Лада-Заблоцкі Тадэвуш
Лада-Заблоцкі Тадэвуш нарадзіўся 28 жніўня 1811 года ў в. Лугінавічы Сенненскага павета ў шляхецкай сям'і. Паэт і перакладчык. Пісаў на польскай, французскай, рускай і беларускай мовах.
Першапачатковую адукацыю атрымаў у Віцебскай семінарыі пры кляштары базыльян. У 1829 годзе – хатні настаўнік дзяцей пані Кацярыны Дышлеўскай у в. Вышадкі Суражскага павета. У 1831 годзе скончыў Віцебскую гімназію.
Пасля заканчэння гімназіі паступіў на славеснае аддзяленне ў Маскоўскі ўніверсітэт за кошт Беларускай акругі. Пазнаёміўшыся з В. Р. Бялінскім, увайшоў у створанае ім у студэнцкім інтэрнаце «Літаратурнае таварыства 11-га нумара». Лада-Заблоцкі разам з Янам Савінічам арганізаваў у асяроддзі польскіх студэнтаў універсітэта таемнае «Таварыства аматараў айчыннай славеснасці».
Свае вершы-заклікі антысамадзяржаўнага зместу маскоўскі студэнт накіроўваў да выхаванцаў Віцебскай гімназіі. За знойдзены паліцыяй ліст да гімназіста Зянона Міхайлаўскага Тадэвуш быў выключаны з універсітэта. У чэрвені 1833 года арыштаваны і высланы ў Віцебск.
Асуджаны на 22 гады выгнання і сасланы ў Таганрог. У 1838 годзе паэт быў адпраўлены радавым батальёна сапёраў у Каўказскі корпус. У высылцы ён працягваў пісаць вершы на польскай мове, якія былі апублікаваны ў польскіх часопісах.
У 1846 годзе быў вызвалены ад салдацкай службы і прызначаны ўпраўляючым Кульпінскімі салянымі промысламі ў Грузіі.
Памёр Тадэвуш Лада-Заблоцкі ў жніўні 1847 годзе ад эпідэміі халеры.
Як паэт-патрыёт лепшыя свае творы ён прысвяціў Беларусі: паэма «Ваколіцы Віцебска», балада «Ляшка», вершы «Да Дзвіны», «Да Лучосы», «Вілія», «Даўжанскае возера» і іншыя. Нямала твораў пра Каўказ: «Алазанская даліна», «Да бярозкі ў гарах Каўказа». У рукапісе захаваліся «Матэрыялы да гісторыі славянскай цывілізацыі і літаратуры», «Погляды на гісторыю грузінскай літаратуры».
Паэт перакладаў на польскую мову творы англійскіх, французскіх, лацінскіх, грузінскіх, румынскіх, украінскіх паэтаў. У перакладзе на французскую мову выдадзены ўкраінскія народныя песні «Украінскія песні» (1845). На рускую мову пераклаў выданне «Гісторыя ўсходняй частцы Закаўказскага краю» Бакіханава.
ЛІТАРАТУРА
1. Аўтабіяграфія Т. Лады-Заблоцкага // Пачынальнікі: з гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст. / уклад. Г. В. Кісялёў. – Мінск : Беларуска навука, 2003. – С. 484.
2. Галасы і зоры Дзвіны // Камяні тых сядзібаў / К. А. Цвірка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 136–144.
3. Лада-Заблоцкі Тадэвуш Гіляравіч // Яны нарадзіліся на Сенненшчыне : біяграфічны даведнік / склад. А. В. Бараноўскі. – Віцебск : ВДУ імя Машэрава, 2016. – С. 81–83.
4. Лада-Заблоцкий (Заблоцкий-Лада) Тадеуш Гиляриевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 21.
5. Мальдзіс А. В. Лада-Заблоцкі (Заблоцкі-Лада) Тадэвуш Гіляравіч / А. В. Мальдзіс // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1999. – Т. 9 : Кулібін–Малаіта. – С. 95.
6. Мальдзіс, А. І. Лада-Заблоцкі (Заблоцкі-Лада) Тадэвуш Гілярыевіч / Г. В. Кісялёў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1986. – Т. 3 : Карчма–Найгрыш. – С. 193.
7. Мальдзіс, А. В. Лада-Заблоцкі (Заблоцкі-Лада) Тадэвуш Гілярыевіч / А. В. Мальдзіс // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: В. В. Калістратава [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – Т. 5 : Л–М. – С. 12.
8. Мархель, У. Лада-Заблоцкі (Заблоцкі-Лада) Тадэвуш Гіляравіч / У. Мархель // Энцыклапедыя гісторыя Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1997. – Т. 4 : Кадэты–Ляшчэня. – С. 329.
9. Мархель, У. У становішчы выгнанніка / У. Мархель // Краязнаўчая газета. – 2006. –№ 35 (верас.).– С. 4.
10. Русецкі, А. «Паэт сэрца»: Тадэвуш Лада-Заблоцкі / А. Русецкі // Літаратурныя постаці Віцебшчыны: гісторыя і сучаснасць : зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: В. І. Русілка [і інш.]. – Віцебск : Вiцебскі дзяржаўны універсітэт, 2008. – С. 51–62.
11. Скапа, У. Р. Вызначаўся паэтычным талентам.../ У. Р. Скапа // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 66–67.
12. Харубскі, А. Тадэвуш Лада-Заблоцкі (1811-1847) – паэт, палітычны ссыльны, грамадскі дзеяч // Віцебскі сшытак. – 1997. – № 3. – C. 17–23.
13. Хмяльніцкая, Л. За што судзілі паэта Тадэвуша Ладу-Заблоцкага / Л. Хмяльніцкая // Вiцебскі сшытак. – 1997. – N 3. – C. 24–32.
14. Хорушевский, Е. Оставили след в истории района / Е. Хорушевский // Сцяг Перамогi (Лёзна). – 2007. – 23 чэрв. – С. 2.