Хатулёў Пятро (Пётр Фёдаравіч)
Хатулёў Пятро (Пётр Фёдаравіч) нарадзіўся 29 чэрвеня 1912 года ў Віцебску. Літаратурны крытык.
Біяграфічных звестак пра П. Хатулёва захавалася няшмат. Вядома, што ён меў вышэйшую адукацыю (найбольш верагодна, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у 1934 годзе). Жыў у Мінску. Працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Быў рэпрэсаваны: у лістападзе 1936 года арыштаваны, а ў 1937 годзе – асуджаны (вышэйшая мера пакарання). Расстраляны разам з вялікай групай беларускіх пісьменнікаў. Быў рэабілітаваны 29 верасня 1966 года.
Пятро Хатулёў пачаў выступаць на старонках беларускага перыядычнага друку з 1932 года. Найбольш часта публікаваўся на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» ў 1934–1936 гг. (артыкулы, рэцэнзіі, нататкі пра творчасць А. Александровіча, П. Броўкі, Э. Самуйлёнка, Ю. Таўбіна, У. Хадыкі, У. Шапавалава і інш.).
Выступаў супраць вульгарызатарскага падыходу да літаратуры, уціскання ў «архірэвалюцыйныя догмы шматграннай творчасці народа». Крытыкаваў такіх «рыцараў ад крытыкі», якія «аналізуюць кожную літару кніжкі з пункту гледжання сусветнай рэвалюцыі, і калі заўважаюць, што ў героя надзвычай блакітныя васільковыя вочы... адразу... крычаць, што ў гэтых вачах аўтар твора паказвае нацыяналістычную "васільковую Беларусь"». Сам крытык імкнуўся найперш разглядаць мастацкія творы з эстэтычных пазіцый. Аднак на справе і ён не заўсёды ішоў абраным кірункам, бо гэта было амаль немагчыма ў той атмасферы. Так, крытыкуючы думкі М. Піятуховіча пра М. Багдановіча, П. Хатулёў заблытваўся ва ўласных ацэнках і падзяляў спадчыну М. Багдановіча на тую, якую «трэба выкарыстоўваць», і тую, якая «паўтарае "зады"» беларускага буржуазнага нацыяналізму, рускага і заходняга сімвалізму». Крытыкаваў У. Хадыку за «адарванасць ад жыцця» і эстэтычныя вонкавыя любаванні з'явамі рэчаіснасці. Адчуваючы абсурднасць класавых ацэнак у адносінах да літаратурнага мінулага, заклікаў улічваць гістарычны час і не шукаць «ворагаў» у XIX ст.
ЛІТАРАТУРА
1. Багдановіч, І. Э. Хатулёў Пятро / І. Э. Багдановіч, М. П. Барташэвіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1995. – Т. 6 : Талалай–Яфімаў. Дадатак. – С. 177.
2. Хатулеў Пятро // Пісьменнікі – нашы землякі : (біяграфічныя звесткі) / Віцебская абласная бібліятэка, Аддзел бібліятэказнаўства і навуковых даследаванняў ; [склад. А. М. Лемеш]. – Віцебск, 1996. – С. 18–19.