Гейнэ Аркадзь Андрэевіч
Гейнэ Аркадзь Андрэевіч нарадзіўся 10 студзеня 1919 года ў Бешанковічах у сям’і служачага. Бацька яго вядомы як удзельнік барацьбы за Савецкую ўладу на Беларусі, быў членам ЦВК БССР у 20-я гады. Пісаць А. Гейнэ пачаў яшчэ ў школе. Самы першы свой верш ён змясціў у 16 гадоў у рэспубліканскай газеце «Піянер Беларусі» (1934). Акрамя вершаў патрыятычнага накірунку таленавіты аўтар пісаў байкі. Яго творы друкавалі такія газеты, як «Лім», «Сталінская моладзь», «Звязда», «Віцебскі рабочы», «Чырвоная змена», часопісы «Полымя рэвалюцыі», «Іскры Ільіча». Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Бешанковічах Аркадзь Гейнэ некаторы час працаваў у Бешанковіцкай раённай газеце «Сталінец», потым паступіў вучыцца ў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску (1938–1941). Працаваў у рэдакцыях газет.
У пачатку вайны Гейнэ пайшоў добраахвотнікам на фронт. Скончыў курсы каманднага саставу, атрымаў званне малодшага лейтэнанта і быў накіраваны ў дзеючую армію. Там Аркадзь Андрэевіч камандаваў артылерыйскім узводам 66-й механізаванай брыгады. Падраздзяленне нашага земляка асабліва вызначылася ў час Сталінградскай бітвы. У няроўным баі адзін разлік Гейнэ поўнасцю загінуў. Але малады камандзір не разгубіўся ў складанай сітуацыі, мабілізаваў на штурм умацаванняў ворага байцоў астатніх разлікаў. Аднак асколак нямецкага снарада, што разарваўся побач, смяротна параніў наша земляка.
У 1939 годзе выйшаў у свет першы паэтычны зборнік «Шчаслівая зорка». У аднайменным вершы, які ўваходзіць у многія анталогіі, А. Гейнэ здолеў даць узор сапраўднай лірыкі, дзе зліліся пачуццё кахання з пачуццём любові да Радзімы.
ЛІТАРАТУРА
1. Аркадзь Андрэевіч Гейне // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1991. – С. 410.
2. Бярозка, У. Крывёю сэрца / У. Бярозка // Віцебскі рабочы. – 1999. – 16 студз.– С. 3.
3. Драздова, З. У. Гейнэ Аркадзь / З. У. Драздова // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – Т. 2 : Верабей–Іваноў. – С. 172–173.
4. Канапелька, А. Аркадзь Гейне / А. Канапелька // Народнае слова. – 1999. – 3 жн. – С. 5.
5. Краснова-Гусачэнка, Т. За Радзіму – у смертны бой / Т. Краснова-Гусачэнка // Літаратура і мастацтва. – 2010. – 2 ліп. – С. 12.
6. Крачкоўскі, А. «Шчаслівая зорка» шчаслівага паэта / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2009. – 30 студз. – С. 4.