Кандратаў Мікола
Кандратаў Мікола – беларускі паэт, празаік і перакладчык.
Нарадзіўся 20 мая 1957 года ў в. Замосце Талачынскага раёна.
Скончыў Коханаўскую сярэднюю школу (1974), матэматычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1978), аддзяленне філасофіі і літаратуры Беларускага Калегіюма (2005).
У 1978–1979 гг. па размеркаванні быў накіраваны ў Вілейку, дзе выкладаў матэматыку ў Прафесійна-тэхнічным вучылішчы аўтамабільнага транспарту. Пасля службы ў войску (1979–1980) працуе праграмістам на Мінскім вытворчым аб'яднанні вылічальнай тэхнікі.
У 1997–1999 гг. быў слухачом Авестыйскай астралагічнай школы Паўла Глобы.
У 2003 годзе стаў сябрам суполкі «Літаратурны квартал» (з 2004 года – «Літаратурнае прадмесце»), заснаванай пры газеце «Літаратура і мастацтва».
У паэтычным тэатры «Арт.С» – адзін з арганізатараў задыякальна-паэтычнага праекта «12 сузор'яў» у Літаратурным музеі М. Багдановіча.
З восені 2009 года – член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
З 1994 года пачаў пісаць вершы на беларускай мове.
Аўтар кніг вершаў «Возера Рудакова» (2002) і «Кроплі дажджу» (2013).
З'яўляецца таксама ўкладальнікам і адным з аўтараў кнігі «У святле астралогіі. Лёсы беларускіх літаратараў» (2016). У кнізе «Нявеста для Базыля» (2017) змешчана яго казка «Чалавек і бабёр».
Друкаваўся ў зборніках «Літаратурны квартал» (2003), «Дзень паэзіі–2005», часопісах «Паміж», «Дзеяслоў», «Маладосць», «Полымя», газеце «Літаратура і мастацтва».
Займаецца перакладамі рускай паэзіі на беларускую мову.
У 2008 годзе выйшла кніга вершаў і перакладаў «Вершы і зоркі».
Зараз працуе праграмістам у Мінскім вытворчым аб'яднанні вылічальнай тэхнікі.
СПАСЫЛКІ
Беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Кamunikat». Мікола Кандратаў