Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Маўзон (Маўшэнзон) Аркадзь (Арон) Іосіфавіч

Дата нараджэння
23.09.1918
Месца нараджэння
Віцебская губерня, г. Віцебск
Дата смерці
19.08.1977
Род дзейнасці
пісьменнік, драматург
Гады творчасці
1945–1977
Узнагароды і прэміі
ордэн «Знак Пашаны»

Маўзон (Маўшэнзон) Аркадзь (Арон) Іосіфавіч нарадзіўся 23 верасня 1918 года ў Віцебску ў сям'і рабочага. Беларускі пісьменнік, драматург.

У 1931 годзе хлопчык скончыў сямігадовую школу, а затым – фабрычна-заводскае вучылішча металістаў (1935). У 1935–1936 гг. працаваў токарам на мінскім заводзе «Камунар» (зараз – ААТ «Станкабудаўнічы завод імя С. М. Кірава). З 1936 года наведваў драматычную студыю пры БДТ–1 (зараз – Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), але не скончыў яе па сямейных абставінах і вярнуўся ў Віцебск. Адразу пачаў працаваць акцёрам і асістэнтам рэжысёра ў БДТ-2 (зараз – Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа). Падчас Вялікай Айчыннай вайны разам з тэатрам быў эвакуіраваны ў г. Уральск, потым у г. Арэхава-Зуева. Калі вярнуўся ў Віцебск, у 1944 годзе, Аркадзь Іосіфавіч канчаткова вырашыў займацца літаратурнай творчасцю. Ён пачаў збіраць матэрыялы пра легендарнага партызана Канстанціна Заслонава.

У 1946–1950 гг. працаваў загадчыкам аддзела культуры рэдакцыі газеты «Віцебскі рабочы». У 1950–1965 гг. – начальнік сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», у 1965–1971 гг. – рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР.

У друку пачаў выступаць з 1945 года. У 1946 годзе ў газетах «Віцебскі рабочы», «Літаратура і мастацтва» былі надрукаваны ўрыўкі з п'есы «Канстанцін Заслонаў», а цалкам п'еса была апублікавана ў 1948 годзе (упершыню п'еса была пастаўлена ў Беларускім драматычным тэатры імя Я. Купалы ў 1947 годзе). П'еса «Канстанцін Заслонаў» ставілася ў многіх тэатрах, у тым ліку ў Маскве, Ленінградзе, Уладзівастоку, Тбілісі, Адэсе і інш. У 1949 годзе быў зняты аднайменны мастацкі фільм па яго сцэнарыі. У 1967 годзе, праз 20 гадоў пасля напісання п'есы, пісьменнік стварыў яе другі варыянт, сцэнічнае жыццё якому зноў даў драматычны тэатр імя Я. Купалы.

А. І. Маўзон – аўтар шматлікіх п'ес: «Наталля Крыўцова» (1954), «У ціхім завулку» (1955), «Непрымірымасць» (1956), «У бітве вялікай» (1957), «Калі ты чалавек» (1961), «Пад адным небам» (1962), «Куды ідзеш, Сяргей?» (1965), «У доме на Сонечнай» (1966), «Усяго адно жыццё» (1969), «Дарога праз ноч» (1970), «Білет у мяккі вагон» (1971). Па сцэнарыях А. Маўзона на кінастудыі «Беларусьфільм» былі пастаўлены фільмы «Зялёныя агні» (1956) і «Наперадзе – круты паварот» (1960).

Творы драматурга адлюстроўваюць гераічныя падзеі гісторыі краіны, раскрываюць духоўны свет чалавека. Аркадзь Іосіфавіч пісаў і творы малога жанру, у прыватнасці аднаактоўкі. У перыядычным друку Аркадзь Маўзон выступаў з артыкуламі і рэцэнзіямі па пытаннях драматургіі і сучаснага тэатра, з нарысамі, фельетонамі і інш. Яго п'есы ставіліся амаль ва ўсіх драматычных тэатрах Беларусі, у тэатрах Расіі і за мяжой; перакладаліся на грузінскую, украінскую, балгарскую, карэйскую, польскую, чэшскую і іншыя мовы.

Аўтар зборнікаў: «Выбраныя п'есы» (1964), «Людзі і час» (1972), «П'есы» (1974, 1978), «Да апошняга дыхання» (1985).

З 1947 года Аркадзь Іосіфавіч Маўзон – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі.

Памёр Аркадзь Іосіфавіч 19 жніўня 1977 года, пахаваны ў Мінску на Паўночных могілках. Яго імем названа вуліца ў Віцебску.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Аркадзь Маўзон // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 372–373.

2. Бур'ян, Б. І. Маўзон Аркадзь / Б. І. Бур'ян // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2000. – Т. 10 : Малайзія–Мугаджары. – С. 217.

3. Маўзон Аркадзь // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 532–533.

4. Маўзон Аркадзь // Пісьменнікі – нашы землякі : (біяграфічныя звесткі) / Віцебская абласная бібліятэка, Аддзел бібліятэказнаўства і навуковых даследаванняў ; [склад. А. М. Лемеш]. – Віцебск, 1996. – С. 15–16.

5. Мовзон Аркадий // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 141.

6. Мовзон Аркадий // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – Т. 5 : Минск–Педиатрия. – С. 131.

7. Урупіна, Г. М. Маўзон Аркадзь / Г. М. Урупіна, В. У. Смольская // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1994. – Т. 4 : Лазарук–Перкін. – С. 253–256.

 

СПАСЫЛКІ

arrow 100 лет назад родился белорусский драматург Аркадий Мовзон