Гмырак Лявон
Гмырак Лявон (літаратурныя псеўданімы Барыс Заяц, Лявон Хмуры; сапраўднае прозвішча Бабровіч Мечыслаў). Нарадзіўся 6(18) красавіка 1891 года ў фальварку Пархвенава Вілейскага павета, зараз в. Параф'янава. Беларускі крытык, публіцыст і празаік.
Вучыўся ў 1-й Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1908 годзе. Пасля адвучыўся ў прыватнай тэхнічна-прамысловай школе ў Варшаве (1912). Працаваў у Вільні, фальварках Віленскай губерні. У 1914 годзе прызваны ў армію.
Біяграфія вывучана недастаткова, магчыма, ён з'яўляецца братам дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі Я. С. Бабровіча.
Друкавацца пачаў з 1913 года ў газеце «Наша ніва», з якой супрацоўнічаў і пазней: друкаваў там апавяданні («Васілёва вяселле»), фельетоны, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы.
Аўтар апавядання «Васілёва вяселле» (1913), нарыса па гісторыі нацыянальна-культурнага руху «Беларускае нацыянальнае адраджэнне» (1914), артыкулаў па гісторыі беларускай культуры, актуальных праблемах сацыяльна-палітычнага жыцця, артыкула «Тарас Шаўчэнка» (1914) і інш.
Выступаў за культурна-нацыянальную аўтаномію Беларусі ў саюзе з дэмакратычнымі сіламі Расіі, супраць хутарызацыі, падатковай палітыкі царызму і г. д. Як крытык абараняў пазіцыі рэалізму і народнасці, выступаў супраць дэкадэнцтва, прызываў пісьменнікаў адгукацца на ўсе важныя з'явы жыцця, абуджаць ў грамадстве гуманныя імкненні, вучыцца ў класікаў сусветнай літаратуры.
Загінуў на фронце ў гады I Сусветнай вайны 30 чэрвеня (13 ліпеня) 1915 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Александровіч, С. Х. Пуцявіны роднага слова : праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы XIX – пачатку XX ст. / С. Х. Александровіч. – Мінск : Выд-ва БДУ, 1971. – С. 217–219.
2. Конан, У. Гмырак Лявон / У. Конан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск. : БелЭн, 1996. – Т. 3 : Гімназіі-кадэнцыя. – С. 54.
3. Палачанін, Ф. А. Лявон Гмырак // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. – Мінск : Беларусь, 2009. – С. 123-124.
4. Хілько, В. Любіў свой край пакутны / В. Хілько // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2001. – 14 крас. – С. 2