Дзмітрыеў Генадзь Рыгоравіч
Дзмітрыеў Генадзь Рыгоравіч нарадзіўся 18 кастрычніка 1943 года ў в. Злыднікі (зараз в. Першамайка) Гарадоцкага раёна. Пасля заканчэння Бычыхінскай сярэдняй школы працаваў загадчыкам клуба рабочай моладзі на Бычыхінскім ільнозаводзе. У 1970 годзе скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Працаваў настаўнікам у Варанчанскай сярэдняй школе Карэліцкага раёна. У 1984 годзе – няштатны карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР па Гродзенскай вобласці, з 1987 года – намеснік дырэктара, дырэктар гэтага бюро, літкансультант. 3 1999 года – намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя».
Пісаць вершы пачаў у школьныя гады. Першы друкаваны верш «Люблю сваю я Беларусь» з'явіўся ў Езярышчанскай раённай газеце «Калгасная вёска» ў 1959 годзе, потым вершы з'явіліся ў рэспубліканскім друку (газета «Чырвоная змена»). Выйшлі тры яго паэтычныя зборнікі «Гарады на далонях» (1974), «Птушка Сінязорка» (1976), «Азярыны» (1980).
3 1979 года – член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Узнагароджаны медалём.
ЛІТАРАТУРА
1. Дзмітрыеў Генадзь Рыгоравіч // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 718–719.
2. Пяткевіч, А. М. Дзмітрыеў Генадзь / А. М. Пяткевіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – Т. 2 : Верабей–Іваноў. – С. 341–342.
3. Пяткевіч, А. М. Дзмітрыеў Генадзь Рыгоравіч / А. М. Пяткевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1998. – Т. 6 : Дадаізм–Застава. – С. 124.
СПАСЫЛКІ