Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Даленга-Мастовіч Тадэвуш Стэфанавіч

Дата нараджэння
10.08.1898
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, м. Акунёва
Дата смерці
09.1939
Род дзейнасці
пісьменнік
Спецыялізацыя
літаратура
Жанр
гумарэскі, аповесці, апавяданні, артыкулы, фельетоны

Даленга-Мастовіч Тадэвуш Стэфанавіч нарадзіўся ў м. Акунёва Глыбоцкага раёна 10 жніўня 1898 года. Польскі пісьменнік. Яго бацька Стэфан быў юрыстам, маці Станіслава з роду Патаповічаў была хатняй гаспадыняй у Акунёве, дзе, акрамя Тадэвуша, выхоўвала яшчэ дваіх дзяцей – Уладзіслава i Яніну. Маёнтак Мастовічаў-Патаповічаў быў адным з лепшых у акрузе. Потым сям'я пераехала ў Глыбокае.

Дзяцінства будучага пісьменніка праходзіла ў атмасферы дабрабыту i спакою. Вось як аб гэтым пазней успамінаў сам Мастовіч: «Фатальнай асаблівасцю маіх дзіцячых мараў i жаданняў было тое, што яны ўсе вельмі хутка... здзяйсняліся. Як жа можна доўга цешыць сябе надзеяй, што чалавек стане фурманам, калі ўжо на восьмым годзе жыцця нядрэнна кіруеце парай коней i нават чацверыком. Што застаецца з мары аб шафёры, калі ўжо ў адзінаццаць, з цяжкасцю дакранаючыся нагамі да педаляў, кіруеце аўтамабілем...».

Успаміны пра дзяцінства i асяроддзе, у якім жыла мясцовая шляхта, ляглі ў аснову многіх аповесцей Мастовіча. Вялікую ролю ў яго выхаванні адыграла знаёмства з гісторыяй паўстанцаў. Чытаючы творы Генрыка Сянкевіча, уяўляў сябе ў радах кавалерыі з шабляй у руцэ, і гэта мара ў хуткім часе здзейснілася.

Пасля пачатковай адукацыі дома Тадэвуш паступіў у Віленскую гімназію, якую скончыў у 1915 г. Вядома, што ў час вучобы ў гімназіі ўдзельнічаў у нелегальных патрыятычных арганізацыях.

У час далейшага навучання ў Кіеўскім універсітэце быў членам польскай вайсковай арганізацыі. Грамадзянская вайна, якая пачалася ў 1918 г., надоўга разлучыла яго з сям'ёй. У 1919 г. Т. Мастовіч добраахвотнікам пайшоў у польскую армію, у якой знаходзіўся да 1922 г.

3 1922 г. жыў у Варшаве. У 1923–1924 гг. перабіваўся часовымі ганарарамі, працуючы ў розных газетах. Сітуацыя змянілася ў 1924 г., калі з дапамогай дзядзькі, прафесара Зыгмунта Рыжаля, Тадэвуш Мастовіч уладкаваўся ў рэдакцыю газеты «Рэч Паспалітая». Ужо ў пачатку 1925 г. на старонках гэтай газеты з'яўляюцца артыкулы i фельетоны, падпісаныя псеўданімам «Т.М.». У тым жа годзе з'яўляюцца i першыя апавяданні маладога аўтара. У 1926 г. пicaў пад новым псеўданімам – Даленга. Менавіта ў гэты час пачынаецца яго кар'ера як журналіста, фельетаніста, пісьменніка.

Пасля перавароту ў Польшчы, на чале якога быў Ю. Пілсудскі, Т. Мастовіч стаў актыўным барацьбітом супраць яго рэжыму, так званай санацый. У cвaix з'едлівых гумарэсках ён выкрываў антыдэмакратычную дзейнасць улад, выступаў супраць фізічнай расправы арміі i паліцыі над палітычнымі праціўнікамі санацый. Гнеў пілсудчыкаў абрушыўся на адважнага журналіста. Ён быў схоплены на вуліцы i жорстка збіты.

У 1924 г. Т. Мастовіч пачаў пісаць вялікія творы. Аповесць «Апошнія брыгады» была надрукавана ў 1930 г. на старонках катавіцкай газеты «Палонія», у якой крытыкаваліся звычкі польскіх абывацеляў 1920-х гг.

Найбольшую вядомасць прынесла аўтару публікацыя рамана «Кар'ера Нікадыма Дызмы», дзе была вострая сатыра на рэжым Пілсудскага. У 1932 г. надрукаваны аповесці «Ківоны», «Чэкі без аплаты», «Пракурор Аліцыя Горн». У гэтых творах дадзена характарыстыка палітычных з'яў тагачаснай Польшчы, жыцця мяшчанскага асяроддзя. У творы «Браты Даль i K» раскрываецца сутнасць эканамічнага крызісу тых гадоў.

У 1934 г. пачынаецца супрацоўніцтва Т. Мастовіча з кінематографам. Да 1939 г. з 16 яго твораў было экранізавана 8. У 1937–1938 гг. з'яўляюцца сцэнарыі да фільмаў «Іх дзіця», «Тры сэрцы», «Прафесар Вільчур».

Менавіта ў гэтых творах аўтар нібыта зноў вяртаецца ў свае дзяцінства: раскрывае ix фабулу на прыкладах з жыцця Глыбоччыны. Галоўным маральным стрыжнем апошніх твораў Мастовіча з'яўляецца перамога дабра над злом.

Апошняя аповесць «Дзённік пані Ганкі», якую рэцэнзенты паставілі вышэй папярэдніх твораў, з'явілася ў 1939 г. У ёй апісваецца жыццё «вышэйшых сфер» тагачаснага польскага грамадства, раскрываецца яго інтэлектуальная і маральная пустата. Усяго ў даваенны час у Польшчы было выдадзена 16 твораў Т. Даленгі-Мастовіча.

У час 2-й сусветнай вайны, калі польскае грамадства ахапіла паніка i многія дзеячы ўцяклі за мяжу, Мастовіч стаў на абарону айчыны i яе жыхароў. Паблізу румынскай граніцы ён арганізаваў міліцыю, якая ў адсутнасць улады забяспечвала грамадскі парадак i бяспеку жыхароў мястэчка Куты.

Пісьменнік трагічна загінуў у верасні 1939 г. Пры выездзе з мястэчка ён быў ва ўпор расстраляны савецкімі салдатамі. Па іншай вepcii, Т. Даленга-Мастовіч загінуў пад Львовам.

У 1978 г. астанкі яго былі перазахаваны ў Варшаве на Павянзковых могілках. Творчасць Т. Даленгі-Мастовіча па-ранейшаму папулярная не толькі ў Польшчы, але i ў іншых краінах. Яго творы перавыдаваліся і ў наш час. Аб гэтым сведчыць i папулярнасць фільма «Знахар» у нашай краіне.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бунто, Я. Жыцце i творчасць Т. Даленгi-Мастовiча / Я. Бунто // Веснік Глыбоччыны. – 1998. – 5 жн. – С. 2.

2. Ермалёнак, В. А. Тадэвуш Даленга-Мастовіч / В. А. Ермалёнак // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 167–168.

3. Зотаў, Г. Адысея Тадэвуша Мастовіча / Г. Зотаў // Віцебскі рабочы. – 2001. – 7 крас. – С. 3.

4. Іванова, Г. Глыбоччына багатая на таленты / Г. Іванова // Народнае слова. – 2012. – 1 верас. – С. 6.

5. Нiкалаева, С. Памяцi слыннага земляка прысвячалася / С. Нікалаева // Веснік Глыбоччыны. – 1998. – 14 кастр. – С. 1.

6. Тышко, Я. Аўтар «Знахара» родам з Глыбоччыны / Я. Тышко // Вiцебскі рабочы. – 1998. – 11 жн. – С. 4.

7. Хайноўская, А. Аўтар «Знахара» – з Глыбоччыны / А. Хайноўская // Веснік Глыбоччыны. – 2012. – 1 верас. – С. 4.

8. Хайноўская, А. Польскі пісьменнік з маёнтка Акунёва / А. Хайноўская // Веснік Глыбоччыны. – 2013. – 17 жн. – С. 5.

9. Хайноўская, А. Славуты зямляк / А. Хайноўская // Веснiк Глыбоччыны. – 2003. – 9 жн. – С. 2, 6.