Буйноўскі Юзэф
Буйноўскі Юзэф нарадзіўся 31 сакавіка 1910 года ў маёнтку Аколіца-Рудава Дзісенскага павета (зараз Браслаўскі раён), вядомы польскі паэт, гісторык літаратуры, літаратурны крытык, эсэіст.
Сярэднюю адукацыю атрымаў у Дзісенскай гімназіі. У 1929 годзе паступіў ў Віленскі ўніверсітэт на філалагічнае аддзяленне. Быў адным з заснавальнікаў студэнцкага часопіса «Паласа», дзе дэбютаваў артыкулам «Праблема матыву».
У 1934 годзе рэдагаваў віленскі часопіс «Марш». У 1935–1938 гг. працаваў выкладчыкам у Браслаўскай прыватнай гімназіі. У Браславе падрыхтаваны і выдадзены ў мясцовай друкарні два зборнікі яго вершаў.
У 1939 годзе быў запрошаны на працу ў Вільню ў ліцэй імя Снядэцкіх, дзе выкладаў польскую мову, адначасова з'яўляўся намеснікам дырэктара гімназіі і ліцэя імя П. Скаргі. Пасля пачатку другой сусветнай вайны быў мабілізаваны ў польскую армію, браў удзел у баявых дзеяннях першых месяцаў вайны. У лістападзе 1939 года вярнуўся да выкладчыцкай дзейнасці ў Вільні.
У красавіку 1940 года рэпрэсіраваны. Утрымліваўся ў турмах Вільні, Горкага, пасля амністыі працаваў у калгасе пад г. Уржумам. Змагаўся з фашыстамі ў складзе польскай арміі генерала Андэрса, удзельнічаў у баявых дзеяннях другога корпуса на тэрыторыі Італіі. Атрымаў баявую ўзнагароду за бітву пад Монтэ-Касіна. У час вайны працягваў займацца літаратурнай працай, супрацоўнічаў з ваеннымі выдавецтвамі.
У 1946 годзе стаў адным з заснавальнікаў італьянскай секцыі польскага ПЭН клуба. У тым жа годзе пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Англію, дзе займаўся выкладчыцкай, выдавецкай дзейнасцю. Быў кіраўніком выдавецтва Польскага літаратурнага таварыства, утрымліваў уласную друкарню.
3 1952 года выкладаў у Польскім замежным універсітэце ў Лондане. У 1967–1971 гг. і 1978–1985 гг. быў дэканам гуманітарнага факультэта гэтага ўніверсітэта, кіраваў кафедрай польскай літаратуры. У 1956 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1964 годзе доктарскую дысертацыю, з 1964 года стаў прафесарам. Чытаў спецыяльныя курсы ў шэрагу вышэйшых навучальных устаноў Англіі, ва ўніверсітэтах Амстэрдама, Гейдэльберга. З'яўляўся актыўным удзельнікам шэрагу грамадскіх арганізацый.
Памёр Юзэф Буйноўскі 15 лютага 2001 года ў Лондане.
ЛІТАРАТУРА
1. Буйноўскі Юзэф // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 26–27.
2. Буйноўскі Юзэф // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 43–44.
3. Родился в озерном Браславском крае (Буйновский Юзеф) // Уроженцы Витебщины в художественной культуре стран близкого и дальнего зарубежья / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. – Витебск : ВГУ имени П. М. Машерова, 2013. – С. 14–17.
4. Юзаф Буйноўскі // Браслаўская звязда. – 2004. – 27 лістап. – С. 5.
5. Юзэф Буйноўскі // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 598–599.