Гапава Валянціна Ігнатаўна
Гапава Валянціна Ігнатаўна нарадзілася 3 студзеня 1923 года ў в. Малая Чэрніца Віцебскага раёна. Даследчыца беларуска-польскіх і беларуска-рускіх літаратурных сувязяў.
У 1940 г. паступіла на філфак Ленінградскага ўніверсітэта. У якасці ваеннай медсястры прымала непасрэдны ўдзел у барацьбе супраць фашысцкай навалы, адпакутаваўшы ў час ленінградскай блакады. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1946 г. вучылася ў аспірантуры на кафедры славянскіх літаратур, а потым з 1949 г. чытала лекцыі па гісторыі польскай і іншых славянскіх літаратур.
Пераехаўшы ў 1954 г. з Ленінграда ў Мінск, уладкавалася старшым выкладчыкам у педінстытут, а ў 1959 г. перайшла на працу ў Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Беларусі, дзе з 1960 г. да выхаду на пенсію (1986) з'яўлялася старшым навуковым супрацоўнікам.
Валянціна Гапава выдала шэраг кніг: «Эліза Ажэшка. Жыццё і творчасць» (1969), «Зменлівае і спрадвечнае. Вопыт тыпалагічнага даследавання беларускай і польскай "вясковай прозы"» (1975), «Пімен Панчанка (Да 60-годдзя з дня нараджэння)» (1977), «Белорусско-русское поэтическое взаимодействие» (1979), «Перачытваючы "Спадчыну" Янкі Купалы» (1983).
Апрача пералічаных манаграфій даследчыца выступала з разнастайнымі публікацыямі ў калектыўных зборніках і перыядычных выданнях.
Сваімі здзяйсненнямі В. Гапава заваявала належны аўтарытэт не толькі ў беларускім навуковым асяроддзі, але і ў польскім. У 1984 г. польская літаратурная энцыклапедыя прысвяціла ёй асобны артыкул.
Памерла 14 студзеня 2003 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Гапава Валянціна // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1994. – Т. 2 : Верабей–Іваноў. – С. 114–115.
2. Казбярук, У. Плен творчых пошукаў Валянціны Гапавай / У. Казбярук // Роднае слова. – 2003. – № 1. – С. 40.