Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гутковіч Аляксандр Залманавіч

Дата нараджэння
20.12.1920
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Бешанковіцкі раён
Дата смерці
1989
Род дзейнасці
драматург, рэжысёр
1947–1989
Узнагароды і прэміі
«Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь» (1981)
ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені
ордэн Чырвонай Зоркі

Аляксандр Залманавіч Гутковіч нарадзіўся 20 снежня 1920 года ў Бешанковіцкім раёне, драматург, рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1981).

У 1935 годзе скончыў Верхаўскую сямігадовую школу Бешанковіцкага раёна, потым год вучыўся ў будаўнічым тэхнікуме (Мінск), пасля здачы экстэрнам экзаменаў за 8 і 9 класы – у Бешанковіцкай сярэдняй школе. Пазней стаў студэнтам Ленінградскага інстытута інжынераў прамысловага будаўніцтва, але вучоба ў тэхнічнай навучальнай установе А. Гутковіча не задавальняла, бо ён заўсёды марыў аб сцэне. Правучыўшыся год, пачаў займацца ў студыі Вялікага драматычнага тэатра імя М. Горкага ў Ленінградзе (1938–1939). Адначасова працаваў артыстам дапаможнага складу тэатра.

У 1939 годзе працягваў вучобу на рэжысёрскім факультэце Ленінградскага тэатральнага інстытута. У канцы таго ж года прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў радавым стралковага палка, культмасавым работнікам у палітаддзеле спецвойск Ленінградскага гарнізона. У маі 1941 года дэмабілізаваўся і прыехаў да бацькоў у Бешанковічы, куды яны пераехалі з вёскі. Тут і застала вайна. Разам са сваякамі эвакуіраваўся ў Ніжні Тагіл, быў начальнікам клуба ваеннага завода, потым ваеннага шпіталя ў Бійску. У 1942 годзе мабілізаваны на фронт. Ваяваў на Прыбалтыйскім фронце.

Пасля вайны паступіў на акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. У час вучобы А. Гутковіч з’яўляўся штатным, потым пазаштатным рэпарцёрам БелТА па Мінску, а ў 1948–1950 – пазаштатным карэспандэнтам газеты «Звязда». Скончыўшы ў 1957 г. інстытут, працаваў акцёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Коласа ў Віцебску. З 1957 – загадчык педагагічнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1959 – рэжысёр на Рэспубліканскай студыі Беларускага тэлебачання.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.

Літаратурнай працай займаўся з 1947 г. А. Гутковіч – аўтар шматлікіх п’ес і тэлевізійных пастановак. Разам з Ф. Казлоўскім напісаў п’есу «Справа яе жыцця» (ставілася ў Віцебску і Гродне), «І праўда, і шчасце» (Брэст), інсцэніраваў раман К. Чорнага «Трэцяе пакаленне» (Бабруйск) і раман Д. Гараніна «Шукальнікі» (Віцебск), разам з У. Хазанскім напісаў п’есу «Юныя мсціўцы» (Мінск). Яго пастаноўкі вызначаліся імкненнем да найбольш дакладнага пераносу літаратурнай першакрыніцы на тэлеэкран, добрымі сцэнічнымі якасцямі, шматграннасцю мастацкіх вобразаў і актуальнасцю праблематыкі, яе сацыяльным гучаннем.

Памёр А. З. Гутковіч у 1989 годзе.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Аляксандр Залманавіч Гутковіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1991. – С. 410.

2. Гутковіч Аляксандр Залманавіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; пад агул. рэд. А. В. Сабалеўскага. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 1 : А–К. – С. 326.

3. Козіч, В. І. Гутковіч Аляксандр / В. І. Козіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал. І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – Т. 2 : Верабей–Іваноў – С. 304–305.

4. Крачкоўскі, А. Заслужаны дзеяч мастацтваў / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2002. – 2 ліп. – С. 3.