Дзямешка Генадзь Паўлавіч
Дзямешка Генадзь Паўлавіч нарадзіўся 5 лістапада 1918 года ў в. Траскуны Дзісенскага павета Віленскай губерні (зараз Мёрскі раён). Паэт.
Хлопчык рана пачаў працоўную дзейнасць. Ва ўмовах польскай дзяржавы яго рана зацікавіла беларуская літаратура. Пад яе ўплывам ён спрабаваў пісаць свае першыя вершы. Першы верш «Хлёрка» Генадзь Дзямешка напісаў у 1938 годзе, аднак яго творчыя здольнасці праявіліся значна пазней.
Нейкі час працаваў сакратаром Ліпацінскага сельскага Савета, ужо камсамольцам быў прызваны на ваенную службу. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны сустрэў курсантам палкавой школы. Генадзь Дзямешка прайшоў франтавымі дарогамі да канца Вялікай Айчыннай вайны, удзельнічаў у Сталінградскай бітве.
Мірную пасляваенную працу Генадзь Паўлавіч пачаў інструктарам аддзела ЗАГС Полацкага РАУС. З 1954 года і да выхаду на заслужаны адпачынак яго лёс непасрэдна звязаны са службай у міліцыі, доўгі час ён працаваў старшым лейтэнантам міліцыі, участковым у г. Дзісна.
Генадзь Паўлавіч неаднаразова абіраўся дэпутатам Дзісненскага гарадскога Савета дэпутатаў і членам гарвыканкама. З'яўляўся адным з арганізатараў і актыўным удзельнікам народнага клуба ветэранаў «Чырвоны гваздзік» і ветэранскага хору ў г. Дзісна. З 1988 года Г. Дзямешка ўзначальваў пярвічную ветэранскую арганізацыю Дзісненскага гарвыканкама, у апошнія гады з'яўляўся яе ганаровым старшынёй. Актыўна друкаваўся на літаратурнай старонцы «Ручаёк» мёрскай раённай газеты, у розных перыядычных выданнях вобласці і рэспублікі. У 2003 годзе была выдадзена кніга вершаў «Вераснёвы вырай», потым – «Жыцця бруістая крынічка» (2007).
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі, мноствам юбілейных і ведамасных узнагарод.
Памёр Генадзь Паўлавіч 17 студзеня 2017 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Аляксандраў, Л. Творчая справаздача / Л. Аляксандраў // Міёрскія навіны. – 2008. – 23 снеж. – С. 2.
2. Матэленак, Л. Ганаровы ветэран / Л. Матэленак // Міёрскія навіны. – 2013. – 9 лістап. – С. 2.
3. Матэленак, Л. За плячыма – слаўны шлях / Л. Матэленак // Міёрскія навіны. – 2013. – 5 лістап. – С. 1.
4. Матэленак, Л. Не зарасці пракладзенаму следу: Генадзь Дзямешка / Л. Матэленак // Міёрскія навіны. – 2017. – 1 жн. – С. 6.
5. Сауліч, У. Пражыць, як песню спець / У. Сауліч // Сельская газета. – 2015. – 23 июля. – С. 14.
6. Чапулёнак, А. Цёплыя віншаванні і цікавыя ўспаміны / А. Чапулёнак // Міёрскія навіны. – 2013. – 25 мая. – С. 2.
7. Шымуковіч, Ф. «Жыцця бруістая крынічка» / Ф. Шымуковіч // Мiёрскiя навiны. – 2007. – 15 мая. – С. 3.
8. Шымуковіч, Ф. Клікала вера святая / Ф. Шымуковіч // Мiёрскiя навiны. – 2011. – 5 сак. – С. 2.
9. Яско, А. «Я – чараўнік», кажа дзевяностагадовы Генадзь Паўлавіч Дзямешка / А. Яско // Народная газета. – 2009. – 18 крас. – С. 7.
СПАСЫЛКІ