Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Барадулін Рыгор Іванавіч

Дата нараджэння
24.05.1935
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Ушацкі раён, в. Верасоўка (зараз в. Гарадок)
Дата смерці
02.03.2014
Род дзейнасці
пісьменнік
Гады творчасці
1953–2014
Жанр
паэт, эсэіст, перакладчык
Узнагароды і прэміі
Народны паэт Беларусі (1992)
Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы (1976)
прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1976)
ордэн Дружбы народаў
ордэн «Знак Пашаны»
ордэн Трох Зорак
медаль Францыска Скарыны
Ганаровы доктар БДУ
Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна

Барадулін Рыгор Іванавіч нарадзіўся 24 лютага 1935 года ў в. Верасоўка (зараз в. Гарадок Ушацкага раёна).Народны паэт Беларусі, перакладчык.

Радаслоўная паэта па бацькоўскай лініі даецца ў вершы «Вечалле», па мацярынскай – у «Паэме жытняй скібе» («Мой дзед, рыжанін Галвіньш, механік па млынах, на грошы быў не галы і выпіць – не манах»). Бабуля (па мацярынскай лініі), Малання Несцераўна, ведала многа казак, песень, «прыбабунек». Яна і маці, Акуліна Андрэеўна, якую паэт называў «стыхійна вялікім філолагам», з маленства ўдыхнулі ў чуйнае сэрца хлапчука тонкае адчуванне роднага слова, раскрылі перад ім багацце народнапесенных скарбаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны бацька быў партызанам у брыгадзе Мельнікава. Загінуў у блакаду (1944). Бацькава хата згарэла. Пра перажытыя жахі блакаднага і пасляваеннага дзяцінства праўдзіва расказана ў шматлікіх творах.

Вучыўся Р. Барадулін ва Ушацкай сярэдняй школе. На ўсё жыццё засталася ў яго ўдзячная памяць пра нетрафарэтныя ўрокі настаўнікаў Ф. Багдановіча, М. Цуран, К. Баразны. Пазней прыйшлі настаўнікі літаратурныя. Перш за ўсё П. Броўка, П. Панчанка, А. Вялюгін, Р. Бярозкін. Пасля заканчэння школы (1954) паступіў на філалагічны факультэт БДУ. На адным курсе з ім вучыліся будучыя пісьменнікі М. Стральцоў, Г. Бураўкін, В. Зуёнак, Ю. Свірка, С. Блатун, М. Гіль. Сябравалі, сустракаліся на пасяджэннях літаб'яднання пры газеце «Чырвоная змена». Нярэдка збіраліся ў інтэрнацкім пакоі на Бабруйскай вуліцы, дзе жыў Р. Барадулін, каб паслухаць яго новыя вершы.

Першыя вершы былі надрукаваны ў 1953 годзе ў шматтыражнай газеце БДУ «За сталінскія кадры» і ў газеце «Чырвоная змена» (пад псеўданімам А. Чабор). Надалей Р. Барадулін пісаў таксама пад псеўданімамі Авось Савось, Алесь Каліна, І. Сібарсач (з Б. Сачанкам, Я. Сіпаковым), Р. Сібарсач (з Б. Сачанкам, Я. Сіпаковым).

Пасля заканчэння ўніверсітэта (1959) Р. Барадулін жыве і працуе ў Мінску ў рэдакцыях газеты «Советская Белоруссия», часопісаў «Бярозка», «Беларусь», «Полымя». 3 1969 года – рэдактар выдавецтва «Беларусь», з 1972 года – старшы рэдактар, а, пачынаючы з 1972 года, больш дваццаці гадоў аддаў працы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

У розныя гады Р. Барадулін абіраўся членам прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, старшынёй секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў БССР, намеснікам старшыні праўлення Беларускага аддзялення Таварыства савецка-кубінскай дружбы, быў галоўным рэдактарам штогодніка «Братэрства», членам рэдкалегій часопісаў «Полымя», «Бярозка». Першы прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра (1989).

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1958 года. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1976, за зборнік вершаў «Рум» і кнігу перакладаў выбранай лірыкі Ф. Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады»), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976, за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці»). Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета УССР. Стаў апошнім беларусам, якому надалі званне «Народны паэт Беларусі» (1992). Сярод іншых узнагарод: прэмія імя Я. Купалы (1976), ордэн Дружбы Народаў, ордэн «Знак Пашаны», латвійскі ордэн Трох Зорак (1997) і медаль Ф. Скарыны. Рыгор Барадулін – Ганаровы доктар БДУ і Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.

У аўтабіяграфічных нататках «Дзякуй роднаму слову!» Рыгор Барадулін запісаў як асноўны пункт праграмы, як прысягу: «Нельга тымі словамі, якія пачуў ты ўпершыню ад маці, хлусіць Айчыне, Народу».

Першы яго зборнік «Маладзік над стэпам» (1959) стаў прыкметнай з'явай у тагачаснай паэзіі, пра Барадуліна загаварылі як пра цікавага і арыгінальнага творцу. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай», што склала асноўны змест першай кнігі паэта «Маладзік над стэпам», была адзначана сярэбраным медалём VI Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў (1957).

А далей былі сустрэчы з кнігамі Р. Барадуліна: «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961), «Нагбом» (1963), «Неруш» (1966), «Адам і Ева» (1968), «Лінія перамены дат» (1969), якія завяршылі першы, надзвычай плённы этап яго жыцця ў паэзіі.

У зборніках лірыкі «Вяртанне ў першы снег» (1972), «Рум» (1974), «Абсяг» (1978), «Белая яблыня грому» (1979), «Вечалле» (1980) непаўторная барадулінская метафарычнасць знаходзіць сваё новае яскравае ўвасабленне. У шматлікіх паэтычных зборніках Р. Барадуліна таленавіта выяўлены асноўны змест эпохі: вайна, убачаная дзіцячымі вачыма, дарослы клопат пасляваеннага дачаснага ўзмужнення падлеткаў, трывога за сённяшні і заўтрашні дзень планеты.

Зборнік «Амплітуда смеласці» (1983) насычаны прысвячэннямі, вершамі з замежных вандровак, класічнай строфікай. У асобных вершах, якія ўвайшлі ў розныя зборнікі, («Вечназялёныя сосны Прыбалтыкі», «Леснічоўка Вэлдзіс», «Рыжскія рукавічкі», «У Курапатах» і інш.) і нізках («Еўразія», «Пад небам юрты») чытачу адкрываюцца прасторы ад Палярнага круга да краявідаў Паміра і Цянь-Шаня, ад Прыбалтыкі да Уладзівастока. 3 замежнымі краінамі паэт знаёміць чытачоў у нізках вершаў «3 грэкаў у варагі» (падарожжа па краінах Скандынавіі), «Vіа Lactea» (уражанні ад паездкі на Кубу), «Восень на Віташы» (сустрэча з Балгарыяй), «Тапалёвая готыка» (уражанні ад паездкі ў Чэхаславакію), «Цень Катула» (уражанні ад Італіі).

У 1988 годзе выйшла кніга-фотаальбом «Вяртанне» пра родную Р. Барадуліну Ушаччыну з вершамі і тэкстам паэта.

Творчая «лінія перамены дат» паэта сутыкнулася з трагедыяй Чарнобыля, а затым з этапам галоснасці. У новы этап Р. Барадулін увайшоў з кнігамі «Маўчанне перуна» (1986), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992), «Евангелле ад мамы» (1995), «Босая зорка» (2001).

Адмысловай з'явай стаў выхад у свет кнігі «Лісты ў Хельсінкі» (2000), якую склалі паэтычныя пасланні Рыгора Барадуліна ў замежжа да сябра і земляка Васіля Быкава. Унікальным выданнем з'яўляецца супольная кніга «Калі рукаюцца душы...» (2003), на старонках якой сустрэліся паэзія Р. Барадуліна і проза В. Быкава. Працягвае тэму сяброўства кніга «Дажыць да зялёнай травы» (2008). Кнігу пад такой назвай В. Быкаў і Р. Барадулін пісалі 43 гады. Складаецца яна з сяброўскага ліставання двух выдатных творцаў, якое пачалося ў 1960 годзе і закончылася ў 2003 годзе.

Дасціпнасць, гумар, добрая ўсмешка нязменна прысутнічаюць у кнігах, адрасаваных маленькім чытачам: «Ай! Не буду! Не хачу!», «Раскідач», «Азбука – не забаўка», «Азбука – вясёлы вулей», «Ці пазяхае бегемот?», «Кобра ў торбе», «Ішоў коця па канапе», «Як воўк калядаваў», «Сябрына» і інш.

Рыгор Барадулін напісаў нямала кніг гумару і сатыры, жартаў, шаржаў і эпіграм: «Дойны конь», «Станцыя кальцавання», «Прынамсі», «Мех шэрых, мех белых», «Журавінка», «Суровая вымова», «Абразы без абразы», «Бервенізацыя», «Здубавецьця», «Мудрэц са ступаю», «Няўрокам кажучы», «Асобы рознай пробы», «Дуліна ад Барадуліна» (2004). Ён – аўтар дасціпных паэм «Смаргонская акадэмія», «Аблачынка-самабранка», «Пір багоў», дзе беларус паўстае неўміручым аптымістам, насмешнікам, аўтарам саромных прыпевак.

Складальнік фальклорнага зборніка «Песні матчыны з Вушаччыны» (2001).

Шмат зрабіў паэт і на ніве мастацкага перакладу. Дзякуючы намаганням Р. Барадуліна, у перакладзе на беларускую мову з'явіліся кнігі Амара Хаяма, Яна Райніса, В. Шэкспіра, Дж. Байрана, Б. Брэхта, А. Міцкевіча, В. Каратынскага, У. Бранеўскага, С. Нерыс, «Слова аб палку Ігаравым», зборнікі твораў А. Вазнясенскага і I. Драча, падборкі вершаў О. Вацыеціса, вершы рускіх паэтаў, сучасных паэтаў Украіны, Латвіі, Малдавіі, Грузіі, Узбекістана, Польшчы, Венгрыі, Балгарыі... Асобныя творы многіх паэтаў свету ўвайшлі ў кнігі перакладчыка «Кахаць – гэта значыць...» (1986), «Беларусь мяне збеларушвае» (1993), «Гуканне паэзіі Усходу. Пазыкі» (2007).

Да 25-годдзя пантыфікату Папы Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Папы Рымскага Яна Паўла II «Рымскі трыпціх» і меў магчымасць пабачыцца з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 года.

У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі «Ксты». Паэт у сваіх вершах звяртаецца да Госпада і да кожнага чалавека. Гэта кніга з'яўляецца сапраўдным узорам духоўнай паэзіі і за яе Рыгор Барадулін быў намінантам на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Зборнік «Руны Перуновы» (2006), у які ўвайшла выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі паэта.

У перыяд з 2015 па 2019 гг. у выдавецтве «Кнігазбор» выйшлі 6 выпускаў барадулінскіх «Дзённікаў і запісаў». У 2017 годзе ў серыі «Паэты планеты» пабачыла свет кніга Р. Барадуліна «Перавыбранае».

Песні на словы Р. Барадуліна напісалі I. Барсукоў, Г. Вагнер, 3. Галубіцкая, Я. Глебаў, У. Журовіч, М. Наско, Д. Смольскі і інш.

У 2000 годзе пабачыў свет цікавы праект: паэтычны зборнік «Зорка спагады і кампакт-касета» (рамансы Рыгора Барадуліна ў выкананні Алеся Камоцкага), а крыху раней таксама ў выкананні А. Камоцкага выйшла касета «Псалмы» на словы Р. Барадуліна.

Рыгор Барадулін памёр 2 сакавіка 2014 года.

24 снежня 2017 года ў Мінску ўрачыста адкрылі памятную дошку (скульптар – Ігар Засімовіч) на доме, дзе жыў паэт. У 2019 годзе прайшло адкрыццё памятнай дошкі ў гонар знакамітых землякоў-выпускнікоў на будынку Ушацкай школы.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Аратай, які пасвіў аблокі // Витебские вести. – 2014. – 4 марта. – С. 7.

2. Астраух, А. Э. Рыгор Барадулін і сучасная беларуская лірыка : вучэбна-метадычны дапаможнік / А. Э. Астраух. – Гродна, 2001. – 121 с.

3. Багдановіч, Н. Ад вершаў Рыгора, да вяршынь «Казбека» / Н. Багдановіч // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 16 верас. – С. 2.

4. Багдановіч, Н. На сядзібе ў дзядзькі Рыгора / Н. Багдановіч // Патрыёт (Ушачы). – 2019. – 18 верас. – С. 6.

5. Барадулін, Р. Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін: «Я да гэтага часу сябе вінавачу, што мала маме пісаў...» / Р. Барадулін // Звязда. – 2009. – 9 ліп. – С. 1–2.

6. Барадулін Рыгор Іванавіч // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 545.

7. Барадуліна, В. Пяцьдзесят тры гады разам / В. Барадуліна // Дзеяслоў. – 2015. – № 1. – С. 211–228.

8. Бураўкін, Г. У адным часе з Геніем / Г. Бураўкін // Дзеяслоў. – 2015. – № 1. – С. 228–229.

9. Бывайце, Паэт! // Рэспубліка. – 2014. – 4 сак. – С. 10.

10. Быкава, В. Братка Рыгорка / В. Быкава // Дзеяслоў. – 2015. – № 1. – С. 229–230.

11. Варатынская, Г. «Лепшага смаку няма, чым жыць...»: да 80-годдзя з дня нараджэння Рыгора Барадуліна / Г. Варатынская // Патрыёт (Ушачы). – 2015. – 21 лют. – С. 5.

12. Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна / [уклад. Н. Давыдзенка ; прадм. У. Някляева]. – Минск : Кнігазбор, 2013. – 386 с. – (Кнігарня пісьменніка ; вып. 47).

13. Гальпяровіч, Н. Яго радкі ў кнізе і ў маім жыцці / Н. Гальпяровіч // Звязда. – 2014. – 3 крас. – С. 9.

14. Гарэлік, Л. М. Зямля бацькоў дала мне права: станаўленне творчай індывідуальнасці Рыгора Барадуліна / Л. М. Гарэлік. – Мінск : Навука і тэхніка, 1983. – 126 с.

15. Давыдзенка, Н. Зберагаючы літаратурную спадчыну народнага паэта / Н. Давыдзенка ; гутарыла Э. Дзвінская // Наша слова. – 2017. – 15 лют. – С. 7.

16. Дуброўскі, А. У. Паэтыка Рыгора Барадуліна: рытмічная арганізацыя верша / А. У. Дуброўскі. – Мінск : Рэйплац, 2006. – 128 с.

17. Иванова, Л. Звезды продолжают светить / Л. Иванова // Советская Белоруссия. – 2014. – 5 марта. – С. 14.

18. Камаркова, В. У гонар знакамітых выпускнікоў / В. Камаркова // Патрыёт (Ушачы). – 2019. – 26 верас. – С. 1, 4.

19. Карлюкевіч, А. Рыгор Барадулін: «Таямнічасць, загадкавасць, нераскрытасць – адчуванне Кітая...» / А. Карлюкевіч // Маладосць. – 2019. – № 1. – С. 103–108.

20. Купрэвіч, Н. Скарбонка творчай спадчыны – дзённікі / Н. Купрэвіч // Краязнаўчая газета. – 2019. – № 11 (сак.). – С. 5.

21. Ладутько, К. Будто маленький принц на планете Земля / К. Ладутько // Звязда. – 2016. – 13 верас. – С. 8. – (Прил.: Союз Евразия).

22. Ладутько, К. «Утром встречал Вознесенского...»: Россия и литература в дневниках белорусского поэта Рыгора Бородулина / К. Ладутько // Звязда. – 2018. – 6 февр. – С. 12.

23. Лайкоў, У. У неба пехатою...: сёння Рыгору Барадуліну споўнілася б 80 гадоў / У. Лайкоў // Звязда. – 2015. – 24 лют. – С. 7.

24. Лаўрык, Т. «Маланкай кшчоны паганец» / Т. Лаўрык // Роднае слова. – 2005. – № 2. – С. 77–83.

25. Лісічонак, М. Вершы Рыгора заўсёды са мной / М. Лісічонак // Патрыёт (Ушачы). – 2016. – 24 лют. – С. 3.

26. Магія радка // Краса і смутак : дапаможнік для настаўнікаў / А. Бельскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2000. – С. 128–131.

27. Мельнікаў, А. Рыгор Барадулін: паэт беларускай правінцыі / А. Мельнікаў. – Мінск : Харвест, 2018. – 63 с. – (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры).

28. Мотрэнка, Т. А. Жанравая адметнасць «ясачак» і «ахвярынак» Рыгора Барадуліна / Т. А. Мотрэнка // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Серыя 1, Педагогіка. Псіхалогія. Філалогія. – 2019. – № 1. – С. 124–128.

29. Пайшоў з жыцця дзядзька Рыгор [Барадулін] // Звязда. – 2014. – 4 сак. – С. 2.

30. Панізнік, С. Выхад да мора Рыгора Барадуліна / С. Панізнік // Літаратура і мастацтва. – 2015. – 27 лют. – С. 8.

31. Панізнік, С. «Каб не быў я атулены крылом Барадуліна...» / С. Панізнік // Культура. – 2015. – 21 лют. – С. 15.

32. Рублеўскі, С. Нязводная маладосць дзядзькі Рыгора / С. Рублеўскі // Народнае слова. – 2005. – 24 лют. – С. 8.

33. Рыгор Барадулін // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. Э. Гардзіцкі ; рэд. А. Л. Верабей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 42–43.

34. Рыгор Барадулін // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / рэдкал. У. В. Гніламёдаў [і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2002. – Т. 4. Кн. 1 : 1966–1985. – С. 594–619.

35. Салтук, А. У слове, як у роднай хаце / А. Салтук // Віцебскі рабочы. – 2005. – 24 лют. – С. 5.

36. Сітніца, Р. Побач з Геніем / Р. Сітніца // Дзеяслоў. – 2015. – № 1. – С. 235–237.

37. Ушел народный поэт / подгот. В. Гнилозуб // Сельская газета. – 2014. – 4 марта. – С. 7.

38. Цімошык, Л. БарадулінLІVES / Л. Цімошык // Звязда. – 2015. – 28 лют. – С. 6.

39. Цялятка, А. Сын ушацкай зямлі / А. Цялятка // Витебские вести. – 2015. – 26 февр. – С. 9.

40. Чараўнік паэтычнай стыхіі // Бібліятэка прапануе. – 2006. – № 2. – С. 22–23.

41. Шпакоўская, Г. «Валун сівы і крыж на валуне» / Г. Шпакоўская // Витебские вести. – 2015. – 19 нояб. – С. 23.

42. Шпакоўская, Г. Чараўнік роднага слова / Г. Шпакоўская // Витебские вести. – 2015. – 26 февр. – С. 9.

43. Шычко, С. Паэт беларускай правінцыі / С. Шычко // Звязда. – 2018. – 13 сак. – С. 3.