Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Лось Еўдакія Якаўлеўна

Дата нараджэння
01.03.1929
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Ушацкі раён, в. Старына
Дата смерці
03.07.1977
Род дзейнасці
паэтэса
Узнагароды і прэміі
прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1972)
Літаратурная прэмія імя А. Адамовіча (2005)
ордэн «Знак Пашаны»

Лось Еўдакія Якаўлеўна нарадзілася 1 сакавіка 1929 года ў в. Старына Ушацкага раёна, паэтэса. Бацька Якаў Васільевіч і маці Наталля Якаўлеўна працавалі ў калгасе. У 1934 годзе сям'я перасялілася ва Ушачы, і яны пачалі працаваць у раённай друкарні.

Да вайны Е. Лось скончыла 5 класаў. Пасля заканчэння Ушацкай сямігодкі вучылася на школьным аддзяленні Глыбоцкага педвучылішча (1945–1948), затым на аддзяленні мовы і літаратуры педінстытута ў Мінску (1948–1955). Працавала літработнікам у рэдакцыі газеты «Зорька» (1951–1952), рэдактарам мовы і літаратуры Вучэбна-педагагічнага выдавецтва БССР (1952–1959). У 1959–1961 гг. вучылася на Вышэйшых літаратурных курсах пры СП СССР у Маскве. 3 1961 года – літсупрацоўнік газеты «Звязда», з 1963 года – на творчай рабоце. У 1970–1972 гг. працавала адказным сакратаром часопіса «Работніца і сялянка», з 1975 года – галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка». Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі, ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў БССР і Латвійскай ССР.

Першы верш «Сэрца дзяўчыны» надрукаваны ў часопісе «Работніца і сялянка» ў 1948 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Сакавік», «Палачанка», «Людзі добрыя», «Хараство», «Яснавокія мальвы», «Перавал», «Галінка з яблыкам», «Лірыка ліпеня», паэм «Гавораць несмяротныя», «Мой свет», «Мая Хатынь», «Высакосны год», «Матчына трывога», «І кaлacye дaўгaлeццe».

Яе паэзія шчырая, сагрэта пачуццём любові да Радзімы, да людзей. У многіх вершах – біяграфія тых, хто перажыў вайну ў дзіцячым узросце, чыё юнацтва супала з пасляваенным клопатам аднаўлення краіны. Людскія ўзаемаадносіны, нялёгкі жаночы лёс – асноўны змест яе ўсхваляванай лірычнай споведзі. Вялікім аптымізмам і разам з тым трагічнымі прадчуваннямі кранаюць радкі вершаў «Бараўлянскага сшытка». Вырашэнню маральна-этычных праблем жыцця сучаснікаў прысвечаны зборнікі прозы «Пацеркі», «Травіца – брат-сястрыца». Пісала вершы для дзяцей («Абутая елачка», «Казка пра Ласку», «Вясёлікі», «Зайчык-выхваляйчык», «Дванаццаць загадак»). Творы, адрасаваныя маленькаму чытачу, вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, даступнасцю зместу, дакладнасцю вобразаў. Вершы і паэмы Е. Лось перакладаліся на рускую, украінскую, літоўскую і іншыя мовы. Музыку на яе вершы напісалі У. Алоўнікаў, Т. Вагнер, Д. Камінскі, Ю. Семяняка, Д. Смольскі і інш. Яе імем названы вуліца ў Віцебску, Ушацкая раённая бібліятэка.

Еўдакія Якаўлеўна вельмі любіла сваю малую радзіму – Ушаччыну, часта сюды наведвалася, прыходзіла ў раённую бібліятэку. Ушаччыне яна прысвяціла шэраг сваіх вершаў:

«...Паедземце, дружа, ва Ушачы,

Там зараз вясна, ды вясна

Бярэзіна соладка плача,

Над рэчкай – вятроў гамана...»

Памёрла Еўдакія Якаўлеўна Лось 3 ліпеня 1977 года.

У 1998 гoдзe ў Biцeбcкy каля абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна ўcтaнoўлeны пoмнiк Е. Я. Лocь (скульптар В. Магучы і архітэктар В. Рыбакоў).

 

ЛІТАРАТУРА

1. Багдановіч, Н. Па вуліцах памяці Еўдакіі Лось / Н. Багдановіч // Патрыёт (Ушачы). – 2012. – 8 снеж. – С. 2.

2. Бароўка, В. Ю. Кветкі ў вобразнай палітры паэзіі Еўдакіі Лось: інтэнцыі і тэндэнцыі / В. Ю. Бароўка // Роднае слова. – 2019. – № 3. – С. 8–11.

3. Барысенка, У. Паэтычная жытніца / У. Барысенка // На страже. – 2019. – 15 марта. – С. 17.

4. Баўтрэль, І. «І сэрцам песню праспяваць...» / І. Баўтрэль // Роднае слова. – 2009. – № 3. – С. 3–6.

5. Весялуха, М. Вясна і лета жыцця Еўдакіі Лось: постаць знакамітай паэткі вачыма яе сына / М. Весялуха // Звязда. – 2016. – 27 жн. – С. 16.

6. Глобус, А. Еўдакія: словы пра паэтку Еўдакію Лось / А. Глобус // Звязда. – 2012. – 21 жн. – С. 8.

7. Еўдакія Лось // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. Э. Гардзіцкі ; рэд. А. Л. Верабей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 340–341.

8. Зімін, І. І зноў вяртаюцца паэты / І. Зімін // Вiцебскі рабочы. – 1999. – 18 сак. – С. 1.

9. Камейша, К. Еўдакія Лось / К. Камейша // Полымя. – 2006. – № 1. – С. 118–121.

10. Касатая, К. Гукапісная фактура вершаў Еўдакіі Лось / К. Касатая // Роднае слова. – 2008. – № 1. – С. 30–32.

11. Кісель, І. І. Смачныя літары Еўдакіі Лось: конкурсная праграма да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы / І. І. Кісель // Пачатковае навучанне: сям'я, дзiцячы сад, школа. Серыя «У дапамогу педагогу». – 2019. – № 5. – С. 67–69.

12. Краса і сіла / падрыхт. М. Скобла // Звязда. – 2002. – 29 чэрв. – С. 4.

13. Лапіцкая, А. Вершы пра сваё / А. Лапіцкая // Літаратура і мастацтва. – 2014. – 28 лют. – С. 7.

14. Лось Еўдакія Якаўлеўна // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 552.

15. Мурадзян, С. Жывы і светлы вобраз паэтэсы / С. Мурадзян // Полымя. – 2009. – № 7. – С. 179–181.

16. Салтук, А. Песня сардэчных слоў / А. Салтук // Віцебскі рабочы. – 2004. – 28 лют. – С. 6.

17. Шашуткіна, Г. «Душой народжанае слова» / Г. Шашуткіна // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 14 марта. – С. VI.

18. Шматкова, І. Еўдакія Лось, Галіна Каржанеўская: погляды на паэта і паэзію / І. Шматкова // Полымя. – 2008. – № 3. – С. 166–173.

19. Шматкова, І. «Жанчына без жаноцкай долі...»: жыццёвы і творчы шлях Еўдакіі Лось / І. Шматкова // Роднае слова. – 2019. – № 3. – С. 3–7.

20. Шматкова, І. Тэма Радзімы ў творчасці Еўдакіі Лось і Ніны Мацяш / І. Шматкова // Роднае слова. – 2007. – № 5. – С. 27–30.