Даўгапольскі Цодзік Львовіч
Даўгапольскі Цодзік Львовіч нарадзіўся (30) 11 (ліпеня) жніўня 1879 года ў Гарадку ў шматдзетнай сям'і меламеда-настаўніка, які навучаў рэлігійным спевам. Засвоіўшы майстэрства па перапрацоўцы шчаціны, Цодзік Даўгапольскі ў юнацкім узросце працаваў рабочым на шчаціннай фабрыцы ў г. Невель (1894–1907). У 1909 годзе ён здаў экстэрнам экзамен і атрымаў кваліфікацыю настаўніка пачатковых класаў, а пасля заснаваў у родным горадзе яўрэйскую школу.
У 1912–1918 гг. загадваў яўрэйскім вучылішчам у Гарадку. Уваходзіў у Бунд (1917). У 1918–1921 гг. працаваў інструктарам Наркамасветы па Віцебскай і Магілёўскай абласцях.
У 1922–1932 гг. – дырэктар дзіцячага дома ў Віцебску. У 1925–1932 гг. – літаратурны супрацоўнік, рэдактар яўрэйскай газеты «Кастрычнік» у Мінску. З 1933 года працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР. У 1937 годзе быў незаконна асуджаны. Адбываў пакаранне ў Казахстане. У 1943 годзе вызвалены, жыў на Урале, займаўся педагагічнай працай. Пасля вайны жыў у Віцебску. Цяжка захварэўшы, пераехаў да дачкі ў Ленінград.
Быў рэабілітаваны толькі пасмяротна 5 жніўня 1993 года.
Друкавацца пачаў у 1914 годзе (зборнік «Карціны з мястэчка»). Апавяданне «Электрычнасць» было надрукавана ў газеце «Віцебскі рабочы» ў 1917 годзе. У 1925–1926 гг. у часопісе «Штэрн» быў змешчаны раман «Каля адчыненай брамы».
Выходзілі яго зборнікі апавяданняў «На савецкай зямлі» (1928), «Навыварат» (1929); аповесць «Агітпоезд»; раман «Шоўк» (1933). У пасляваенныя гады на рускай мове выдадзены зборнік апавяданняў «Гэта было даўно» (1950), аповесць «На берагах Сылвы» (1955) і іншыя творы.
Сярод твораў таксама: кніга «Адваротны бок новага быту», зборнік вершаў «З пяром у руцэ» (1932), «Навелы» (1936), п'есы «Барацьба машын», «Да апошняга» (1931) і іншыя.
Стыль яго твораў блізкі стылю газетных нарысаў і фельетонаў. У гэтых жанрах Цодзік Даўгапольскі выступаў таксама. Пісаў на яўрэйскай, беларускай і рускай мовах.
Памёр Цодзік Львовіч 16 ліпеня 1959 года ў Ленінградзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Багдановіч І. Э. Даўгапольскі Цодзік / І. Э. Багдановіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – Т. 2 : Верабей–Іваноў. – С. 332–333.
2. Багдановіч І. Э. Даўгапольскі Цодзік / І. Э. Багдановіч // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 282–283.
3. Іофе, Э. Р. Малюнкі з яўрэйскага мястэчка / Э. Іофе // Літаратура і мастацтва. – 2019. – 20 верас. – С. 11.
4. Кудраўцаў І. Ф. Даўгапольскі Цодзік Львовіч / І. Ф. Кудраўцаў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1998. – Т. 6 : Дадаізм–Застава. – С. 65.
5. Подлипский, А. Старейший писатель / А. Подлипский // Мишпоха. – 1995. – № 1. – С. 125.
6. Рэліс, Р. Аптымізм быў у яго натуры... / Р. Рэліс // Літаратура і мастацтва. – 1969. – 12 жн. – С. 3.
7. Страшня, Р. Праменіла дабрыня ... / Р. Страшня // Літаратура і мастацтва. – 1979. – 10 жн. – С. 14.
СПАСЫЛКІ
Даўгапольскі Цодзік Львовіч. Нашы землякі. Городокская сеть публичных библиотек