Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Дубровіч Алесь (Рэдзька Аляксей Рыгоравіч)

Дата нараджэння
1910
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, в. Каралевічы
Дата смерці
1942
Род дзейнасці
паэт
Спецыялізацыя
літаратура
Жанр
вершы, нарысы

Дубровіч Алесь (сапраўднае прозвішча і імя – Рэдзька Аляксей Рыгоравіч) нарадзіўся ў 1910 г. у в. Каралевічы Дзісенскага павета Віленскай губерні (зараз Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). Пасля таго, як скончыў вясковую школу, займаўся самаадукацыяй. Рана пачаў прымаць удзел у рэвалюцыйнай барацьбе. У 1933 г. быў удзельнікам I нелегальнага з'езду пісьменнікаў, які стварыў літаратурны фронт сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі.

Друкавацца А. Рэдзька (псеўданім Алесь Дубровіч ён узяў у 1936 г.) пачаў у 1928 г. у прагрэсіўнай газеце «Доля працы». Творчая дзейнасць А. Рэдзькі непарыўна звязана з вызваленчай барацьбой у Заходняй Беларусі. У сваім паэтычым крэда – вершы «Мы» сцвярджаў: «Натхненне нашае ў змаганні за шчасце новага жыцця». У 1934 г. у часопісе «Літаратурная старонка», які быў легальным камуністычным выданнем у Вільні і вакол яго гуртаваліся рэвалюцыйна настроеныя літаратары, надрукавана «Дэкларацыя трупы паэтаў да ўcix пісьменнікаў Заходняй Беларусі». У гэтую трупу ўваходзіў i А. Рэдзька, які таксама падпісаў дэкларацыю, за што неўзабаве быў арыштаваны польскай уладай i асуджаны. Два з паловай гады ён правёў у Віленскай турме на Лукішках. Палітвязні мелі свой рукапісны часопіс «Краты», дзе змяшчаў свае творы i А. Рэдзька. Пасля судовага працэсу ў 1936 г. выйшаў на свабоду, фактычна адбыўшы пакаранне да суда. У 1936–1939 гг. друкуецца пад псеўданімам А. Дубровіч у заходнебеларускіх перыядычных выданнях «Беларускі летапіс», «Калоссе». Яго вершы мелі выразную сацыяльную афарбоўку, клікалі да вызвалення роднага краю з-пад уціску. Ён марыў пра «сінязорны край», які параўноўваў з «хмарамі, з атарамі», а ў вершы пра абавязак паэта заклікаў яго быць «прарокам яснейшых дзён». Максім Танк, які быў рэдактарам літаратурнага аддзела «Беларускага летапісу», вылучаў вершы А. Дубровіча як досыць яркія i арыгінальныя.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР А. Дубровіч працаваў у валасным рабоча-сялянскім камітэце, выбіраўся старшынёй сельсавета, быў дэлегатам народнага сходу ў Беластоку (1939). Перад Вялікай Айчыннай вайной працаваў у Вілейскай раённай газеце, змяшчаў там вершы, нарысы. У час вайны паэт вёў падпольную работу ў родных мясцінах на Глыбоччыне, трымаў сувязь з партызанамі. У пачатку лістапада 1942 г. гітлераўскія акупанты арыштавалі групу падпольшчыкаў, сярод ix быў i А. Дубровіч. Паэт быў расстраляны разам з роднымі каля вёскі Галубічы.

Перапахаваны на могілках у вёсцы Каралевічы. На месцы расстрэлу, у Жвіроўні, пастаўлены помнік.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Алесь Дубровіч // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 187.

2. Алесь Дубровіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 161–163.

3. Волкаў, I. Паэт-змагар / І. Волкаў // Вiцебскі рабочы. – 2000. – 3 чэрв. – С. 3.

4. Дубровіч Алесь // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1992. – Т. 2 : Верабей–Іваноў. – С. 384–385.

5. Іванова, Г. Глыбоччына багатая на таленты / Г. Іванова // Народнае слова. – 2012. – 1 верас. – С. 6.

6. Паэт-змагар // Веснік Глыбоччыны. – 2012. – 4 жн. – С. 2.

7. Сухараў, В. Паэт-змагар / В. Сухараў // Міёрскія навіны. – 2013. – 5 студз. – С. 8.

8. Чамеза, М. Дубровіч Алесь / М. Чамеза // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1996. – Т. 3 : Гімназіі–Кадэнцыя. – С. 309.