Чабан Тамара Канстанцінаўна
Чабан Тамара Канстанцінаўна нарадзілася 31 мая 1952 года ў в. Чабаны Глыбоцкага раёна. У 1969 г. скончыла Чарневіцкую сярэднюю школу. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ (1974) выкладала беларускую мову і літаратуру ў Ветрынскай сярэдняй школе Полацкага раёна. Завочна закончыла аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ (1980). У 1978 г. пераехала ў Мінск. Працавала старшым карэктарам у выдавецтве «Навука і тэхніка». 3 1981 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры Акадэміі навук Беларусі. У 1982 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Рамантычныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай паэзіі». Выбіралася старшынёй савета клуба «Братэрства», членам рэдкалегіі штогоднікаў «Дзень паэзіі» – 1988 і 1989 гг. Вяла шырокую дзейнасць у абарону прыроды.
Літаратурную творчасць пачала з вершаў, якія пісала яшчэ, калі вучылася ў сярэдняй школе. У друку ўпершыню выступіла ў 1977 г. з рэцэнзіяй на кнігу В. Іпатавай «Парасткі» («Літаратура і мастацтва»). Яе артыкулы па праблемах сучаснага літаратурнага працэсу друкаваліся на старонках рэспубліканскіх і саюзных выданняў, а таксама ў зборніках «Песні беларускай валадар», «Узроўні фальклорных уплываў» і інш.
Тэматыка літаратурных даследаванняў Тамары Чабан была скіравана на літаратурны працэс XX ст. Для артыкулаў характэрныя філасафічнасць, заглыбленасць у праблемы літаратурнага працэсу, уважлівы падыход да яго акалічнасцяў і супярэчнасцяў, праніклівы роздум над рэчаіснасцю.
Т. Чабан – аўтар шматлікіх творчых партрэтаў, рэцэнзій на кнігі вершаў Р. Баравіковай, А. Грачанікава, В. Іпатавай, Г. Каржанеўскай, Н. Мацяш, Я. Янішчыц і інш. Яе працы пазначаны шырынёй аўтарскага погляду, прафесійнай падрыхтаванасцю, аналітычнай заглыбленасцю, навуковасцю, эмацыянальнасцю, уменнем весці гаворку пра значнае.
Аўтар кніг пра паэзію «Крылы рамантыкі» (1982), «Сучасная паэзія і фальклор» (1988).
Памерла 20 сакавіка 1992 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Банькоўская, В. Жыццё, як свечка, дагарэла / В. Банькоўская // Веснік Глыбоччыны. – 2005. – 5 сак. – С. 4.
2. Гарадніцкі, Я. На крылах рамантыкі / Я. Гарадніцкі // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 1 чэрв. – С. 6.
3. Гарадніцкі, Я. Паміж Глыбоччынай і Ракаўшчынай / Я. Гарадніцкі // Краязнаўчая газета. – 2005. – № 29 (жн.). – С. 2.
4. Гурская, А. Сапраўднае застаецца / А. Гурская // Літаратура і мастацтва. – 2017. – 16 чэрв. – С. 10.
5. Тамара Чабан // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 573.
6. Тамара Чабан // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 419–420.
7. Тамара Чабан // Роднае слова. – 2002. – № 5. – С. 34.
8. Чабан Тамара // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1992. – Т. 6 : Талалай–Яфімаў. – С. 242–243.
9. Чабан Тамара Канстанцінаўна // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2003. – Т. 17 : Хвінявічы–Шчытні. – С. 200.