Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Эпімах-Шыпіла Браніслаў Ігнатавіч

Дата нараджэння
04.09.1859
Месца нараджэння
Віцебская губерня, Лепельскі павет, в. Будзькаўшчына
Дата смерці
06.06.1934
Род дзейнасці
навуковец
Спецыялізацыя
фальклор, літаратуразнаўства, мовазнаўства

Эпімах-Шыпіла Браніслаў Ігнатавіч нарадзіўся 4 верасня 1859 года ў фальварку Будзькаўшчына на Лепельшчыне, а дзяцінства яго прайшло ў Залессі (цяпер гэта Полацкі раён Віцебскай вобласці), куды неўзабаве пераехалі бацькі. У дзесяцігадовым узросце Браніслава выправілі ў Рыгу, там ён у 1880 годзе з залатым медалём закончыў Аляксандраўскую гімназію. Потым была вучоба на аддзяленні класічных моў гісторыка-філалагічнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе Б. Эпімах-Шыпіла дасканала авалодаў больш чым дваццаццю старажытнымі і новымі еўрапейскімі мовамі. Вельмі здольнага да навукі выпускніка пакінулі пры ўніверсітэце, дзе ў 1887 годзе вучоны абараніў дысертацыю і атрымаў ступень кандыдата гісторыка-філалагічных навук. 3 гэтага часу пачалася яго выкладчыцкая дзейнасць у розных навучальных установах паўночнай сталіцы: у Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі, на агульнаадукацыйных курсах Чарняева, у мужчынскай і жаночай гімназіях. Каля трыццаці пяці гадоў займаў пасаду памочніка дырэктара бібліятэкі Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1925 годзе па запрашэнні Інбелкульта пераехаў у Мінск, працаваў спачатку рэдактарам, а ў 1927–1929 гг. старшынёй камісіі Інбелкульта па складанні слоўніка жывой беларускай мовы. У ліпені 1930 года быў беспадстаўна арыштаваны і зняволены, у верасні гэтага ж года выпушчаны на волю без права жыць у Мінску.

Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла лічыцца стваральнікам і кіраўніком беларускай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта, у цэлым беларускага культурна-грамадскага руху ў Пецярбургу. Дзякуючы яго рукапіснай «Беларускай хрэстаматыі», што складалася з 1889 да 1931 гг., у гісторыі беларускай літаратуры захаваліся многія арыгінальныя творы таго часу, акуратна перапісаныя і пашпартызаваныя. Рукапісная «Беларуская хрэстаматыя», па ўсім відаць, стала штуршком для стварэння выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», у якой былі надрукаваны творы Э. Ажэшкі, Ф. Багушэвіча, 3. Бядулі, Ц. Гартнага, В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каганца, Я. Коласа, Я. Купалы, Цёткі, А. Чэхава і інш.

Вельмі важную ролю адыграў Браніслаў Эпімах-Шыпіла ў жыцці і творчасці Янкі Купалы. Можна сказаць, ён падрыхтаваў яго як паэта, выхаваў у яго любоў да кнігі, паспрыяў паступленню на курсы А. Чарняева. Б. Эпімах-Шыпіла дапамагаў паэту матэрыяльна – «аддаў у яго распараджэнне пакой, забяспечыў на правах члена сям'і поўным харчаваннем і ўносіў плату за абучэнне на Чарняеўскіх курсах, нават ахвяраваў належную суму грошай на так званыя кішанковыя выдаткі: кіно, тэатр, фурманкі, конкі, параходы».

Новым этапам у жыцці прафесара Б. Эпімах-Шыпілы сталі 20-я гг. XX стагоддзя, калі былі створаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Інстытут беларускай культуры, у якім пастановай Народнага камісарыята асветы вучонага зацвердзілі пажыццёвым сапраўдным членам інстытута. Зусім невыпадкова яго прызначылі ў камісію па складанні слоўніка жывой беларускай мовы.

Браніслаў Эпімах-Шыпіла не толькі рэцэнзаваў дасланыя матэрыялы, але на іх аснове і сам пачаў складанне слоўніка. 3 мовазнаўчых прац Б. Эпімах-Шыпілы вядома таксама грунтоўная рэцэнзія на фальклорны зборнік А. Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926), апублікаваная ў «Запісках аддзела гуманітарных навук. Працы класа філалогіі» (1928, Т. 1, кн. 2, с. 377–380).

Плённасць мовазнаўчай працы Б. Эпімах-Шыпілы пацвярджаюць і «Віцебскі краёвы слоўнік» (1927) М. Каспяровіча, і «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» (1929) М. Шатэрніка, што былі адрэдагаваны ім сумесна з М. Байковым. Ёсць звесткі, што вучоны напісаў яшчэ дзве мовазнаўчыя работы – «Аб пратэтычнасці і аферэзэсе ў беларускай мове» і «Прыназоўнік за з родным склонам», аднак яны дагэтуль не адшуканы.

Памёр Браніслаў Iгнатавіч 6 чэрвеня 1934 года ў пецярбургскай бальніцы імя С. Пяроўскай.

Да 150-годдзя з дня нараджэння вучонага дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка падрыхтавала томік малавядомых архіўных матэрыялаў і навуковай спадчыны Б. Эпімах-Шыпілы. Намаганнямі літаратуразнаўцаў, архівістаў, гісторыкаў і мовазнаўцаў імя Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы заняло годнае месца ў шэрагу імёнаў слаўных прадстаўнікоў беларускага народа.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Кісялёў, Г. В. Эпімах-Шыпіла Браніслаў Ігнатавіч / Г. В. Кісялёў, Т. М. Махнач // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1995. – Т. 6 : Талалай–Яфімаў : Дадатак. – С. 448–450.

2. Кісялёў, Г. В. Эпімах-Шыпіла Браніслаў Ігнатавіч / Г. В. Кісялёў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. В. Біч [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2003. – Т. 6. Кн. II : Дадатак : Усвея–Яшын. – С. 267.

3. Гавяйновіч, В. У роднае Залессе / В. Гавяйновіч // Полацкi веснiк. – 2006. – 12 верас. – С. 2.

4. Запартыка, Г. Справа бібліятэкара Б. І. Эпімах-Шыпілы / Г. Запартыка // Полымя. – 2009. – № 3. – С. 170–174.

5. Карасёў, В. Волат зямлі Полацкай / В. Карасёў // Полацкі веснік. – 2009. – 4 верас. – С. 5.

6. Малашэня, Л. Бацька, настаўнік, апякун нашага Янкі / Л. Малашэня // Народнае слова. – 2006. – 9 верас. – С. 2.

7. Семашкевіч, Р. Браніслаў Эпімах-Шыпіла / Р. Семашкевіч. – Мінск : Навука і тэхніка, 1968. – 109 с.

8. Сопікава, В. Руплівец беларускага адраджэння / В. Сопікава // Літаратура і мастацтва. – 2009. – № 35 (18 верас.). – С. 15.