Чарняўская Леаніла Усцінаўна
Чарняўская Леаніла Усцінаўна – беларуская пісьменніца, перакладчыца, педагог. Нарадзілася 16 лістапада1893 года ў в. Таргуны Докшыцкага раёна. Скончыла Марыінскае вышэйшае вучылішча ў Вільні (1910). 3 1911 года настаўнічала ў в. Залессе Дзісенскага павета.
У 1918 г. пераехала ў Вільню, дзе ў 1919 г. выйшла замуж за М. Гарэцкага, з якім дзяліла радасці і нягоды, у неверагодна цяжкіх умовах зберагала яго архіў. У 1919–1923 гг. – выкладчыца Першай беларускай гімназіі ў Вільні. У 1923–1925 і 1928-1932 гг. жыла ў Мінску, у 1926–1928 гг. – у г. Горкі (Магілёўская вобласць). Працавала перакладчыцай у Белдзяржвыдавецтве, у 1929–1932 гг. – супрацоўніца часопіса «Іскры Ільіча». У сувязі з высылкай мужа з 1932 года (1932–1935, 1938–1947 гг.) – выхавацелька ў дзіцячым садзе г. Кіраў. Любіла спяваць, вышываць, вучыла дзяцей аплікацыі, маляванню. У 1944 годзе на фронце загінуў яе сын, лейтэнант Леанід Гарэцкі. 3 1947 г. жыла ў Ленінградзе. Узнагароджана медалямі.
Першае апавяданне Леанілы Чарняўскай «Мікітка» надрукавана ў 1921 г. у газеце «Наша думка». Яна аўтар зборніка «Дзяціныя гульні» (1919), чытанак «Родны край» (1919, перавыдаваліся да 1936), кніг прозы «Валуй – камісар часоў кераншчыны», «Бяздзетуха», «Апавяданні», «Падарожніца» (усе 1930). Пісала для дзяцей: кнігі «Варка» (1928), «Кот Знайдзён» (1929), «Андрэйка», (1930), «Перамога» (1932), «Сталёвы конь» (1938), «Жук» (1960).
Перакладала на беларускую мову творы Р. Кіплінга, Э. Сэтана-Томпсана, С. Грыгор'ева, Ш. дэ Кастэра і інш. Творчасці Л. Чарняўскай уласціва тонкае адчуванне слова, добрае веданне псіхалогіі дзіцяці і дарослага чалавека, здольнасць займальна весці апавяданне. Незакончанай, у рукапісе, засталася аповесць «Кутніца».
Памерла Леаніла Усцінаўна Чарняўская 26 верасня 1976 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Бярозка, У. Леанiла Чарняўская: пiсьменнiца, спадарожнiца жыцця класiка / У. Бярозка // Вiцебскі рабочы. – 1998. – 14 лiст. – С. 4.
2. Гарэцкі, Р. Г. Жанчына многіх талентаў : да 110-годдзя Леанілы Чарняўскай-Гарэцкай / Р. Г. Гарэцкі // Жыццёвы меланж : публіцыстычныя артыкулы, лірычныя замалеўкі, мініяцюры, эсэ / Р. Г. Гарэцкі. – Мінск. : Кнігазбор, 2013. – С. 189–193.
3. Гарэцкі, Р. «Святая»! / Р. Гарэцкі // Народная воля. – 2003. – 27 лістап. – С. 4.
4. Дасаева, Т. Максім Гарэцкі і Леаніла Чарняўская / Т. Дасаева // Звязда. – 2003. – 20 лют. –С 4 ; 22 лют. – С. 2.
5. Запартыка, Г. «З удзячнасцю ўспомніць ...» / Г. Запартыка // Роднае слова. – 2013. – № 11. – С. 79–83.
6. Запартыка, Г. Максім Гарэцкі ва ўспамінах сучаснікаў : па матэрыялах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва / Г. Запартыка // Роднае слова. – 2013. – № 2. – С. 71–74.
7. Палачанін, Ф. А. Леаніла Чарняўская // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. – Мінск : Беларусь, 2009. – С. 131–132.
8. Хілько, В. Жанчына вялікага сэрдца / В. Хілько // Родныя вытокi (Докшыцы). – 2003. – 15 лістап. – С. 4.
9. Чарняўская Леаніла Усцінаўна // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 641–642.