Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Броўка Пятрусь (Пётр Усцінавіч)

Дата нараджэння
12(25).06.1905
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Ушацкі раён, в. Пуцілкавічы (былы Барысаўскі павет Мінскай губерні)
Дата смерці
24.03.1980
Род дзейнасці
паэт, празаік, перакладчык, грамадскі дзеяч
Гады творчасці
1926–1980
Узнагароды і прэміі
Народны паэт БССР (1962)
Акадэмік АН БССР (1966)
Герой Сацыялістычнай Працы (1972)
Заслужаны дзеяч навукі БССР (1975)
ордэн Леніна – 4 разы
ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі
ордэн Чырвонай Зоркі
ордэн Дружбы Народаў
ордэн «Знак Пашаны»
Сталінская прэмія II ступені (1947)
Сталінская прэмія III ступені (1950)
Літаратурная прэмія імя Я. Коласа (1959)
Ленінская прэмія за кнігу вершаў (1962)
Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы (1969)
Дзяржаўная прэмія БССР (1976)
Ганаровы грамадзянін Мінска (1980)

Броўка Пётр Усцінавіч нарадзіўся 12 (25) чэрвеня 1905 года ў в. Пуцілкавічы Барысаўскага павет Мінскай губерні (зараз Ушацкі раён). Паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям'і (дзевяць дзяцей, зямлі – дзве з паловай дзесяціны). Бацька, Усцін Адамавіч, мог майстраваць куфры, шафы, прырабляў гэтым на пражытак сям'і. Маці, Алена Сцяпанаўна, была цалкам занята працай каля хаты, клопатамі пра дзяцей (у час нямецкай акупацыі вывезена ў Асвенцым, дзе і загінула). Жылі бедна, і таму, каб хоць нечым быць карысным і для старэйшых, дзеці з малых гадоў браліся за работу. Пятрусь спачатку пасвіў гусей, пасля авечак, пазней кароў, вадзіў коней на начлег. Дапытлівы, уражлівы, чулы хлопец пакрысе пазнаваў жыццё, прыроду, назаўсёды запомніў сцежкі-дарожкі на родных палях і лугах. Дзевяцігадовы, літаральна па складах, па просьбе сялянак, мужы якіх былі на фронце, пісаў салдатам пісьмы. Вучыўся П. Броўка спачатку ў школе па хатах. У Лепелі скончыў царкоўна-прыходскую школу і вышэйшае пачатковае вучылішча. Яшчэ ў дарэвалюцыйны час пазнаёміўся з вершамі Я. Купалы, апавяданнямі Я. Коласа, палюбіў паэзію М. Някрасава, хоць свет мастацтва быў для яго, паводле ўласнага прызнання, вельмі далёкі. «Нічога з гэтага свету я не мог уцяміць тады. Але вершы запамінаў і любіў». Пазней успамінаў, што калі чытаў іх у «Родных семенах» (буквары), то яму здавалася, што пішуць іх нейкія незвычайныя, надзеленыя боскім дарам людзі, якія жывуць у іншым, непадобным да нашага, свеце.

Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю сустрэў дванаццацігадовым хлапчуком, а ў 1918 годзе, трынаццацігадовым, ужо пачаў працаваць у савецкіх грамадскіх установах – спачатку перапісчыкам у Велікадолецкім валасным ваенным камісарыяце, праз нейкі час справаводам у валвыканкаме, потым рахункаводам у саўгасе. Ахвотна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці вясковай моладзі, стаў сельскім карэспандэнтам. У 1919 годзе перажыў акупацыю буржуазнай Польшчы. У 1923 годзе быў выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі ў роднай вёсцы, у 1924 годзе – старшынёй Маладолецкага сельсавета. Разам з камсамольцамі воласці змагаўся з самагоншчыкамі, займаўся культасветнай працай, быў у гушчы жыцця вёскі.

У выканкам прыходзіла шмат газет і рознай літаратуры. Чытаў з захапленнем. Пачаў дасылаць допісы ў газеты. Пісаў у барысаўскую павятовую газету «Бядняк», у газеты «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», «Звязда». У 1923 годзе быў выкліканы на 1-ы з'езд сельскіх карэспандэнтаў Беларусі, але не паехаў, бо не было сродкаў на дарогу. У 1925 годзе быў накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ. У 1927–1928 гг. працаваў адказным сакратаром акруговай газеты «Чырвоная Полаччына». У Полацку наведваў вячэрнюю школу для дарослых. У 1928 годзе паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ (скончыў у 1931 годзе).

Шмат даў П. Броўку «Маладняк». Ён захапляўся творамі А. Пушкіна, М. Някрасава, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі. Сваёй надзённасцю прыцягвала яго і паэзія Дз. Беднага. Папераменна захапляўся то С. Ясеніным, то У. Маякоўскім, пасля, нягледзячы на іх рознасць, палюбіў абодвух, знаходзіў у кожнага геніяльнае. У 1934 годзе П. Броўка ажаніўся з Аленай Міхайлаўнай Рыдзеўскай, у 1936 годзе ў іх нарадзіўся сын Юрка. У 1940 годзе быў прызначаны рэдактарам часопіса «Полымя».

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. У 1941–1942 гг. працаваў інструктарам-літаратарам у газеце «За Савецкую Беларусь» на Бранскім і Заходнім франтах, супрацоўнічаў з партызанскім друкам. 3 1943 года – адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, з 1945 года – зноў рэдактар «Полымя». У 1948–1967 гг. – старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, з 1967 да 1980 гг. – галоўны рэдактар Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. У 1959 годзе, як дэлегат ад БССР, прымаў удзел у рабоце XIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Член ЦК КПБ (1952–1980). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1947–1955). Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1956–1980). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Дружбы Народаў, «Знак Пашаны» і медалямі.

Першыя вершы П. Броўкі надрукаваны ў газеце «Чырвоная Полаччына» і ў альманаху «Наддзвінне» ў 1926 годзе («Ой, не шапчы мая бярозка!» і інш.). Аўтар напісаў каля трыццаці кніжак паэзіі – «Гады як шторм», «Прамова фактамі», «Цэхавыя будні», «Паэзія», «Так пачыналася маладосць», «Прыход героя», «Вясна радзімы», «Кацярына», «Шляхамі баравымі», «Насустрач сонцу», «У роднай хаце», «Сонечнымі днямі», «Цвёрдымі крокамі», «Пахне чабор», «Далёка ад дому», «Па сакрэту», «А дні ідуць...», «Высокія хвалі», «Заўсёды з Леніным», «Між чырвоных рабін», «Калі ласка», «Ты – мая пчолка», «Лясы наддзвінскія», «I ўдзень, і ўночы», «Што сэрца праспявала». Выдаў кніжкі паэзіі для дзяцей, аповесць «Каландры», нарысы «Ураджай» (разам з П. Глебкам), «Месяц у Чэхаславакіі» (1952), раман «Калі зліваюцца рэкі» (1957), зборнік апавяданняў «Разам з камісарам» (1974), напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны», «Алеся» («Дзяўчына з Палесся», разам з Я. Рамановічам).

Пісаў пад псеўданімамі: Аўлас (з Я. Скрыганам), Бандылевіч, Лукаш Вандылевіч (з П. Глебкам), Баравы, Юр. Баравы, Юрка Баравы, П. Далецкий, Дзед Аўлас (з Я. Скрыганом), Дзед Тарас, Дзядок Аўлас, Пятрусь Звычайны, Андрэй Прыгода, Сымон Ракіта, Стары дзядок Аўлас.

Перакладаў на беларускую мову творы Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Бажана, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф'ева, У. Бранеўскага, Дж. Байрана.

Ранняя лірыка П. Броўкі прасякнута матывамі радаснага ўслаўлення рэвалюцыі, новай рэчаіснасці. У гады Вялікай Айчыннай вайны паглыбляецца эмацыянальна-рэалістычны змест яго паэзіі, узмацняецца яе патрыятычнае гучанне. У 60–70-я гады адзначаецца ўвага да маральна-этычных, агульначалавечых праблем, праяўляецца цяга да філасофскага асэнсавання жыцця. П. Броўка – паэт высокага грамадзянскага пафасу, мастак з ярка выяўленай рамантычнай паэтыкай і песенна-лірычнай накіраванасцю. Яго паэзіі ўласціва адкрытая публіцыстычнасць, маштабнасць, народнасць мастацкага мыслення, прастата рэалістычнага светаадчування, яна моцна звязана з жыццём народа, з агульнымі задачамі камуністычнага будаўніцтва. У яго творчасці пачуццё роднасці з нацыянальнай культурай, з вечнымі каштоўнасцямі народнага жыцця арганічна спалучаюцца з ідэямі савецкага патрыятызму і сацыялістычнага інтэрнацыяналізму.

У Мінску створаны літаратурны музей Петруся Броўкі. На доме, дзе ён апошні час жыў, і ў в. Пуцілкавічы ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, у выдавецтве БелСЭ і Велікадолецкай сярэдняй школе Ушацкага раёна адкрыты мемарыяльныя пакоі, у Пуцілкавічах – хата-музей, каля якой устаноўлена стэла памяці маці паэта. Імя П. Броўкі прысвоена выдавецтву «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», калгасу «Новае жыццё» і Велікадолецкай школе; яго імем названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах. Для студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ устаноўлена стыпендыя імя Петруся Броўкі.

П. Броўка – народны паэт БССР (1962). Акадэмік АН БССР (1966, член-карэспандэнт з 1953 года). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1975). Герой Сацыялістычнай Працы (1972). Ганаровы грамадзянін Мінска (1980). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года. Лаўрэат Сталінскай прэміі II ступені за паэму «Хлеб», вершы «Думы пра Маскву», «Брат і сястра», «Народнае дзякуй», «Каб мне стаяць...», «Спатканне» (1947), Сталінскай прэміі III ступені за зборнік вершаў «Дарогі жыцця» (1950), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа за раман «Калі зліваюцца рэкі» (1959), Ленінскай прэміі за кнігу вершаў «А дні ідуць...» (1962), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы за паэму «Заўсёды з Леніным» і за кнігу вершаў «Між чырвоных рабін» (1969), Дзяржаўнай прэміі БССР за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі (1976).

Памёр Пётр Усцінавіч Броўка 24 сакавіка 1980 года.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Барадулін, Р. І. Аратай, які пасвіць аблокі : сяброўскае слова, эсэ і некананізаваныя ўспаміны / Р. І. Барадулін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. – 350 с.

2. Броўка Пятрусь (Пётр Усцінавіч) // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 547–548.

3. Баутрэль, І. Паэзія Петруся Броўкі: дарога да майстэрства / І. Баутрэль // Роднае слова. – 2010. – № 6. – С. 8–11.

4. Варатынская, Г. Застаюся засмучаны дома я... / Г. Варатынская // Патрыёт (Ушачы). – 2015. – 24 чэрв. – С. 3.

5. Варатынская, Г. Услаўленая паэтамі / Г. Варатынская // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 6 ліп. – С. 3.

6. Васілеўскі, М. С. Пятрусь Броўка : бібліяграфічны паказальнік / М. С. Васілеўскі, М. А. Каваленка ; прадм. П. Глебкі. – 2-е выд., дап. і перапрац. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. – 207 с.

7. І футурыст, і акадэмік / падрыхт. У. Пучынскі // Краязнаўчая газета. – 2015. – № 24 (чэрв.). – С. 7.

8. Макаранка, Т. Пятрусь Броўка – Якубу Коласу : аўтографы, дарчыя надпісы, прысвячэнні / Т. Макаранка // Роднае слова. – 2011. – № 6. – С. 94–95.

9. Міцкевіч, У. А. Пятрусь Броўка ў школе : дапаможнік для выкладчыкаў беларускай літаратуры / У. А. Міцкевіч. – Мінск : Народная асвета, 1964. – 127 с.

10. Перкін, Н. С. Творчасць Петруся Броўкі : (крытычны нарыс) / Н. С. Перкін ; рэд. М. Ц. Лынькоў. – Мінск : Выд-ва Акадэміі навук БССР, 1952. – 144 с.

11. Пятрусь Броўка // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. Э. Гардзіцкі ; рэд. А. Л. Верабей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 63–65.

12. Сенькавец, У. Вывучэнне творчасці Пятруся Броўкі ў Х класе / У. Сенькавец // Роднае слова. – 2009. – № 7. – С. 76–78.

13. Успаміны пра Петруся Броўку / склад. і заўв. Р. Шкрабы. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. – 415 с.

14. Ушацкая плынь ў патоку айчыннага слова // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 2 верас. – С. 4.

15. Цімошык, Л. Па вясёлцы да сонца ішоў...: як адгукаюцца вершы Петруся Броўкі сёння / Л. Цімошык // Звязда. – 2015. – 27 чэрв. – С. 6.

16. Чарказян, Г. Незабыўны Пятрусь Усцінавіч... / Г. Чарказян ; пер. К. Камейшы // Полымя. – 2013. – № 6. – С. 136–153.

17. Ярош, М. Пятрусь Броўка: нарыс жыцця і творчасці / М. Ярош. – Мінск : Народная асвета, 1981. – 120 с. – (Народныя пісьменнікі БССР).