Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна
Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна – паэтэса, празаік, драматург, перакладчыца.
Нарадзілася 29 сакавіка 1950 года ў вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і рабочага.
Пасля заканчэння Белаазёрскай сярэдняй школы (1966) працавала тынкоўшчыцай у Белаазёрску. У 1970 годзе скончыла тэхнічнае вучылішча будаўнікоў (Брэст). Працавала чарцёжніцай, тэхнікам, інжынерам інстытута «Брэстграмадзянпраект», адначасова вучылася ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце на вячэрнім факультэце (скончыла ў 1977). Працавала інжынерам на Бярозаўскай ДРЭС, метадыстам Бярозаўскага бюро экскурсій і падарожжаў. 3 1983 года – карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Член СП СССР з 1986 года. У 1993 годзе скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага ў Маскве.
Першы верш надрукавала ў 1967 годзе (бярозаўская раённая газета «Маяк камунізма»). 3 1976 года друкуецца ў рэспубліканскіх выданнях. Аўтар зборнікаў паэзіі «Праводзіны птушак» (1983) і «Абрысы лета» (1988). Піша вершы і казкі для дзяцей. Напісала п'есу для лялечных тэатраў «Канёк-гарбунёк» (паводле аднайменнай казкі П. Яршова, 1984, калектыўны зборнік «Крынічка»), аднаактоўку «У абдымках вятроў» (1985), радыёп'есу «Дудка-самагудка» (пастаўлена ў 1989).
Літаратурная праца З. Дудзюк не абмяжоўваецца толькі паэтычнай творчасцю. У 1997 г. выйшла яе кніга прозы «Палоннікі жыцця», у якой пісьменніца хацела данесці да чытачоў душэўны стан сучасніка, адкрыць драматызм яго лёсу. У рамане «Кола Сварога» (2006) З. Дудзюк упершыню ў беларускай літаратуры зрабіла спробу аднавіць цэласную сістэму светабудовы, якою яе ўяўлялі нашы далёкія продкі. На аснове ўспамінаў, якія пакінулі нам старажытныя гісторыкі, пісьменніца стварыла аповесць-хранограф «Славянскія князі» (2005). Пра жыццё славянскіх плямёнаў на Балканах – яе раман «Велясіты» (2005). Значным дасягненнем беларускай літаратуры стаў гістарычны раман З. Дудзюк «Год 1812» (2004, часопісны варыянт – «Архірэевы скарбы»).
У 2010 годзе ў выдавецтве «Беларускі Дом друку» у серыі «Бібліятэка сучаснай беларускай фантастычнай і прыгодніцкай літаратуры» убачыў свет зборнік «Аднарог», у якім змешчаны аднаіменная фантастычная аповесць, пяць апавяданняў і гістарычны прыгодніцкі раман «Велясіты».
У 2012 годзе Зінаіда Дудзюк выдала кнігу-эсэ «Нямеранае багацце», у якой паспрабавала раскрыць асобныя загадкі славянскай міфалогіі і адметнасць мыслення нашых продкаў.
Яна аўтар дакументальных нарысаў «Лясы і лесаводы Брэстчыны» (2000), «Людзі і гады» (2001), «Леў» (2011), «Вяртанне забытага міфа» (2013), укладальнік кнігі «Песні Белавежы» (2005) з серыі «Беларусь літаратурная». Настаўнікам, кіраўнікам драматычных гурткоў і студый пісьменніца адрасавала свае дапаможнікі «Чароўнае слова» і «Зачараванасць тэатрам».
З. Дудзюк – таленавіты драматург. Добра вядомы яе п'есы-казкі «Сінязорка», «Дудка-самагудка», «Жывая вада», «Канікулы на астэроідзе». Дыпломамі і прэміямі рэспубліканскіх конкурсаў адзначаны п'есы пісьменніцы «Гадзіннік Лікбога», «Лятавіцы», «Кароль смаўжоў», кінасцэнарый «На парозе раю».
Вядома З. Дудзюк і як перакладчыца. На беларускую мову яна пераклала з рускай казку П. Яршова «Канёк-Гарбунок» (1997) і п'есу Т. Амосавай і I. Пятровай «Славутае качаня Цім» (пастаўлена ў 1990), з польскай – камедыю Я. Ходзькі «Вызваленая Літва, або Пераход цераз Нёман» (2002),
Зінаіда Дудзюк з'яўляецца лаўрэатам абласных прэмій «Берасцейская зорка – 1996» у намінацыі «Літаратура», «Пісьменнік года» (2004), літаратурнай прэміі імя У. Калесніка за паэтычны зборнік «Падданыя кахання» і раман «Кола Сварога», а таксама Міжнароднага конкурсу памяці К. М. Сіманава ў намінацыі «Паэзія» (2013), Рэспубліканскага конкурсу «Лепшы твор 2010 года» ў намінацыі «Проза» за кнігу «Аднарог», прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў намінацыі «Літаратура, журналістыка, крытыка» (2019); пераможцам конкурсу паэзіі часопіса «Гаспадыня» (2017) і літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч» у намінацыі «Літаратура для дзяцей» (2018).
Узнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (1994), Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2011), нагрудным знакам «За вялікі ўклад у літаратуру» (2012), юбілейным знакам «1000 гадоў Брэсту» (2019). 1 верасня 2018 г. на ХХV Рэспубліканскім свяце «Дзень беларускага пісьменства» ў г. Іванаве З. І. Дудзюк была ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія. За шматгадовую плённую працу, выдатныя дасягненні ў літаратурнай дзейнасці і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння ў 2020 годе Зінаідзе Іосіфаўне Дудзюк аб'яўлена Падзяка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Жыве ў Брэсце.
ЛІТАРАТУРА
1. Бельскі, Н. Дзве ліры: Зінаіда Дудзюк і Людка Сільнова / Н. Бельскі // Краса і смутак : дапаможнік для настаўнікаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2000. – С. 163–169.
2. В атмосфере художественного поиска и стилевого многообразия : творчество витебских литераторов во второй половине 1960-х – начале 1990-х годов : монография : [в 2 ч.] / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. – Витебск, 2012. – Ч. 1. – С. 318–320.
3. Горынь, У. Пераможцы / У. Горынь // Літаратура і мастацтва. – 2015. – 26 ліп. – С. 1.
4. Грышкевіч, С. Ну і ню: Пакаранне для Ноны / С. Грышкевіч // Літаратура і мастацтва. – 2003. – 26 верас. – С. 3.
5. Дудюк Зинаида Иосифовна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 412.
6. Дудюк Зинаида Иосифовна // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / ред.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн имени П. Бровки, 2006. – Т. 3. – С. 467.
7. Дудзюк Зінаіда // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн мя П. Броўкі, 1998. – Т. 6 : Дадаізм–Застава. – С. 254.
8. Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : [у 6 т.] / АН Беларусі, Інстытут літаратуры ім. Я. Купалы; рэд. А. І. Мальдзіс. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – Т. 2. – С. 399–400.
9. Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – Т. 3. – С. 527.
10. Калеснік, У. Зінаіда Дудзюк / У. Калеснік // Беларусь. – 1985. – № 7. – С. 14–15.
11. Лысая, Г. Па сцяжынках роднай зямлі / Г. Лысая // Літаратура і мастацтва. – 2009. – 21 жн. – С. 14.
12. Лаўрык Т. А. Ахвярнае жаночае каханне ў рамане зінаіды дудзюк «Слодыч і атрута» / Т. А. Лаўрык // Женский подвиг в истории Беларуси. 1917–2017 годы : материалы Международной научно-практической конференции (26 октября 2017 г., Витебск) / Международная общественная организация «Союз православных женщин» [и др. ; редколлегия: Т. Н. Адамян (отв. ред.) и др.]. – Минск, 2018. – С. 197–201.
13. Тарасюк, Л. К. Дудзюк Зінаіда / Л. К. Тарасюк, Я. А. Гарадніцкі // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1993. – Т. 2 : Верабей–Іваноў. – С. 399–400.
14. Тачыцкая, Н. Сцежкай чароўнага лесу / Н. Тачыцкая // Літаратура і мастацтва. – 2015. – № 4 (30 студз.) – С. 12.
15. Шляжка, Н. Лірычнае прадзіва Зінаіды Дудзюк / Н. Шляжка // Літаратура і мастацтва. – 2016. – 6 мая. – С. 7.
СПАСЫЛКІ