Дудышкін Сцяпан Сямёнавіч
Дудышкін Сцяпан Сямёнавіч нарадзіўся 25 снежня 1820 года (па іншых звестках – 6 студзеня 1821 года) у Віцебску. Літаратурны крытык, журналіст.
У 1837 годзе скончыў Віцебскую гімназію, а ў 1841 годзе – юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння некаторы час жыў з прыватных урокаў. 3 1842 года працаваў у Дэпартаменце знешняга гандлю. У 1843 годзе Сцяпан Дудышкін быў пераведзены ў Камісарыяцкі дэпартамент. У 1848 годзе пакінуў службу ў чыне тытулярнага саветніка.
Дэбютаваў у друку ў 1845 годзе. Выступаў з перакладнымі артыкуламі і рэцэнзіямі ў «Журнале Министерства народного просвещения» і «Отечественных записках», часопісе «Современник». У 1852 годзе працаваў у часопісе «Отечественные записки», быў яго вядучым крытыкам, складальнікам штомесячных аглядаў.
Пісаў водгукі пра творы І. А. Ганчарова, А. А. Фета, А. М. Астроўскага, А. Ф. Пісемскага, І. С. Тургенева, Яўгеніі Тур. Першым адгукнуўся на літаратурны дэбют Л. М. Талстога (1852).
З 1860 года стаў рэдактарам і адным з выдаўцоў часопіса «Отечественные записки». Сумесна з А. А. Краеўскім у 1858–1860 гг. выдаў серыю кніг «Гісторыкі і публіцысты найноўшага часу ў перакладзе на рускую мову». Падрыхтаваў першы крытычны збор твораў М. Ю. Лермантава (1860).
Апошнія гады жыцця правёў у Расіі.
Памёр Сцяпан Сямёнавіч 16 (28) верасня 1866 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Аврутин, А. Белорусский открыватель русских классиков / А. Аврутин // Рэспублiка. – 2000. – 3 лют. – С. 10.
2. Бобрович, В. Из Витебска в Петербург / В. Бобрович // Советская Белоруссия. – 2006. – 27 мая. – С. 16.
3. Дудышкін Сцяпан Сямёнавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 111–112.
4. Дудышкін Сцяпан Сямёнавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 67.