыбінёй мастацкай думкі, у цэлым былі вытлумачаны з вульгарна-сацыялагізатарскіх пазіцый. Замест таго, каб паказаць маладому паэту слабасць яго твораў у мастацкіх адносінах, добрасумленна сказаць пра прычыны творчых няўдач, дапамагчы раскрыцца паэтычнаму таленту, якім не быў абдзелены П. Ананьеў, крытыка літаральна закляйміла яго творчасць, як халтурную, палітыка-памылковую і ідэалагічна шкодную. Ваяўнічая крытыканская кампанія вакол твораў П. Ананьева адмоўна адбілася на маральным і фізічным стане без таго хворага паэта.
Паэт пакінуў невялікую творчую спадчыну, не пазбаўленую лірызму, у якой, наколькі дазволіў яму талент, выказаў сваё разуменне паслярэвалюцыйнай рэчаіснасці, вясновую радасць пераўтварэння і аднаўлення жыцця.
Памёр Паўлюк Ананьеў у кастрычніку 1932 года на курорце ў Гаграх.
ЛІТАРАТУРА
1. Ананьеў Паўлюк // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 281–282.
2. Багдановіч І. Э. Ананьеў Паўлюк / І. Э. Багдановіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1992. – Т. 1 : Абуховіч–Ватацы. – С. 79–80.
СПАСЫЛКІ
Ананьеў Паўлюк. Нашы землякі. Городокская сеть публичных библиотек