Барсток Марыя Мікітаўна
Барсток Марыя Мікітаўна нарадзілася 15 красавіка 1916 года ў вёсцы Наркавічы ў сялянскай сям'і.
У 1935 годзе скончыла Полацкі педагагічны тэхнікум. Два гады настаўнічала ў мястэчку Ветрына на Віцебшчыне.
Вучылася завочна ў Магілёўскім педагагічным інстытуце, з 1937 года – студэнтка Мінскага педагагічнага інстытута імя Горкага.
Пасля вызвалення Заходняй Беларусі была накіравана працаваць загадчыкам аддзела культуры брэсцкай абласной газеты «Заря». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны выехала ў Горкаўскую вобласць.
У 1945 годзе скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым аспірантуру пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1959–1979 гг. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Член СП СССР з 1951 года.
У друку пачала працаваць з 1934 года. Напісала кнігі «Вобраз станоўчага героя ў творчасці Якуба Коласа» (1951), «Пятро Глебка» (1952), «Вывучэнне творчасці Кузьмы Чорнага ў школе» (1959; другое, дапоўненае выданне ў 1973), «Максім Багдановіч» (1961; другое, дапоўненае выданне ў 1974), «Адзінства і разнастайнасць сучаснай беларускай паэзіі» (1973), «Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна» (1984).
Выдала брашуры «Пятрусь Броўка» (1955), «Віднейшы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр» (1958), «Максім Танк» (1962), «Вялікі Кастрычнік і беларуская літаратура» (1977) і інш.
Адна з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1966), «Истории многонациональной советской литературы» (1977), «Истории белорусской советской литературы» (1977), дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура» (1966). Выступала ў перыядычным друку з вершамі.
Памерла Марыя Мікітаўна ў чэрвені 1994 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Агняцвет, Э. Яна сеяла зярняты дабрыні / Э. Агняцвет // Літаратура і мастацтва. – 1996. – 12 крас. – С. 4, 12.
2. Арабей, Л. Л. Барсток Марыя Мікітаўна / Л. Л. Арабей // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1987. – Т. 1 : А Капэла–Габелен. – С. 299.
3. Барсток Мария Никитична // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 35.
4. Барсток Марына (Марыя Мікітаўна) // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 2 : Аршыца–Беларусцы. – С. 318.
5. Гарэлік, Л. М. Барсток Марына / Л. М. Гарэлік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1992. – Т. 1 : Абуховіч–Ватацы. – С. 243–246.
6. Крук, В. Успомнім разам / В. Крук // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2001. – 24 крас. – С. 3.
7. Марына Барсток // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 47–48.