Лебяда Тодар
Лебяда Тодар (сапраўднае імя – Шырокаў Пётр Фёдаравіч) нарадзіўся 6 студзеня 1914 года ў Віцебску ў сям'і рабочага. Паэт, драматург, празаік.
Пасля заканчэння сямігодкі хлопчык паступіў у рамеснае вучылішча чыгуначнікаў. Яшчэ ў школьныя гады пісаў вершы, а ўжо ў вучылішчы цвёрда вырашыў займацца літаратурай. У 1933 годзе Пётр Шырокаў паступіў у Мінскі педагагічны інстытут. У гэты час яго нарысы і вершы друкуюцца ў газетах «Віцебскі рабочы», «Савецкая Беларусь» і «Піянер Беларусі».
У 1936 годзе ён і яшчэ адзінаццаць студэнтаў інстытута былі абвінавачаны ў буржуазным нацыяналізме і арыштаваны. Вярхоўны суд БССР асудзіў яго на 5 гадоў. Тэрмін адбываў у Новасібірскай вобласці. У 1946 годзе па хадайніцтве жонкі Б. Цыпінай Тодара Лебяду прывезлі ў Мінск, «для перагляду справы», а з Мінска адправілі ў г. Чэрвень, дзе і застала яго вайна. У гады акупацыі жыў з сям'ёй у Віцебску. У 1943–1944 гг. – рэдактар газеты «Беларускае слова».
Пісаў вершы, апавяданні, драматычныя творы. У Віцебску была напісана п'еса «Загубленае жыццё» – першы антыбальшавіцкі твор у беларускай драматургіі. У 1943 годзе рэжысёр В. Селях-Качанскі ажыццявіў пастаноўку гэтай п'есы на сцэне Мінскага гарадскога тэатра, а ў 1952 годзе яна выйшла ў Канадзе асобным выданнем. У 1944 годзе з'явіўся яго першы паэтычны зборнік «Песні выгнання». У яго ўвайшлі вершы, напісаныя Т. Лебядой у сталінскіх лагерах.
У 1944 годзе, падчас адступлення немцаў, Тодар Лебяда вырашыў уцячы на Захад: спачатку быў Берлін, а пасля – Прусія. У маі 1947 года Ваенны Трыбунал войск Міністэрства ўнутраных спраў Мінскай вобласці зноў асудзіў Тодара Лебяду, на гэты раз на 25 гадоў. У якіх раёнах Сібіры адбываў ён свой тэрмін, невядома. Вядома толькі, што 30 жніўня 1956 года ён быў вызвалены, але ў Беларусь вярнуцца яму не дазволілі.
І толькі ў 1960 годзе Тодар Лебяда прыехаў у г. Слонім, дзе працаваў рэзчыкам паперы на кардонна-папяровай фабрыцы «Альбярцін». У вольны ад працы час, ён па-ранейшаму пісаў вершы, апавяданні і п'есы. Некаторыя былі надрукаваны ў слонімскай газеце «Вольная праца». Тут была напісана п'еса ў трох актах «У нас, на Гродзеншчыне», прысвечаная вясковаму жыццю. У гэты час было напісана і некалькі аднаактавых п'ес. Адна з іх – «Людзі ва Хрысце» – была надрукавана ў «Вольнай працы». Валодаў Тодар Лебяда і жанрам апавядання. Пісаў гумарыстычныя апавяданні і абразкі на маральна-этычныя тэмы.
У студзені 1962 года Тодар Лебяда пераехаў у г. Чэрвень Мінскай вобласці і пачаў працаваць сакратаром у рэдакцыі раённай газеты «Уперад». Там ён пісаў вершы, фельетоны, гумарэскі. Яго творы друкаваліся не толькі ў гэтай газеце, але дасылаліся аўтарам і ў рэспубліканскія выданні. Але падпісаны яны былі ўжо другім псеўданімам – Клім Каліна.
У канцы 1962 года Тодар Лебяда пакінуў Беларусь назаўсёды і паехаў на Разаншчыну ў Расію. Там ён правёў апошнія гады свайго жыцця.
Памёр Тодар Лебяда ў пачатку 1970 года. Яго пахавалі ў п. Воршава Пуцяцінскага раёна Разанскай вобласці.
ЛІТАРАТУРА
1. Лебяда Тодар // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1999. – Т. 9 : Кулібін–Малаіта. – С. 176–177.
2. Лебяда Тодар // Пісьменнікі – нашы землякі : (біяграфічныя звесткі) / Віцебская абласная бібліятэка, Аддзел бібліятэказнаўства і навуковых даследаванняў. – Віцебск, 1996. – С. 12–13.
3. Чыгрын, С. М. Масей Сяднёў і Тодар Лебяда / С. М. Чыгрын // Дзеяслоў. – 2018. – № 3. – С. 230–235.
4. Чыгрын, С. Тодар Лебяда пісаў апавяданні / С. Чыгрын // Літаратура і мастацтва. – 2009. – 6 лют. – С. 12.
СПАСЫЛКІ