Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Дудараў Аляксей Ануфрыевіч

Дата нараджэння
06.06.1950
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Дубровенскі раён, в. Кляны
Дата смерці
27.02.2023
Род дзейнасці
пісьменнік, драматург, сцэнарыст
з 1973 года
Узнагароды і прэміі
прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2002)
прэмія Ленінскага камсамола (1984)
Дзяржаўная прэмія СССР (1985)
ордэн «Знак Пашаны»

ДУДАРАЎ АЛЯКСЕЙ АНУФРЫЕВІЧ нарадзіўся 6 чэрвеня 1950 года ў вёсцы Кляны Дубровенскага раёна ў сялянскай сям’і.

У 1968 годзе скончыў Наваполацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў. Служыў у Савецкай арміі (1968–1970 гг.), працаваў наладчыкам сувязі (1968), слесарам (1970–1972).

У 1976 годзе скончыў тэатральны факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці «Акцёр драмы і кіно». Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача (1976–1979). У 1979–1983 гг. быў членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага тэлебачання («Тэлефільм», Мінск). У 1991–2002 гг. займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва». З 2003 года з’яўляецца мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра беларускай арміі.

У прозе, драматургіі даследуе маральна-этычныя, духоўныя праблемы жыцця сучасніка, побыт вёскі, раскрывае вытокі перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне; гістарычныя асобы ў творах не пафасна рамантызаваныя персанажы, а рэальныя людзі, падуладныя моцным пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана чыстыя.

Друкуецца з 1973 года. Выдаў зборнік апавяданняў «Святая птушка». Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П'есы «Апошні ўзлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984, Дзяржаўная прэмія СССР 1985) прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцуранне» (1994) – фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа.

Аляксей Дудараў працягвае звяртацца да беларускай гісторыі ў творах «Палачанка» (1998), «Чорная панна Нясвіжа» (1999), «Крыж» (2000). Відавочнае пераключэнне аўтарскай увагі на вобразы жанчын, дзяячак беларускай гісторыі і культуры – Рагнеды, Еўфрасінні Полацкай, Барбары Радзівіл. Гістарычныя асобы ў яго творах не пафасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя.

Гратэск дамінуе ў камедыі А. Дударава «Прынц Мамабук» (1999). Парадоксы нашага часу, вострасацыяльныя рэаліі «схаваны» ў стыхіі мастакоўскай фантазіі, фантасмагорыі.

Па сцэнарыях Дударава пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.). Пераклаў на беларускую мову хроніку У. Шэкспіра «Рычард III».

3 1992 г. старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі. Лаўрэат дзяржаўнай прэміі СССР. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і іншымі ўзнагародамі.У 2002 годзе Аляксею Дудараву прысуджана прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.

Творы А. А. Дударава перакладзены на рускую, славацкую, туркменскую, узбекскую, украінскую, эстонскую, літоўскую, польскую і іншыя мовы.

Памёр Аляксей Ануфрыевіч Дудараў 27 лютага 2023 года.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Аляксей Дудараў // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 191–192.

2. Гнілазуб, В. Яго «Радавыя», «Белыя росы»... / В. Гнілазуб // Сельская газета. – 2015. – 6 июня. – С. 5.

3. Дудараў, А. «Ад меладрамы нікуды не схаваешся» / А. Дудараў ; гутарыў А. Ахметшын // Мастацтва. – 2002. – № 7–8. – С. 11–14.

4. Дудараў, А. «Трэба ўмець дараваць, тады і табе даруюць» / А. Дудараў ; гутарыла Т. Абакумоўская // Рэспубліка. – 1996. – 4 студз. – С. 4.

5. Дудараў, А. А. «Заходзьце ў Саюз! Любыя стваральныя ідэі прымаюцца!» / А. А. Дудараў ; гутарыла В. Ждановіч // Беларусь. – 2017. – № 6. – С. 58–62.

6. Дудараў, А. А. «Пра вайну нельга пісаць небыліцы» / А. А. Дудараў ; гутарыла Т. Команава // Культура. – 2008. – 28 чэрв.–4 ліп. – С. 6.

7. Дудараў, А. А. «Шчаслівы той, хто з БОГАМ!» / А. А. Дудараў ; гутарыў У. Фалалееў // Настаўніцкая газета. – 2013. – 23 лют. – С. 8–9.

8. Дудараў Аляксей Ануфрыевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1998. – Т. 6 : Дадаізм–Застава – С. 253.

9. Дудараў Аляксей Ануфрыевіч // Памяць: Дубровенскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: А. Я. Гаўруцікаў [і інш.] ; уклад.: А. Я. Гаўруцікаў, Р. П. Кахноўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1997. – Кн. 1. – С. 513–514.

10. Дудараў Аляксей Ануфрыевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1985. – Т. 2 : Габой–Карціна. – С. 375.

11. Марчук, Г. Алексей Дударев / Г. Марчук // Советская Белоруссия. – 2015. – 1 дек. – С. 13.

12. Мушынская, Т. Мастака ангажыруе час: Аляксею Дудараву – 50 / Т. Мушынская // Маладосць. – 2000. – № 6. – С. 233–241.

13. Прэмія саюзнай дзяржавы – нашаму земляку А. Дудараву // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2002. – 8 мая. – С. 1.

14. Савік, Л. С. Дудараў Аляксей / Л. С. Савік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1993. – Т. 2 : Верабей–Іваноў. – С. 396–399.

15. Сальнікава, К. І ты, крывавы Рычард, наш кароль! / К. Сальнікава // Роднае слова. – 2004. – № 8. – С. 72–74.

16. Шаўчэнка, У. Дубровенскія «Белыя росы» / У. Шаўчэнка // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2000. – 24 чэрв. – С. 1–2.