Асіпенка Алесь (Аляксандр) Харытонавіч
Асіпенка Алесь (Аляксандр) Харытонавіч нарадзіўся 7 верасня 1919 года ў в. Пушкары Віцебскага раёна. Беларускі пісьменнік.
У 1935 годзе скончыў сямігодку ў вёсцы Бабінічы Віцебскага раёна, паступіў на падрыхтоўчыя курсы Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Восенню 1937 г. пайшоў вучыцца на рабфак, у 1939 г. паступіў у Віцебскі педагагічны інстытут. У 1940 г. вымушаны быў пакінуць вучобу, да чэрвеня 1941 г. працаваў настаўнікам Рудакоўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.
Напачатку Вялікай Айчыннай вайны жыў у Пушкарах, працаваў на матчынай гаспадарцы, наладзіў сувязь з партызанамі. У чэрвені 1942 года стаў байцом партызанскага атрада, пасля памочнікам камісара па камсамоле аднаго з атрадаў брыгады «Аляксея». Цяжкія ўмовы абвастрылі застарэлую хваробу. У снежні 1942 г. эвакуіраваны ў савецкі тыл. Пасля шпіталя вучыўся ў школе штаба партызанскага руху, на курсах савецкага і партыйнага актыву ў Маскве. У 1943 г. пасланы сакратаром райкама камсамола ў вызвалены Горацкі, потым у Краснапольскі раёны Магілёўскай вобласці. На гэтай пасадзе знаходзіўся да красавіка 1944 г.
З 1944 г. працаваў у друку. У 1944–1953 гг. – карэспандэнт, літаратурны супрацоўнік, загадчык аддзела, намеснік рэдактара, рэдактар газеты «Чырвоная змена». У 1948 г. выбраны другім сакратаром Мінскага гаркама камсамола. Пасля пяці месяцаў працы вярнуўся ў «Чырвоную змену». Завочна вучыўся на гістарычным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1955 г. У 1953–1972 гг. – загадчык аддзела, адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». З 1972 г. галоўны рэдактар сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі, галоўны рэдактар сцэнарнай майстэрні кінастудыі «Беларусьфільм». У 1976–1980 г. галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва».
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, «Знак Пашаны», Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, Ганаровымі граматамі і Граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР.
Першыя творы апублікаваў у 1946 г. Рэгулярна празаічныя творы пачалі выходзіць з 1953 г. Асноўная тэматыка творчасці – вайна, гераізм савецкіх людзей у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, партызанскі рух на Беларусі, аднаўленне разбуранай гаспадаркі ў пасляваенны час (раман «Вогненны азімут», аповесці «Жыта», «Два дні і дзве ночы», апавяданні), сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы сучаснасці, жыццё калгаснай вёскі, горада, выхаванне моладзі (аповесці «Дысертацыя», «Няроўнай дарогай», «Паплавы», «Абжыты кут», раман «Непрыкаяны маладзік», апавяданні).
Па сцэнарыях А. Асіпенкі пастаўлены фільмы: «Пяцёра адважных» (1971), «Надзейны чалавек» (1975), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Кожны трэці» (1980, з Н. Сафаравым), тэлефільм «Ясь і Яніна» (1974, з С. Паляковым), «Канец бабінага лета» (1983), дакументальна-поўнаметражныя фільмы «Добрая зямля» (1977, з Б. Сарахатунавым), «Трывогі першых птушак» (1986).
Памёр 6 жніўня 1994 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Асіпенка Алесь (Аляксандр) Харытонавіч // Памяць: Віцебскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.] ; уклад. У. І. Мезенцаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 699.
2. Галасы сучаснікаў // Пісьменнікі, кнігі, героі / Я. Герцовіч. – Мінск: Беларусь, 1966. – С. 141–169.
3. Не здраджваць сваім прынцыпам : (да творчага партрэта А. Асіпенкі) // Людзі. Літаратура / А. У. Русецкі. – Віцебск: УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», 2008. – С. 4–46.
4. Салтук, А. Няхай каласіцца жыта / А. Салтук // Вiцебскі рабочы. – 2004. – 7 верас. – С. 4.
5. У дачыненні да сучаснасці // Жыць чалавекам / С. Андранюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1983. – С. 32–36.