Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гарбук Вісарыён Сцяпанавіч

Дата нараджэння
11(24).11.1913
Месца нараджэння
Віцебская губерня, Полацкі павет, в. Шкілякі
Дата смерці
08.08.1986
Род дзейнасці
пісьменнік, празаік
Гады творчасці
З 1963 года
Узнагароды і прэміі
Заслужаны работнік культуры Беларусі (1979)

Гарбук Вісарыён Сцяпанавіч нарадзіўся 11 (24) лістапада 1913 года ў в. Шкілякі Полацкага павета Віцебскай губерні (зараз Полацкі раён), пісьменнік, празаік. Пісаў на беларускай і рускай мовах.

Нарадзіўся ў сям'і селяніна-бедняка. Бацька памёр у 1917 годзе. Сямігадовага хлапчука ўзяў да сябе дзядзька Язэп Васілевіч Ключонак, настаўнік пачатковай школы. 3 яго дапамогай Вісарыён Гарбук закончыў школу сялянскай моладзі ў Чашніках, педтэхнікум у Лепелі. Быў сакратаром камсамольскай ячэйкі пры Дварэцкім сельсавеце Чашніцкага раёна; з 1933 года пачаў працаваць настаўнікам і вучыцца завочна, з 1935 года стацыянарна на літаратурным факультэце Мінскага педінстытута. Пісаў вершы, займаўся ў секцыі пачынаючых паэтаў пры Саюзе пісьменнікаў БССР. У красавіку 1936 года беспадстаўна рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў на Калыме. Вярнуўся ў 1940 годзе. Больш года працаваў настаўнікам у Мехаўскай школе (Гарадоцкі раён). Поўнасцю рэабілітаваны ў 1961 годзе. У 1941–1946 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Салдатам у складзе інжынерных войск прымаў удзел у абароне Масквы, вызваленні Беларусі, Варшавы, Одэры. Ваенныя нягоды адбіліся на здароўі. З 1946 года прыкаваны на многія гады да ложка. Толькі ў 1960 годзе ён вярнуўся дадому інвалідам Айчыннай вайны першай групы.

Літаратурнай працай пачаў займацца ўжо будучы цяжка хворым. Гэта стала для яго адзінай магчымасцю актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, быць карысным народу. Працаваў літкансультантам (на грамадскіх пачатках) краявой газеты «Кавказская здравница» (г. Пяцігорск), прымаў удзел у рабоце літаб'яднання пры гэтай газеце, пасяджэнні якога адбываліся ў яго на кватэры, вёў актыўную перапіску і інш.

У 1957 годзе часопіс «Сям'я і школа» змясціў першае апавяданне В. Гарбука «Прагулка ў будучыню». Пазней яго творы друкаваліся на старонках беларускіх перыядычных выданняў, у альманаху «Стаўраполле» і інш. Першы зборнік апавяданняў «Не шукаю спакою» выйшаў у 1963 годзе ў Мінску. Пісаў пра гераізм народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, расказваў пра надзённыя праблемы і з'явы. Асабліва ўдаваліся апавяданні для дзяцей, дзе ёсць цікавыя назіранні, добрае веданне дзіцячай псіхалогіі («Таніны апавяданні», «Алачка-забывалачка», «Хлопчык і герой», «Са мной здарылася неверагоднае» і інш.). Перакладаў на беларускую мову і апрацоўваў для дзяцей казкі народаў Паўночнага Каўказа (зборнік «Напітак волатаў»). Па яго апавяданні «Твар у палоску» пастаўлены тэлефільм (1971).

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1963 года. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1979). Узнагароджаны медалямі.

Памёр Вісарыён Сцяпанавіч 8 жніўня 1986 года ў г. Пяцігорску.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Вашчанка, А. Летапісцы векапомных дзён / А. Вашчанка // Літаратура і мастацтва. – 2015. – № 15 (17 крас.) – С. 8.

2. Вашчанка, А. Настаўнік з вёскі Дварэц / А. Вашчанка // Настаўніцкая газета. – 2009. – 29 студз. – С. 4.

3. Вашчанка, А. «Мой водблеск змучанай душы» / А. Вашчанка // Літаратура і мастацтва. – 2013. – 22 лістап. – С. 12.

4. Вісарыён Гарбук // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 122.

5. Военный дневник Виссариона Гарбука / подгот. И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2014. – 21 кастр. – С. 4.

6. Гарбук Виссарион Степанович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 291.

7. Гарбук Вісарыён Сцяпанавіч // Памяць: Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч ; уклад. С. С. Чарняўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1999. – С. 639.

8. Горбук, В. Военные дневники / В. Горбук // Нёман. – 2014. – № 3. – С. 173–193 ; № 4. – С. 183–209 ; № 5. – С. 225–241.

9. Карасёў, В. Настаўнік. Салдат. Пісьменнік / В. Карасёў // Полацкi веснiк. – 2006. – 1 жн. – С. 6.

10. Не искавший покоя / подгот. И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2013. – 23 ліп. – С. 3.

11. Савік, Л. С. Гарбук Вісарыён / Л. С. Савік, Т. М. Махнач // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1993. – Т. 2 : Верабей–Іваноў. – С. 118–120.

12. Стукалава, Н. Вісарыён Гарбук / Н. Стукалава // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2018. – 24 лістап. – С. 5.

13. Торбина, И. Его называли белорусским Корчагиным / И. Торбина // Віцьбічы = Витьбичи. – 2013. – 14 дек. – С. 7.