Кірвель Анатоль Мяфодзьевіч
Кірвель Анатоль Мяфодзьевіч нарадзіўся 23 ліпеня 1939 года ў в. Вітунічы Докшыцкага раёна. Беларускі пісьменнік, публіцыст, грамадска-культурны дзеяч. У 1968–1971 гг. вучыўся ў Мінскім дзяржаўным педінстытуце замежных моў.
Працаваў у Карэліі, Валагодскай вобласці (Расія). 3 1977 г. жыў у Санкт-Пецярбургу. Быў слесарам, маляром, мастаком-афарміцелем, будаўніком. Рэдактар-выдавец незалежнай газеты пецярбургскіх беларусаў «Родзічы» (выходзіць са снежня 1991). Старшыня суполкі міжнароднага фонду Я. Купалы, член Рады Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу, прэзідэнт Незалежнай асацыяцыі аматараў прыгожага пісьменства «Новая Беларусь» (Санкт-Пецярбург), якая займаецца наладжваннем літаратурных сувязей пецярбургскай дыяспары з Бацькаўшчынай. Удзельнічаў у Мінску ў рабоце I Міжнароднага кангрэса беларусістаў (1991), Сходу беларусаў блізкага замежжа (1992), трох з'ездаў беларусаў свету (1993, 1997, 2001). Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1995).
Першае апавяданне «Бульбіна» надрукаваў у 1967 г. у часопісе «Маладосць». Аўтар зборнікаў апавяданняў, вершаў і мініяцюр у прозе, афарызмаў і інш. («Човен Харона», 1993; «Урбанія», 1994; «Чалавеку ўласціва», «Формула замежжа», абодва 1996; «Ласінае крэда», 1997; «Адзінка вымярэння», 2000; «Мармуровы воўк», «Вакансія», абодва 2001; «Мёртвы горад», 2002; «Сумная кніга пра звяроў», 2003), укладальнік і выдавец зборніка паэзіі «Тры грацыі» (2002). У беларускай перыёдыцы апублікаваў шэраг літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў пра творчасць маладых беларускіх празаікаў і паэтаў пад назвай «Літаратурная палітра».
Анатоль Кірвель пайшоў з жыцця 8 мая 2008 года.
ЛІТАРАТУРА
1. З Айчынай у сэрцы // Літаратура і мастацтва. – 2008. – 23 мая. – С. 12.
2. Кірвель Анатоль Мяфодзьевіч // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 625.
3. Палачанін, Ф. А. Анатоль Кірвель // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. – Мінск : Беларусь, 2009. – С. 125.