Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Быкаў Васіль Уладзіміравіч

Дата нараджэння
19.06.1924
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Ушацкі раён, в. Бычкі
Дата смерці
22.06.2003
Род дзейнасці
празаік, драматург, публіцыст
Узнагароды і прэміі
Народны пісьменнік Беларусі (1980)
Герой Сацыялістычнай Працы (1984)
Літаратурная прэмія імя Я. Коласа (1964)
Дзяржаўная прэмія СССР (1974)
Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа (1978)
Ленінская прэмія (1986)
ордэн Леніна
ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга
ордэн Чырвонай Зоркі
ордэн Айчыннай вайны I ступені

Васіль Уладзіміравіч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў в. Бычкі Ушацкага раёна. Народны пісьменнік Беларусі (1980), празаік, драматург.

Васіль Быкаў паходзіць з сялянскай сям'і. Бацькі, Уладзімір Фёдаравіч і Ганна Рыгораўна, увесь час жылі ў вёсцы, працавалі ў калгасе. Бацька ўдзельнічаў у 1-й сусветнай вайне, з арміяй Самсонава трапіў у палон. Пасля вызвалення з палону ўдзельнічаў у грамадзянскай вайне.

Васіль Быкаў, скончыўшы ў 1939 годзе 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы, паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. Аднак восенню 1940 года, у сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям'і і адменай дзяржаўных стыпендый, вымушаны быў пакінуць вучобу ў вучылішчы. Паступіў у Віцебскую школу ФЗН № 5, дзе вучыўся да мая 1941 года. У чэрвені 1941 года экстэрнам здаў экзамены за дзясяты клас Кубліцкай школы.

У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў мабілізаваны на абарончыя работы. У якасці байца інжынернага батальёна будаваў розныя ваенныя аб'екты ад Гомеля да Варонежа. Зімой 1941–1942 гг. жыў на ст. Салтыкоўка і ў г. Аткарск Саратаўскай вобласці, дзе вучыўся ў чыгуначнай школе. Улетку 1942 года быў прызваны ў Чырвоную Армію, скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча (з 80 выпускнікоў у вайну засталося толькі чатыры). З 1943 года ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Быў двойчы паранены, ляжаў у шпіталях. У 1944 годзе бацькі В. Быкава атрымалі паведамленне, што іх сын мужна загінуў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі каля Кіраваграда (гэта было засведчана на абеліску). Але В. Быкаў выжыў і ваяваў далей. 3 дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю – старшым лейтэнантам, камандзірам узвода палкавой, потым армейскай артылерыі. Служыў на Украіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе.

Пасля дэмабілізацыі (1947) жыў у г. Гродна, працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях, у рэдакцыі абласной газеты «Гродзенская праўда» (1947–1949). У 1949–1955 гг. зноў служыў у Савецкай Арміі. Канчаткова дэмабілізаваўшыся (маёр запасу), працаваў літаратурным супрацоўнікам, літаратурным кансультантам газеты «Гродзенская праўда» (1956–1972). Выступаў як журналіст. У абласным і рэспубліканскім друку пачалі з'яўляцца яго замалёўкі, фельетоны, нарысы. Быў абраны сакратаром Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР (1972–1978). У 1978 годзе пераехаў у Мінск. 3 гэтага часу займаўся выключна творчай працай.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1959 года. Герой Сацыялістычнай Працы (1984). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1964, за аповесць «Трэцяя ракета»), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974, за аповесці «Абеліск», «Дажыць да світання»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1978, за аповесці «Воўчая зграя», «Яго батальён»), Ленінскай прэміі (1986, за аповесць «Знак бяды»). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, медалямі.

Уваходзіў у састаў праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, Рады Саюза пісьменнікаў БССР, рэспубліканскага Савета Фонда міру. Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1978–1989). Народны дэпутат СССР (1989). Член грамадскага рэдсавета «Літаратурнай газеты». Адзін з аўтараў «Рыжскага звароту» (1990). Быў прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра.

Захапленне маляваннем, якое заявіла пра сабе яшчэ ў дзяцінстве, не страцілася з часам. В. Быкаў рабіў замалёўкі і на вайне, і пасля вайны – «для сябе». Яго малюнкі – чорна-белая графіка – змешчаны ў кнізе Р. Барадуліна «Лісты ў Хельсінкі».

Першыя апавяданні В. Быкава былі надрукаваны ў часопісе «Вожык» (1947, «Дапякло»), газеце «Гродзенская праўда» (1949, «У першым баі»). Але сам В. Быкаў свой пісьменніцкі лёс адлічвае з 1951 года, калі на Курылах, дзе ў той час служыў, напісаў апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік». Іх ён паслаў на водгук М. Лынькову. Нягледзячы на ўвогуле ўдалы творчы дэбют, В. Быкаў не быў перакананы ў тым, што літаратура – яго жыццёвае прызванне. 3 героя апавядання «У першым баі» Мікалая Беражнога пачаліся быкаўскія героі – маладыя афіцэры і салдаты з трагічным франтавым лёсам. Першы зборнік «Ход канём» (1960) раскрывае пасляваеннае жыццё савецкіх людзей, іх узаемаадносіны ў працы, побыце, паказвае нараджэнне новых якасцей у характары чалавека, асабліва моладзі.

Канец 50-х – пачатак 60-х гг. для В. Быкава – час пошукаў самога сябе. Ён піша сатырычныя мініяцюры, гісторыка-прыгодніцкую аповесць «Апошні баец», серыю навел на маральна-этычныя тэмы, другі цыкл ваенных апавяданняў, нарысы, рэцэнзіі. Гэтыя творы сведчаць пра тое, што іх аўтар ішоў да свайго адкрыцця свету, да аналітычнага даследавання чалавечага быцця, рашуча адмаўляючыся ад дробнатэмнасці, апісальнасці. Кожны твор быў для яго своеасаблівай школай майстэрства, пяро пісьменніка сталела, почырк набываў большую індывідуальную афарбоўку, мова – выразнасць і дакладнасць. В. Быкаў набліжаўся да раскрыцця тых трагічных падзей 1941–1945 гг., з якімі сутыкаецца галоўны герой яго аповесцей.

У «Жураўліным крыку» (1959) пісьменнік звярнуўся да ваеннай тэмы, каб застацца ёй верным амаль увесь час. У наступных яго аповесцях паўстае перад чытачом праўдзівае адлюстраванне вайны. Яго творы нязменна нясуць моцны зарад маральнай энергіі, неабходнай чалавеку сёння.

Шырокая вядомасць прыйшла да Быкава пасля публікацыі аповесці «Трэцяя ракета» (1961).

Тэма чалавека на вайне таксама праходзіць праз аповесці «Пастка» (1962), «Альпійская балада» (1963), «Праклятая вышыня» (1968).

Аднак у застойныя гады афіцыйная крытыка непрыймальна ставілася да бескампрамісных аповесцей В. Быкава пра вайну. Адзін з самых вострапраўдзівых яго твораў «Мёртвым не баліць» (1965) убачыў свет на той час толькі ў часопісах «Маладосць» і «Новы свет», дзякуючы грамадзянскай мужнасці іх рэдактараў П. Панчанкі і А. Твардоўскага. В. Быкава абвінавачвалі ў тым, што ён не з тых пазіцый піша пра вайну, скажае праўду, ачарняе гераічных савецкіх воінаў. Па камандзе галоўных тады партыйных ідэолагаў (М. Суслава, М. Зімяніна і так званага «спецыяліста» па беларускай літаратуры ў Аддзеле прапаганды ЦК КПСС У. Сеўрука) былі арганізаваны калектыўныя пісьмы «незадаволеных» быкаўскім адлюстраваннем падзей вайны. Нягледзячы на тое, што многія творчыя саюзы, выдавецтва «Мастацкая літаратура» і яго дырэктар М. Дубянецкі, шматлікія чытачы патрабавалі ўключыць «Мёртвым не баліць» у збор твораў В. Быкава, М. Суслаў, а пасля М. Зімянін загадалі ніколі яе не друкаваць і ўсякія размовы пра выданне спыніць, хоць у многіх краінах гэты твор ужо тады выйшаў асобнай кнігай. I ўсё ж грамадская думка перамагла: аповесць была ўключана ў збор твораў пісьменніка.

У 70-я гады В. Быкаў працягвае цыкл аповесцей на ваенную тэму: «Сотнікаў» (1970), «Абеліск» (1971), «Дажыць да світання» (1972), «Воўчая зграя» (1974), «Яго батальён» (1975).

Ваенныя аповесці В. Быкава – гэта высокамастацкія творы, з якіх складаецца гераічны эпас пра Вялікую Айчынную вайну. У іх аўтар сцвярджае ідэйныя і маральныя якасці: вернасць адвечным агульначалавечым каштоўнасцям, інтэрнацыяналізм, любоў да роднай зямлі, высокую годнасць чалавека-працаўніка і воіна. У творчасці В. Быкава прасочваюцца ідэйна-эстэтычныя пошукі савецкай літаратуры апошняга часу, далейшае развіццё такіх яе неад'емных якасцей, як філасафічнасць, аналітычнасць, псіхалагізм, глыбокае раскрыццё ўнутранага свету чалавека, яго паводзін у экстрэмальных умовах ваенных гадоў. У партызанскім цыкле аповесцей («Круглянскі мост» (1968), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды» (1982)) з асаблівай сілай выявілася праблема трагічнага, адвечная тэма выбару ў складаных умовах акупіраванай тэрыторыі і партызанскай барацьбы народа супраць фашыстаў. Не менш востра паказаў пісьменнік і падзеі калектывізацыі, да якіх упершыню звярнуўся ў аповесці «Знак бяды». У беларускай літаратуры ніхто так аголена-праўдзіва, з болем, абгрунтавана не паказаў бессэнсоўнасць, жорсткасць сталінскіх метадаў абагульнення сялянскіх гаспадарак, вытручвання ў селяніне любові да зямлі, вынішчэння яго гаспадарчых традыцый. Гэту тэму пісьменнік працягвае даследаваць і ў аповесці «Аблава».

Пераасэнсаванне мінулага стала галоўным напрамкам, па якім рухалася быкаўская думка ў 80-я гады. Пісьменнік пераасэнсоўвае і прыкметна ўдакладняе многае з таго, што ўпэўнена сцвярджаў у сваіх творах. У рамане «Кар'ер» (1985) паяднаны сучаснасць і вайна. Складаны лёс чалавека ва ўмовах фашысцкай акупацыі пісьменнік паказвае ў аповесці «У тумане» (1988). В. Быкаў акцэнтуе ўвагу на злавесна-разбуральнай сутнасці часу і гаворыць пра катастрафізм духоўнага быцця ў цэлым. З суровым рэалізмам у адлюстраванні падзей напісана быкаўская «Сцюжа» (1969, 1991).

У 90-я гады В. Быкаў бярэ на ўзбраенне апавяданне – самы мабільны і змястоўны жанр літаратуры: «На чорных лядах», «Бедныя людзі» (абодва – 1994), «Жоўты пясочак», «Зенітчыца», «Палкаводзец», «Палітрук Каламіец», «Падоранае жыццё» (усе – 1995).

Аповесць «Пакахай мяне, салдацік» (1996) тэматычна звязана з цыклам «ваенных» апавяданняў. Аповесць «Ваўчыная яма» (1999) расказвае пра жыццё ў чарнобыльскай зоне. Надзвычай складаныя рэаліі ваеннай рэчаіснасці паўстаюць з аповесці «Балота» (2001).

Яшчэ адна іпастась пісьменніка – сучасны Быкаў, аўтар «баек жыцця» з філасофска-алегарычным зместам: «Сцяна» (1995), «Музыка», «Народныя мсціўцы» (абодва – 1997), «Ваўчыная яма», «Мальбара», «Тры нявымаўленых словы», «Труба» (усе – 1998), «Хутаранцы», «Апалагетыка «нагана», «Кошка і мышка» (усе – 1999). Выходзяць кнігі прозы «Сцяна» (1997), «Пахаджане» (1999). Быкаўскія аповесці ўвайшлі ў супольную кнігу Р. Барадуліна і В. Быкава «Калі рукаюцца душы» (2003). Працягвае тэму сяброўства кніга «Дажыць да зялёнай травы» (2008). Кнігу пад такой назвай В. Быкаў і Р. Барадулін пісалі 43 гады. Складаецца яна з сяброўскага ліставання двух выдатных творцаў, якое пачалося ў 1960 годзе і закончылася ў 2003 годзе.

У гады перабудовы В. Быкаў актывізаваўся як грамадскі дзеяч, публіцыст. Яго выступленні, артыкулы, інтэрв'ю склалі зборнікі «На крыжах» (1992) і «Крыжовы шлях» (1998). Пісьменнік падсумаваў вынікі свайго жыцця і творчасці кнігай успамінаў «Доўгая дарога дадому» (2002).

Адной з апошніх прац В. Быкава сталі аповеды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 года, «Цярновы шлях», якія пазней увайшлі ў кнігу «Грамадзянін свету» (2004). Кожны з 12 аповедаў пачынаецца лірычным уступам самога В. Быкава, які пры гэтым каларытна характарызуе нямецкія рэаліі і апавядальніка.

Але і пасля смерці Васіля Быкава з'яўляюцца на старонках друку невядомыя беларускаму чытачу творы. У кнігу «Бліндаж» (2007) увайшлі аповесці «Бліндаж» (1987) і «Апошні баец» (1958), якія раней не ўключаліся аўтарам у зборнікі.

Па творах В. Быкава пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), «Абеліск» (1977), «Узыходжанне» (1977, паводле «Сотнікава», рэжысёр Л. Шапіцька), «Знак бяды» (1985), кароткаметражны фільм «Пастка», тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» (1976, паводле аповесці «На ўсходзе сонца»). В. Дашуком створаны фільм пра В. Быкава «Узыходжанне» (1985). П'еса «Апошні шанц» шырока ставілася ў тэатрах краіны. Былі інсцэніраваны яго аповесці «Абеліск» (Масква), «Альпійская балада» (Масква), «Дажыць да світання» (Масква), «Знак бяды» (Гомель, Ленінград, Мінск), «Пайсці і не вярнуцца» (Кастрама, Масква, Чарнігаў), «Сотнікаў» (Ленінград, Магілёў), «Трэцяя ракета» (Кіеў, Масква) і інш. Балет «Альпійская балада» (1967) напісаў Я. Глебаў, на яго ж аснове стварыў «Сюіту з балета «Альпійская балада». Оперу «Сцежкаю жыцця» (1980, паводле «Воўчай зграі») стварыў Г. Вагнер. У 1990 годзе пастаноўка радыё-спектакляў па аповесцях В. Быкава «У тумане» і «Кар'ер» адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.

Да творчасці пісьменніка звярталіся мастакі А. Кашкурэвіч, I. Немагай. Партрэты В. Быкава напісалі М. Будавей, Л. Дробаў, М. Савіцкі і інш.

Памёр Васіль Уладзіміравіч Быкаў 22 чэрвеня 2003 года. Пахаваны на мінскіх Усходніх могілках.

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Гродна, Лельчыцах, Ждановічах, Смалявічах, Фаніпалі. У Віцебску ўсталявана мемарыяльная дошка па вуліцы Суворава, 15 на будынку дзіцячай мастацкай школы № 1 (у гэтым будынку з 1923 па 1941 гг. знаходзілася Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе вучыўся Васіль Быкаў). Мемарыяльная дошка выраблена з бронзы і ўяўляе сабой стылізаваную рамку ў выглядзе аркі, усярэдзіне якой змешчаны партрэт пісьменніка і бусел, як сімвал Беларусі. На дошцы надпіс: «У гэтым будынку з 1939 па 1940 год вучыўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў». Аўтарамі кампазіцыі з'яўляюцца віцебскія скульптары В. Магучы і А. Гвоздзікаў.

У 2012 годзе была прынята пастанова ўрада Беларусі пра адкрыццё музея Васіля Быкава на былой дачы пісьменніка, размешчанай у п. Ждановічы-6 Мінскага раёна. Дача бязвыплатна перададзена Ірынай Міхайлаўнай Быкавай ва ўласнасць дзяржавы. Музей створаны як філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. На радзіме пісьменніка ў в. Бычкі ў 2014 годзе адкрыты сядзіба-музей Васіля Быкава, філіял УК «Ушацкі музей Народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка».

 

ЛІТАРАТУРА

1. Афанасьеў, І. Будзем садзіць сад : літаратурна-крытычныя артыкулы / І. Афанасьеў. – Мінск : Маладосць, 1994. – 92 с.

2. Багдановіч, Н. Вялікі скульптар чалавечых душ / Н. Багдановіч // Віцьбічы = Витьбичи. — 2019. – 25 июня. – С. 7.

3. Буран, В. А. Васіль Быкаў : нарыс творчасці / В. А. Буран. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. – 223 с.

4. Бугаеў, Д. Я. Праўда і мужнасць таленту: выбранае : кніга пра Васіля Быкава. Артыкулы. Дыялог / Д. Я. Бугаеў. – Мінск : Народная асвета, 1995. – 415 с.

5. Быкаў Васіль Уладзіміравіч / Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 549–550.

6. Васіль Быкаў // Беларуская літаратура і свет ад эпохі рамантызму да нашых дзён : папулярныя нарысы / Л. Баршчэўскі, П. Васючэнка, М. Тычына. – Мінск : Радыёла-плюс, 2006. – С. 414–427.

7. Васіль Быкаў // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. Э. Гардзіцкі ; рэд. А. Л. Верабей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 77–78.

8. Дайлідзёнак, К. Васіль Быкаў – гэта наша доўгая дарога дадому... / К. Дайлідзёнак // Наша слова. – 2018. – 4 ліп. – С. 2.

9. Дедков, И. А. Василь Быков: повесть о человеке, который выстоял / И. А. Дедков. – М. : Советский писатель, 1990. – 311 с.

10. Залоска, Ю. І. Дыялогі з Васілем Быкавым : інтэрв'ю, эсэ / Ю. І. Залоска. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. – 95 с.

11. Камаркова, В. Пісаў пра тое, што зведаў / В. Камаркова // Патрыёт (Ушачы). – 2018. – 27 чэрв. – С. 5.

12. Караленка, В. Васілёк у жыце Беларусі / В. Караленка // Патрыёт (Ушачы). – 2019. – 19 чэрв. – С. 3.

13. Локун, В. І. Васіль Быкаў у кантэксце сусветнай літаратуры / В. І. Локун. – Мінск : Тэхнапрынт, 2005. – 227 с.

14. Лявонава, Е. «Не адзінокі востраў... » / Е. Лявонава // Полымя. – 2005. – № 8. – С. 166–182.

15. Максімовіч, В. А. Творчасць Васіля Быкава ў экзістэнцыяльным вымярэнні / В. Максімовіч // Полымя. – 2019. – № 6. – С. 128–135.

16. Мартава, Н. Васілю Быкаву прысвячаецца / Н. Мартава // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 18 июня. – С. 2.

17. Наш Быкаў : кніга ўспамінаў / уклад. Г. Бураўкін. – Мінск : Кніга, 2004. – 496 с.

18. Скурко, А. Як Быкаў стаў Быкавым / А. Скурко // Наша гісторыя. – 2018. – № 4. – С. 4–12.

19. Слабковская, Е. Г. Поэтика военных повестей В. Быкова : учебное пособие по спецкурсу / Е. Г. Слабковская. – Иркутск : ИПП, 1988. – 60 с.

20. Цывілька, А. Васіль Быкаў: жыццё і творчасць : урок беларускай літаратуры (11 клас) / А. Цывілька // Роднае слова. – 2019. – № 7. – С. 64–66.

21. Шапран, Н. «Сваім унукам я накажу чытаць вас»: да 95-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава / Н. Шапран // Роднае слова. – 2019. – № 6. – С. 10–14 ; № 7. – С. 14–18.

22. Шпакоўская, Г. Знакі пашаны землякам / Г. Шпакоўская // Витебские вести. – 2018. – 8 сент. – С. 16.

23. Шпакоўская, Г. Ушанавалі памяць класіка / Г. Шпакоўская // Витебские вести. – 2018. – 21 июня. – С. 19.