Корбан Уладзімір Іванавіч
КОРБАН УЛАДЗІМІР ІВАНАВІЧ нарадзіўся 25 жніўня 1910 года ў г. Барань Аршанскага раёна ў сям'і рабочага.
Рэвалюцыю будучы пісьменнік сустрэў у Петраградзе, куды бацькі пераехалі ў 1914 годзе. Пасля грамадзянскай вайны сям'я вярнулася ў Барань. Тут, не скончыўшы і пяці класаў, У. Корбан паступіў вучыцца на токара. У 1930 годзе скончыў сярэднюю вячэрнюю школу і два гады працаваў токарам-расточнікам на суднабудаўнічым заводзе ў Ленінградзе.
У 1932–1934 гг. служыў у Чырвонай Арміі пад Мінскам. Затым працаваў старшынёй заўкама аршанскага завода «Чырвоны Кастрычнік», старшынёй будкама льнокамбіната. Завочна вучыўся ў Мінскім юрыдычным інстытуце (скончыў два курсы). У верасні 1939 года ўдзельнічаў у вызваленчым паходзе ў Заходнюю Беларусь.
У гады Вялікай Айчыннай вайны камандаваў стралковай ротай, працаваў у аператыўным аддзеле штаба дывізіі. Удзельнічаў у баях пад Бранскам і Арлом, у вызваленні Беларусі, у баях ва Усходняй Прусіі. У 1948–1952 гг. зноў працаваў на заводзе «Чырвоны Кастрычнік» – галоўны механік, начальнік цэха, начальнік аддзела кадраў. У 1946–1948 гг. – дырэктар цвікавага завода ў Лідзе. У 1952 г. пераехаў у Мінск і працаваў у часопісе «Вожык», у 1967–1971 гг. яго галоўны рэдактар.
Першую байку ў рэспубліканскім друку надрукаваў у 1946 годзе (друкавацца пачаў крыху раней у армейскай перыёдыцы – байка «Цяля і ліса» і інш.). Аўтар больш пятнаццаці кніг баек, вершаў, апавяданняў, сярод іх – «Мы іх ведаем», «Байкі», «3 вецярком», «Дакладныя прыкметы», «Гарачая прыпарка», «Дзе гэта вуліца?», «Да цешчы на бліны», «Сіняк», «Не на сваім месцы», «Свінні ў рэпе», «Дзям'янава юшка», «Шклянка чаю». Аўтар кніжак для дзяцей «Янка і санкі», «Пра жывёл і пра звяроў», «Учора, сёння і заўжды», «Суседні двор».
Творы У. Корбана вызначаюцца актуальнасцю тэматыкі, сатырычнай вастрынёй, мастацкай прастатой. Рабіў ён таксама вершаваныя подпісы да плакатаў і паштовак.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР.
Памёр Уладзімір Іванавіч 30 лістапада 1971 года. Імем У. Корбана названы вуліцы, а таксама ўстаноўлены дошкі ў Оршы і Барані.
ЛІТАРАТУРА:
1. Корбан Уладзімір Іванавіч // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 430.
2. Лепшай долі мне не трэба // Вёрсты пройдзенных дарог / І. А. Яршоў, В. М. Сіднякова. – Магілёў : Магілёўская друкарня, 2003. – С. 67–73.
3. Макаранка, Т. Білет у жыццё даў Якуб Колас / Т. Макаранка // Культура. – 2008. – 29 лістап. – С. 23.
4. Салтук, О. Сур'ёзны смешны жанр / О. Салтук // Вiцебскі рабочы. – 2005. – 25 жн. – С. 15.
5. Уладзімір Корбан // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 294.
6. Чыгрын, І. П. Корбан Уладзімір / І. П. Чыгрын // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1992. – Т. 3 : Івашын–Кучар. – С.374.
7. Яршоў, І. Вялікая Айчынная вайна ў творах літаратараў Оршы і Аршаншчыны / І. Яршоў // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 25 июня. – С. 7.