Батрак Іван
Батрак Іван (сапраўднае прозвішча Казлоўскі Іван Андрэевіч) – удзельнік рэвалюцыйнага руху, рускі паэт, публіцыст, перакладчык.
Нарадзіўся 29 лютага 1892 года ў в. Малое Гальцэва Талачынскага раёна.
Вучыўся ў Коханаўскім сельскім і Аршанскім гарадскім (з 1908 года) вучылішчах.
Восенню 1911 года прыехаў у Пецярбург. Працаваў чорнарабочым у чыгуначнай майстэрні.
Друкавацца пачаў у 1913 годзе ў газеце «Праўда».
У гады Першай сусветнай вайны з'яўляўся членам Петраградскага камітэта РСДРП, сакратаром першага гаркама партыі. Арганізаваў у Петраградзе падпольную бальшавіцкую друкарню, удзельнічаў у выданні нелегальных часопіса «Працоўны голас» і газеты «Пралетарскі голас».
23 красавіка 1915 года арыштаваны за ўдзел у рэвалюцыйным руху і асуджаны на 8 гадоў катаргі.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі з'яўляўся ўдзельнікам VII (Красавіцкай) Усерасійскай канферэнцыі РСДРП(б), дэпутатам Петраградскага Савета.
Са снежня 1917 года – сакратар Аршанскага павятовага камітэта РКП(б).
З 1918 года – рэдактар газеты «Набат». З 1920 года – інструктар Паўднёва-ўсходняга бюро ЦК РКП(б). З 1921 года – у Маскве, працаваў у газетах «Бяднота», «Праўда», часопісе «Камбайн». У 1924 годзе скончыў факультэт грамадскіх навук Маскоўскага ўніверсітэта.
Адзін з кіраўнікоў Усесаюзнага таварыства сялянскіх пісьменнікаў.
Быў членам рэдкалегіі часопіса «Зямля Савецкая» і Цэнтральнага савета літаратурнага аб'яднання пісьменнікаў Чырвонай Арміі і флоту.
Аўтар зборнікаў баек і вершаў: «Абручы і клёпкі» (1926), «Саха і трактар» (1928), «Павукі і мухі» (1931), «Байкі» (1928, 1931).
На рускую мову перакладаў творы Я. Коласа і К. Крапівы. А яго творы на беларускую мову перакладалі Э. Валасевіч, У. Паўлаў.
У 1938 годзе рэпрэсаваны, у 1970 годзе – рэабілітаваны.
Памёр 21 красавіка 1938 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Батрак (Казлоўскі) Іван Андрэевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 2 : Аршыца–Беларусцы. – С. 350.
2. Батрак (Козловский) Иван Андреевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 36.
3. Бянько, У. У. Радзіма Батрака Івана Андрэевіча (Малое Гальцэва) / У. У. Бянько // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 416.
4. Каралёў, Г. Імя земляка / Г. Каралёў // Віцебскі рабочы. – 1967. – 22 крас. – С. 1.
5. Карніловіч, Э. Пісаў у Шлісельбургскай крэпасці / Э. Карніловіч // Наша Талачыншчына. – 2013. – 7 жн. – С. 3.
6. Паэт рэвалюцыі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1988. – С. 80–83.
7. Революционер, журналист, поэт // Моя Толочинщина: страницы истории / А. Шнейдер. – 2-е изд, с изм. – Минск : Бизнесофсет, 2006. – С. 139.
8. Юркевіч, Г. А. «Пусть блещет песнь твоя алмазом...» / Г. А. Юркевіч // Телеком-экспресс (Орша). – 2007. – 26 сент. – С. 7.
СПАСЫЛКІ
Погибшие поэты – жертвы коммунистических репрессий. Иван Батрак