Гарулёў Мікалай Аляксандравіч
ГАРУЛЁЎ (МІКОЛА) МІКАЛАЙ АЛЯКСАНДРАВІЧ нарадзіўся 6 лістапада 1919 года ў вёсцы Баева Дубровенскага раёна ў сям’і настаўніка.
Беларускі савецкі пісьменнік, драматург, паэт, перакладчык. У 1941 годзе скончыў аддзяленне рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута. Удзельнік Айчыннай вайны. Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, у часопісе «Советская Отчизна». З 1947 года – член Саюза пісьменнікаў СССР.
У 1966–1968 гг. – загадчык літаратурнай часткі Рускага драматычнага тэатра БССР імя Горкага. З 1970 года адказны сакратар бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі».
Першы верш Мікалай Гарулёў надрукаваў у 1938 годзе ў газеце «Камунар Магілёўшчыны». Пасля вайны спрабаваў свае сілы ў паэзіі, прозе, драматургіі, кіно. У 1949 годзе выдаў асобным выданнем нарыс «Шлях рацыяналізатара». Затым выйшлі кніжкі прозы «Сябры-таварышы», «Сыны народа» (Успаміны Героя Савецкага Саюза М. П. Каралёва ў літаратурным запісе М. Гарулёва), «Новы настаўнік», «Бывайце, любімыя». На падставе апошняй аповесці пісьменнік стварыў дылогію (раманы «Бывайце, любімыя» і «Пасля разлукі»).
У апошні час свайго жыцця працаваў над працягам дылогіі – раманам «Адзінокая жанчына». Асноўная тэматыка творчасці Мікалая Аляксандравіча Гарулёва – вайна, гераізм народа ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, партызанскі рух на Беларусі, адбудова разбуранай гаспадаркі ў пасляваенны час, сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы нашага жыцця, выхаванне моладзі. Выдаў зборнікі вершаў «Аднагодкі», «У дарозе», «Прызнанне».
Аўтар п'ес «Выбух» (разам з М. Алтуховым), «Другое знаёмства», «Прызванне», «Калі любіш», «Мая дачка», якія ставіліся ў Магілёве, Віцебску і Гомелі. П'есы «Друг або вораг», «Помста Палавінкіна» і «Масквіч-408» увайшлі ў зборнік «Нашчадкі».
Перакладаў на рускую мову творы М. Зарэцкага, М. Паслядовіча, Э .Самуйленка, Я. Скрыгана і іншых беларускіх пісьменнікаў.
Памёр Гарулёў Мікалай Аляксандравіч 7 мая 1980 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Гарулёў Мікалай Аляксандравіч // Памяць: Дубровенскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: А. Я. Гаўруцікаў [і інш.] ; уклад.: А. Я. Гаўруцікаў, Р. П. Кахноўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1997. – Кн. 1. – С. 512.
2. Гарулёў Мікалай Аляксандравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1985. – Т. 2 : Габой–Карціна. – С. 53.
3. Горулёв Николай Александрович // Их именами названы : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др]. – Минск : БелСЭ, 1987. – С. 159.
4. Коврова, И. Их именами названы улицы в нашем городе / И. Коврова // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2010. – 8 мая. – С. 3, 6.
5. Кудраўцаў, І. Ф. Радзіма Гарулёва Мікалая Аляксандравіча / І. Ф. Кудраўцаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 263.
6. Мікола Гарулёў // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 126–127.
7. Шыловіч, А. М. Гарулёў Мікола / А. М. Шыловіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1993. – Т. 2 : Верабей–Іваноў. – С. 138–140.