Бураўкін Генадзь Мікалаевіч
Бураўкін Генадзь Мікалаевіч нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў в. Шуляціна (зараз – в. Тродавічы) Расонскага раёна ў сям'і служачага.
Скончыў сярэднюю школу № 1 у Полацку.
У 1959 годзе Г. Бураўкін скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. З 1964 года – член КПСС.
Працаваў рэдактарам часопіса «Камуніст Беларусі», старшым рэдактарам Беларускага радыё, загадчыкам аддзела літаратуры, пазней – намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва».
У 1968–1972 гг. – карэспандэнт газеты «Праўда» па БССР, у 1972–1978 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Маладосць».
У 1972 годзе Г. Бураўкін стаў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.
У 1978–1990 гг. – старшыня Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1976 годзе ў складзе дэлегацыі БССР прымаў удзел у рабоце ХХХI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
У 1980–1990 гг. – дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, у 1981–1990 гг. – член ЦК КПБ.
З 1990 года – пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры ААН.
У 1994–1995 гг. – намеснік міністра культуры і друку. У 1995–2001 гг. працаваў у часопісе «Вожык».
Першыя свае вершы Г. Бураўкін надрукаваў у полацкай абласной газеце «Сцяг камунізму» (1952). Першы зборнік – «Майская просінь» (1960).
Паэзіі Г. Бураўкіна ўласціва сацыяльная скіраванасць, маральная завостранасць, палемічны запал, светлая задушэўная інтанацыя.
У кнігах «3 любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Варта вернасці» (1978, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы 1980), «Гняздо для птушкі радасці» (1986) і іншых пісьменнік раскрывае біяграфію пакалення, якое зведала пакуты вайны.
Вершы зборнікаў «Узмах крыла» (1995), «Паміж зоркай і свечкай» (2000), «Жураўліная пара» (2004) прысвечаны пытанням жыцця і смерці, любові, прыгажосці, дабрыні. У яго творчасці гучаць праблемы Беларусі: лёс мовы, экалогія, тэма Чарнобыля.
Надзвычай багатая і разнастайная інтымная лірыка паэта. Яна ўключалася ва ўсе яго зборнікі, але асобна сабрана ў кнігах «Пяшчота» (1985) і «Чытаю тайнапіс вачэй» (2001).
На яго вершы напісана шмат песень («Белы снег», «Зачараваная», «Матылі», «Калыханка» і інш.). Зборнік песенных тэкстаў «Табе, Беларусь» (1984). Паводле паэмы Бураўкіна «Хатынскі снег» кубінскі кампазітар Р. С. Ферэр напісаў кантату.
Пісаў для дзяцей: «Тры казкі пра Зая» (1974) і «Сінія арэлі» (1987), кніга прозы «Тры старонкі з легенды» (1971).
Аўтар нарысаў, публіцыстычных і крытычных артыкулаў.
Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Апаленая памяць» (1975), «Падарожжа па Беларусі» (1976), мастацкага фільма «Полымя» (1974, сумесна з У. Халіпам і Ф. Коневым).
Перакладае на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, малдаўскіх, грузінскіх, балгарскіх паэтаў. Пераклаў на беларускую мову камедыю А. Хмеліка «Пузыркі», пастаўленую ў Мінску ў 1966 годзе.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём «За доблесную працу», Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета УССР і Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР.
Памёр 30 мая 2014 года ў Мінску.
ЛІТАРАТУРА
1. «А калі не спяваць аб Радзіме, дык навошта наогул спяваць?..» // Культура. – 2014. – 31 мая. – С. 8.
2. Бароўская, І. А. «Па той зямлі, дзе ўсё табою дыша...»: песеная лірыка Г. Бураўкіна / І. Бароўская // Роднае слова. – 2001. – № 8. – С. 83–85.
3. Буравкин Геннадий Николаевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 558.
4. Буравкин Геннадий Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 111.
5. Бураўкін Генадзь Мікалаевіч // Новыя кнігі. – 2006. – № 5. – C. 15–17.
6. Бураўкін Генадзь Мікалаевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. - Т. 2 : Беліцк–Гімн. – С. 132.
7. Гальпяровіч, Н. Генадзь / Н. Гальпяровіч // Літаратура і мастацтва. – 2017. – 11 жн. – С. 4.
8. Гальпяровіч, Н. Нас злучыў Полацк / Н. Гальпяровіч // Літаратура і мастацтва. – 2014. – 11 ліп. – С. 8.
9. Гардзіцкі, А. К. Бураўкін Генадзь Мікалаевіч / А. К. Гардзіцкі // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1984. – Т. 1 : А Капэла–Габелен. – С. 517.
10. Гарэлік, Л. М. Бураўкін Генадзь / Л. М. Гарэлік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1992. – Т. 1 : Абуховіч–Ватацы. – С. 395.
11. Генадзь Бураўкін // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі ; рэд. А. Л. Верабей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 72–73.
12. «Горка плача лебедзь адзінокі» // Краса і смутак : дапаможнік для настаўнікаў / А. Бельскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2000. – С. 139–144.
13. Драздова, З. У. Генадзь Бураўкін / З. У. Драздова // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / рэдкал.: У. В. Гніламёдаў [і інш.] ; навук. рэд.: У. В. Гніламёдаў, С. С. Лаўшук. – Мінск : Беларуская навука, 2002. – Т. 4 : в 2 кн. – Кн. 1 : 1966–1985. – С. 710–728.
14. Заяц, Н. В. Генадзь Бураўкін: песенны складальнік творчасці паэта / Н. В. Заяц // Роднае слова. – 2016. – № 8. – С. 7–9.
15. Заяц, Н. В. «Мы з Нямігі...» / Н. В. Заяц // Маладосць. – 2016. – № 8. – С. 113–116.
16. Кожан, К. Сумленнае і мужнае слова / К. Кожан // Вольнае Глыбокае. – 2011. – 6 кастр. – С. 11.
17. Купрэвіч, Н. На памяць аб сябрах / Н. Купрэвіч // Краязнаўчая газета. – 2014. – № 21 (чэрв.). – С. 3.
18. «Матчына слова дапамагала мне...» // Служэнне Беларусі : праблемныя артыкулы, літаратурныя партрэты, эсэ, успаміны / Д. Бугаёў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. – С. 326–363.
19. Піскунова, Т. Сын роднай зямлі / Т. Піскунова // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2016. – 26 жн. – С. 7.
20. Пыско, Н. М. Бураўкін Генадзь Мікалаевіч / Н. М. Пыско // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 121.
21. Пісарэнка, А. М. Вершы пра каханне Генадзя Бураўкіна / А. М. Багамолава // Роднае слова. – 2017. – № 2. – С. 36–39.
22. Садоўская, Л. Запатрабаваная паэзія: прэзентацыя кнігі Генадзя Бураўкіна «Лісты да запатрабавання» / Л. Садоўская // Бібліятэка прапануе. – 2012. – № 1. – С. 7–12.
23. Саламевіч, І. У. Бураўкін Генадзь Мікалаевіч / І. У. Саламевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 3 : Беларусы–Варанец. – С. 345.
24. Сачанка, А. Архітэктар нацыі / А. Сачанка // Краязнаўчая газета. – 2016. – № 36 (верас.). – С. 2.
25. Ціткова, В. «Я проста ападу кляновым лістам...» / В. Ціткова, Л. Садоўская // Бібліятэка прапануе. – 2017. – № 7. – С. 2–8.