Беляжэнка Барыс Паўлавіч
Барыс Паўлавіч Беляжэнка нарадзіўся 5 чэрвеня 1937 года ў вёсцы Бачэйкава Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і служачага.
Пасля заканчэння Бешанковіцкай СШ № 1 працаваў старшым піянерважатым Навікоўскай сярэдняй школы, інструктарам Бешанковіцкага Дома піянераў і школьнікаў (1955–1957). Служыў на Балтыйскім ваенна-марскім флоце (1957–1958). Пасля настаўнічаў у Чаўнышкаўскай НСШ, быў дырэктарам Бешанковіцкага раённага Дома піянераў і школьнікаў, супрацоўнікам раённай газеты «Зара», сакратаром партарганізацыі, намеснікам старшыні калгаса «Герой Працы», інструктарам Бешанковіцкага райкама партыі, дырэктарам Пуськаўскай васьмігодкі (Чашніцкі раён).
У 1965 годзе скончыў філалагічны факультэт Белдзяжуніверсітэта. Загадваў Чашніцкім райана (1965–1967), працаваў намеснікам старшыні Чашніцкага райвыканкама (1967–1968). Скончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу (1968–1970). З 1970 года – інструктар, лектар, загадчык сектара друку, тэлебачання і радыё Віцебскага АК КПБ.
З 1980 года – персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння.
У 1980–1986 гг. – загадчык аддзела пісьмаў абласной газеты «Віцебскі рабочы». У 1998–2000 гг. – тэхсакратар абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, рэдактар навуковага часопіса ВДУ.
Друкуецца з 1958 года. Аўтар зборнікаў вершаў «Крыгалом» (1973), «Жытнёвае поле» (1977), паэма «Свята пумы» («Маладосць», 1977), аповесці «Каляровыя фотакарткі» («Віцебскі рабочы», 1988) даследаванняў аб жыцці і творчасці вялікага асветніка В. Цяпінскага («Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Віцебскі рабочы» (1989–1990 гг.). Барыс Беляжэнка добра вядомы шырокаму колу чытачоў, дзякуючы кнігам «Крык у ціхай затоцы» (1997), кнігі «Пушкин – древо рода – Белая Русь» (2001), «Званочак і цюльпан» (2004), «Россыпь изречений и афоризмов» (2006), «Тайна иволги» (2007), «Сны и дороги» (2008), «Успаміны пра майго асла» (2008), «Волшебная мельница» (2008), «Круги земные» (2009), «Дарога Бачэйкава – Бешанковічы» (2014).
Напісаў песні на ўласныя мелодыі і сумесна з прафесійнымі кампазітарамі. Узнагароджаны медалём «За доблесную працу», медалём «Ветэран працы», нагрудным знакам «50 год ВЛКСМ», граматай Прэзідыума рэспубліканскага таварыства «Веды», граматай Саюза пісьменнікаў БССР, Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама (1997, 2007). Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі імя У. Караткевіча (2008).
Памёр 12 ліпеня 2016 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Бележенко, Б. П. Однажды и навсегда / Б. П. Бележенко ; беседовала И. Азевич // Віцьбічы = Витьбичи. – 2012. – 7 июня. – С. IV.
2. Бескорыстно служил литературе / подгот. Н. Конохова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2016. – 23 июля. – С. 10.
3. Барыс Беляжэнка // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі ; нав. рэд. А. Л. Верабей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 54.
4. Беляжэнка Барыс // Пісьменнікі Віцебшчыны : даведнік / рэд. Ф. Сіўко. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2001. – С. 21–23.
5. Беляжэнка Барыс Паўлавіч // Дзвіна: Віцебшчына літаратурная, 2009 год : альманах / рэд.-укл. Т. І. Краснова-Гусачэнка [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2009. – С. 6–13.
6. Матеюн, А. Слово и дело Бориса Бележенко / А. Матеюн // Народнае слова. – 2012. –16 чэрв. – С. 7.
7. Русілка, В. Барыс Беляжэнка / В. Русілка // Літаратурныя постаці Віцебшчыны: гісторыя і сучаснасць : зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: В. І. Русілка [і інш.]. – Віцебск : ВДУ, 2008. – С. 106–112.
8. Смольская, В. У. Беляжэнка (Беліжэнка) Барыс / В. У. Смольская // Беларускія пісьменнікі : біябіліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1992. – Т. 1 : Абуховіч–Ватацы. – С. 274–275.
9. Шчука, Л. Літаратурная краіна Беляжэнкі / Л. Шчука // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 26 кастр. – С. 24.