Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Дата нараджэння
26.11.1930
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Орша
Дата смерці
23.07.1984
Род дзейнасці
пісьменнік

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў Оршы ў сям’ і рускамоўнага чыноўніка, дзе духоўная атмасфера спрыяла развіццю будучага пісьменніка. Як і сотням тысяч аднагодкаў, У. Караткевічу давялося спазнаць жахлівасць вайны. Пасля вайны вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта (1949–1954). У 1954–1956 гг. ён быў настаўнікам у сельскай школе каля Кіева, з 1956 па 1958 гг. настаўнічаў у Оршы. У 1958–1960 гг. вучыўся на Вышэйшых літаратурных, а ў 1960–1962 гг. – сцэнарных курсах у Маскве. Жыццёвае і творчае сталенне Уладзіміра Караткевіча адбывалася пераважна ў Расіі (Маскве) і на Украіне (Кіеве). Ён арганічна засвойваў там здабыткі блізкіх культур, авалодваў украінскай, рускай, польскай і французскай мовамі. На Беларусь У. Караткевіч вярнуўся ўжо вялікім эрудытам, інтэлектуалам, у ім ужо жыла арганічная цікавасць да ўсяго, што адбывалася і адбываецца на свеце. Ён ужо сябраваў з лепшымі, пераважна «андэграўнднымі» пісьменнікамі Літвы і Латвіі, Грузіі і Арменіі, з якімі разам вучыўся на курсах, быў жаданым госцем у рэдакцыях маскоўскіх часопісаў і майстэрнях рускіх авангардыстаў. Далучанасць У. Караткевіча да славянскай, еўрапейскай, сусветнай цывілізацый дазволіла яму хутка стаць вядучым беларускім пісьменнікам. У 1954 г. У. Караткевіч упершыню стаў удзельнікам рэспубліканскай нарады маладых літаратараў у Каралішчавічах. У 1955 г. у сёмым нумары часопіса «Полымя» з'явіўся верш «Машэка», а ў кнізе «Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта» змешчаны нарыс «Вязынка». У беларускіх перыядычных выданнях пачалі друкавацца яго вершы, якія заўважыла і высока ацаніла крытыка. У красавіку 1957 г. яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР, што значна актывізавала творчую дзейнасць. Паэтычныя зборнікі «Матчына душа» (1958) і «Вячэрнія ветразі» (1960) – першыя кнігі У. Караткевіча.

У асобе маладога аўтара беларуская паэзія набыла яркае і самабытнае дараванне, поўнае паэтычнай узнёсласці, смелай метафарычнасці і глыбіні. Багатая і разнастайная паэзія У. Караткевіча прасякнута любоўю да роднай зямлі і народа. У вершах ён імкнуўся аднавіць гераічныя і трагічныя старонкі гісторыі свайго народа, запісаць старыя паданні, пераліць на свае аркушы «казку мудрую, простую песню, кветку матчынай чыстай душы». Гістарычны аспект у творчасці У. Караткевіча з'яўляецца надзвычай істотным. Паэт імкнуўся зразумець месца свайго народа сярод іншых народаў свету. Моц і бяссмерце яго бачыў у дзейнасці Скарыны, Каліноўскага, Багдановіча і іншых гістарычных асоб. У 1969 г. выйшаў арыгінальны зборнік паэзіі «Мая Іліяда». Паэзія ўвесь час суправаджала талент Уладзіміра Сямёнавіча, жыла ў ім нават тады, калі ён пісаў далёкія ад яе празаічныя творы. Сабраныя разам неапублікаваныя вершы паэта склаліся ў яго пасмяротны зборнік «Быў. Ёсць. Буду» (1986) – паэтычны запавет наступным пакаленням, створаны трапяткой рукой майстра, поўны мудрых высноў жыцця.

Шырокае прызнанне як на Беларусі, так і далёка за яе межамі прынесла У. Караткевічу яго проза. У Маскве быў задуманы першы раман «Леаніды не вернуцца на Зямлю»(«Нельга забыць», надрукаваны ў 1962 г. у часопісе «Полымя»; літаратурная прэмія імя I. Мележа 1983 г.), які мае выразныя прыкметы сацыяльна-філасофскай, інтэлектуальнай і сацыяльна-псіхалагічнай прозы. Менавіта ў ім вуснамі галоўнага героя пісьменнік выказаў сваю творчую праграму: «...Мы напішам першую сапраўдную гісторыю беларускага мастацтва. Гэта цяжка. Нам давядзецца аб'ездзіць разам усю Беларусь, адшукваць тое, што забыта, вывучаць, біць у набат, калі штосьці занядбалі або бураць. Гэта будзе сумленная гісторыя. Яна не будзе забываць ні добрага, ні дрэннага... Ты прыкладзеш да гэтай кнігі веды, а я так выкладу яе, каб яна чыталася запоем, як легенда...». Выкананню гэтай праграмы ён і прысвяціў усё сваё жыццё.

У першы празаічны зборнік У. Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1961) увайшлі гістарычныя аповесці «Сівая легенда» (паводле якой ён стварыў лібрэта да оперы Дз. Смольскага) і «Цыганскі кароль», якія засведчылі, што пісьменнік не проста выдатна ведае мінулае свайго народа, але і ўмее яго ўзнаўляць, «рэстаўрыраваць» у яркіх мастацкіх вобразах. Праграмным творам, пабудаваным на матэрыяле паўстання 1863 г., стаў раман «Каласы пад сярпом тваім» (1965), са старонак якога паўстае Беларусь 60-х гадоў XIX ст., разрэз тагачаснага грамадства знізу даверху. Аповесць «Зброя» (1964; надрукавана ў 1981 г.) сам аўтар лічыў не працягам рамана, а яго адгалінаваннем. Задачы, пастаўленыя мастаком у «Каласах...», часткова знайшлі вырашэнне ў драме «Кастусь Каліноўскі» (1963), дзе паказана само паўстанне. Сярод твораў гістарычнага плана вылучаецца раман і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966; аднайменны кінафільм, 1967) – шырокае палатно, «народная драма» з жыцця сярэдневяковай Беларусі, твор глыбока філасофскі. Да рамана тыпалагічна блізкая легенда «Ладдзя Роспачы» (1964; экранізавана ў 1968 г.) – твор своеасаблівы і арыгінальны, у якім услаўляецца асоба, вызваленая ад пут сярэднявечча.

У. Караткевіч карпатліва вывучаў гісторыю беларускага народа, знаёміўся з яго сучасным жыццём, імкнуўся пабачыць усё новыя і новыя мясціны. Амаль кожнае з падарожжаў (Далёкі Усход, Сярэдняя Азія, Урал, Грузія, Прыбалтыка, Польшча, Чэхаславакія і іншыя краіны) было пакладзена ў аснову літаратурнага твора. Так, пасля паездкі на Далёкі Усход, з'явілася аповесць «Чазенія»; палескія ўражанні сталі асновай для шэрага апавяданняў; жыццё ў Кіеве – для аўтабіяграфічнай аповесці «Лісце каштанаў» (увайшла ў зборнік «Вока тайфуна» (1974). Але часцей за ўсё шляхі вандраванняў вялі пісьменніка па беларускіх гарадах і вёсках, туды, дзе можна пачуць трапнае слова, яшчэ не чутую шырокім колам людзей песню... Знаёмства з запіснымі кніжкамі У. Караткевіча «У дарозе і дома» (надрукаваны ў трох першых нумарах «Полымя» за 1989 г.) дазваляе лепш зразумець, чаму з'явіліся «Казкі Янтарнай краіны», «Краіна Цыганія», «Мсціслаў», «Зямля пад белымі крыламі» (1977) – «візітная картка Беларусі».
3 пастаяннай і асаблівай прыхільнасцю У. Караткевіч адносіўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. Сведчаннем творчых пошукаў пісьменніка, якія дазваляюць яму, з аднаго боку, пазбегнуць гатовых штампаў і, з другога, пісаць гісторыю Беларусі, з'яўляюцца такія гістарычна-прыгодніцкія творы, як аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964; аднайменны кінафільм, 1974 г.) і раман «Чорны замак Альшанскі» (1979–1980; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1984; аднайменны кінафільм, 1984). Створаныя ў адпаведнасці з правіламі рамантычна-прыгодніцкай літаратуры, яны сталі адкрыццём у сучаснай беларускай літаратуры, у першую чаргу, яе дэтэктыўна-прыгодніцкім кірунку.

У 70-я гады да У. Караткевіча прыйшла слава драматурга. У 1974 г. на сцэне Беларускага тэатра імя Я. Коласа з поспехам была пастаўлена п'еса «Званы Віцебска» (рэж. В. Мазынскі), у якой аўтар звярнуўся да падзей Віцебскага паўстання 1623 г. У 1978 г. адбылася прэм'ера п'есы «Кастусь Каліноўскі». Да 100-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы была прымеркавана п'еса «Калыска чатырох чараўніц» (1981; пастаўлена ў 1982 г. ТЮГам). Падзеям Крычаўскага паўстання 1743–1744 гг. драматург прысвяціў трагедыю «Маці ўрагану» (1982; упершыню пастаўлена ў 1988 г. мінскім аматарскім тэатрам «Золак», рэж. Галіна Прыма; у 1990 г. п'еса экранізавана).

Вялікай стратай для беларускай літаратуры стала заўчасная смерць творцы 23 ліпеня 1984 г. «Беларусь даўно чакала такога пісьменніка. I радасна, што ён прыйшоў. I горка, балюча, што ён не змог, не паспеў разгарнуцца яшчэ больш глыбока і шчодра», – адзначыў Я. Брыль у сваім эсэ «Наш Караткевіч».

Прыкметны след пакінуў У. Караткевіч у публіцыстыцы і літаратурнай крытыцы. Ён аўтар шматлікіх нарысаў і эсэ. У яго творчай спадчыне захаваліся малюнкі і ілюстрацыі да ўласных твораў. На працягу ўсяго творчага шляху звяртаўся ён і да мастацкага перакладу. Аўтар сцэнарыяў дакументальных і мастацкіх фільмаў. Творы пісьменніка перакладзены на шматлікія мовы народаў свету. Сведчаннем грамадскага прызнання У. Караткевіча стала ўзнагароджанне яго ў 1980 г. ордэнам Дружбы народаў. Яго імем названы Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва «Мастацкая літаратура». У Оршы і Віцебску У. Караткевічу пастаўлены скульптурныя помнікі.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Верабей, А. Л. Абуджаная памяць : нарыс жыцця i творчасцi Уладзiмiра Караткевiча / А. Л. Верабей. – Мінск, 1997. – 256 с.

2. Верабей, А. Подзвіг творцы / А. Верабей // Белая Вежа. – 2015. – №11. – С. 31–54.

3. Ветрык з Дняпра // Вёрсты пройдзеных дарог / І. А. Яршоў, В. М. Сіднякова. – Магілёў, 2003. – С. 120–125.

4. Гатоўская, Л. Пясняр зямлі пад белымі крыламі / Л. Гатоўская // Витьбичи. – 2011. – 29 нояб. – С. 5.

5. Да 85-годдзя з дня нараджэння У. С. Караткевіча // Телеком-экспресс (Орша). – 2015. – 22 янв. – С. 5.

6. Дамашэвіч, У. Доўг Караткевічу / У. Дамашэвіч // Лiтаратура i мастацтва. – 2008. – 11 студз. – С. 12.

7. Дашкевіч, В. Наш Караткевіч / В. Дашкевіч // Витебский проспект. – 2012. – 29 нояб. – С. 5.

8. Караткевіч Уладзімір // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – Т. 3 : Івашын–Кучар. – С. 159–169.

9. Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; уклад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 424-430.

10. Лютынскі, В. Аршанскія адрасы Уладзіміра Караткевіча / В. Лютынскі // Звязда. – 2016. – 20 верас. – С. 13.

11. Мальдзіс, А. І. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча : партрэт пісьменніка і чалавека / А.І. Мальдзіс. – Мінск., 1990. – 230 с.

12. Марціновіч, Дз. Караткевіч і С. М. : гісторыя кахання / Дз. Марціновіч // Полымя. – 2012. – № 12. – С. 143–151.

13. Мяснікоў, А. Уладзімір Караткевіч (1930-1984) // Сто асоб беларускай гісторыі : гіст. партрэты / А. Мяснікоў. – Мінск, 2008. – С. 313–316.

14. Панізнік, С. «Свет мяне паўторыць...» / С. Панізнік // Літаратура і мастацтва. – 2014. – 25 ліп. – С. 8.

15. Радомская, Л. Д. Уладзімір Караткевіч і Орша / Л. Д. Радомская. – Орша, 1998. – 48 с.

16. Русецкі, А. У. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць / А. У. Русецкі. – Мінск., 2000. – 300 с.

17. Сегодня Владимиру Короткевичу исполнилось бы 85 лет // Советская Белоруссия. – 2015. – 26 нояб. – С. 12–13.

18. Станкевич, Р. Мой Короткевич // Советская Белоруссия. – 2010. – 25 нояб. – С. 14.

19. Сямашка, М. Шматгранны талент / М. Сямашка // Аршанская газета. – 2010. – 25 ліст. – С. 3.

20. Турок, Н. Зорка імя славутага пісьменніка / Н. Турок // Аршанская газета. – 2015. – 28 ліст. – С. 3.

21. Уладзімір Караткевіч // Телеком-экспресс (Орша). – 2010. – 18 нояб. – С. 2.

22. Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду! : успаміны, інтэрв'ю, эсэ / уклад. Г. В. Шаблінскай. – Мінск, 2005. – 518 с. - (Жыццё знакамітых людзей Беларусі).

23. Цветков, Ю. Кино Владимира Короткевича / Ю. Цветков // Беларуская думка. – 2007. – № 10. – С. 160–168.

24. Чаропка, В. Бласлаўленне класіка або аванс на будучыню / В. Чаропка // Маладосць. – 2016. – № 12.– С. 128–134.

25. Чаропка, В. Бласлаўленне класіка або аванс на будучыню / В. Чаропка // Маладосць. – 2016. – № 12.– С. 128–134.

26. Шабека, А. Аднакласнік, настаўнік, сябар... / А. Шабека // Літаратура і мастацтва. – 2013. – 13 верас. – С. 12.

27. Штэйнер, І. Ф. Свет шчодры. Свет мяне паўторыць... : паэзія У. Караткевіча і класічныя традыцыі / І. Ф. Штэйнер. – Мінск., 2008. – 120 с.

28. Шурдукова, А. Песняр беларускай зямлі / А. Шурдукова // Аршанская газета. – 2015. – 28 ліст. – С. 3.

29. Ягоўдзік, У. Незабаўны вечар / У. Ягоўдзік // Аршанская газета. – 2015. – 4 жн. – С. 3.

30. Яршоў, І. Зямля Караткевіча / І. Яршоў, В. Сіднякова. – Орша, 1997. – 238 с. : іл.