Дамброўскі Франц Вікенцьевіч
Дамброўскі Франц Вікенцьевіч нарадзіўся 27 (8) студзеня (лютага) 1851 года ў Віцебску. Рускі празаік, перакладчык.
У дзяцінстве яго выхоўвалі ксяндзы. Пасля таго, як бацька ў 1863 годзе пакінуў сям'ю, юнак да 19 гадоў рамеснічаў, займаўся сельскагаспадарчымі работамі, дробным гандлем, быў бурлаком, працаваў на чыгунцы, дзе і пачаў «изучать русскую грамоту по Бове, Еруслану». 3 1870 года працаваў у тэатры (акцёр, танцоўшчык, антрэпрэнёр). Некаторы час працаваў наборшчыкам у друкарні газеты «Рижский вестник».
У 1873 годзе Ф. Дамброўскі пераехаў у Пецярбург, дзе іграў у балаганнай трупе, потым прызваны ў армію. 3 1878 года – сакратар рэдакцыі «Указателя по делам печати». 28 мая 1879 года быў высланы з Пецярбурга ў Віцебск пад нагляд паліцыі па падазрэнні ў рэвалюцыйнай прапагандзе. У гэты час пачаў пісаць. Пасля дазволу вярнуўся ў Пецярбург (1881), працаваў у рэдакцыях часопісаў «Наблюдатель», «Новый русский базар», «Родина».
Першая публікацыя – аповесць «Тыповы суддзя» (1882). Аповесць «Дачка сельскага святара» (1887), раман «Палец лёсу» (1888) і іншыя былі адрасаваны ў асноўным гарадскому чытачу з народа. Таксама Франц Вікенцьевіч з'яўляўся аўтарам вучэбных дапаможнікаў «Паляўнічы дома, у полі, у лесе і на вадзе» (1891), «Польска-рускі буквар» (1896), а таксама дарожнага даведніка «Поўны падарожнік па Пецярбургу і ўсіх яго ваколіцах» (1896).
Памёр Франц Вікенцьевіч у ліпені 1909 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Дамброўскі Франц Вікенцьевіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 99–100.
2. Дамброўскі Франц Вікенцьевіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 60.