Багушэвіч Юрый (Георгій) Канстанцінавіч
Багушэвіч Юрый (Георгій) Канстанцінавіч нарадзіўся 5 мая 1917 года ў Оршы ў сям'і чыгуначніка. Пасля грамадзянскай вайны сям'я пераехала ў Крым (Ялта), у 1927 г. вярнулася ў Беларусь (Мінск). Тут упершыню Ю. Багушэвіч пачаў знаёміцца з творамі беларускіх пісьменнікаў: Я. Купалы, Я. Коласа, Я. Маўра. Вучыўся ў сямігодцы, потым на рабфаку. Спрабаваў пісаць вершы. Пасля заканчэння рабфака паступіў у Мінскі палітэхнічны інстытут, але энергетычны факультэт неўзабаве закрыўся, і ў 1935 г. Ю. Багушэвіч перавёўся ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут. На другім курсе вярнуўся ў Мінск і працягваў вучобу ў педінстытуце на факультэце мовы і літаратуры, які скончыў у 1941 г. У тыя ж гады Ю. Багушэвіч пачаў пісаць апавяданні. Адначасова з вучобай працаваў у газеце «Сталинская молодежь».
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў эвакуіраваны ў Чкалаўскую вобласць, дзе працаваў у абласной газеце (Чкалаў), потым інспектарам па школах і ВНУ Чкалаўскага абласнога камітэта партыі, інспектарам па ваенна-фізкультурнай рабоце абласных ваенных рэзерваў. Потым пайшоў на фронт. У складзе 31-й асобнай курсанцкай брыгады ўдзельнічаў у баях пад Вялікімі Лукамі. У 1942 г. у сувязі з раненнем і кантузіяй быў пераведзены спачатку ў брыгадную, а потым у дывізійную газету ваенным карэспандэнтам. Прайшоў з арміяй да Берліна. Далейшы яго лёс таксама звязаны з армейскім друкам. 3 1944 года член КПСС. У 1949 г. Ю. Багушэвіч звольнены ў запас у званні старшага лейтэнанта. Вярнуўшыся ў Мінск, працаваў у рэдакцыях газет «Піянер Беларусі» (1949–1950), «Мінская праўда» (1950–1951), «Фізкультурнік Беларусі» (1951–1955), быў пастаянным карэспандэнтам «Советского спорта» па Беларусі (1955–1957), кансультантам па дзіцячай і юнацкай літаратуры СП БССР (195–1960), галоўным рэдактарам кінастудыі навукова-папулярных і дакументальных фільмаў (1960–1964). 3 1964 на творчай рабоце. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.
Першыя вядомыя публікацыі Ю. Багушэвіча датуюцца 1940 годам. Першая яго аповесць «Пабрацімы» была апублікавана ў альманаху «Советская Отчизна» (1954). У ёй расказваецца пра сяброўства карэйскіх і савецкіх дзяцей. Асноўная тэматыка яго творчасці – праблемы сучаснасці. Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва (аповесці «У гарадку над Нёманам», «Дрэва сяброўства», кніга прозы «Юнацтва прыйшло» і інш.). Прымаў удзел у напісанні гісторыі станкабудаўнічага завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі і Мінскага аўтамабільнага завода. Аўтар сцэнарыяў кароткаметражных кінафільмаў («Вырастай здаровым», «Вытокі ўрадлівасці»). У сааўтарстве з В. Зубам напісаў п'есу «Сябры» (пастаўлена ў 1958 годзе тэатрамі Мінска, Кіева, Адэсы). Пераклаў на рускую мову асобныя творы беларускіх пісьменнікаў, на беларускую – п'есу С. Алёшына «Кожнаму сваё».
Памер 18 сакавіка1983 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Багушэвіч Юрый // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1984. – Т. 1 : Акапэла – Габелен. – С. 260.
2. Багушэвіч Юрый Канстанцінавіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1992. – Т. 1 : Абуховіч–Ватацы. – С. 192.
3. Багушэвіч Юрый Канстанцінавіч // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 419.
4. Варшаўскі, Д. Юрый Багушэвіч / Д. Варшаўскі // Аршанская газета. – 2023. – 7 кастр. – С. 8.
5. Званок з далёкага дзяцінства // Вёрсты пройдзеных дарог / І. А. Яршоў, В. М. Сіднякова. – Магілёў : Магілёўская друкарня, 2003. – С. 98–104.
6. Юрий Богушевич // Русецкий, А. В. В атмосфере художественного поиска и стилевого многообразия : творчество витебских литераторов во второй половине 1960-х – начале 1990-х годов : монография / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. – Витебск : ВГУ имени П. М. Машерова, 2012. – Ч. 1. – С. 34–37.
7. Юрый Багушэвіч // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 38.
8. Яршоў, І. Вялікая Айчынная вайна ў творах літаратараў Оршы і Аршаншчыны / І. Яршоў // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 25 июня. – С. 7.
9. Яршоў, І. Званок з далёкага дзяцінства / І. Яршоў // Аршанская газета. – 2002. – 23 крас. – С. 2.