Малец Янусь (Іван Вільгельмавіч)
Малец Янусь (Іван Вільгельмавіч) нарадзіўся 8 лютага 1951 года ў в. Хрыстова Пастаўскага раёна, беларускі пісьменнік.
Пасля заканчэння васьмігодкі вучыўся ў Полацкім ГПТВ–66, працаваў на заводзе ў Віцебску, скончыў марскую школу ў горадзе Находка на Далёкім Усходзе. Служыў у войску ў Бірабіджане і ў сяле Князе-Валконскае пад Хабараўскам. Пасля службы, у 1983 годзе, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў рабочым у часопісе «Вожык» (1993–1994). Друкуецца з 1974 года. Адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў «Лагодны прамень раніцы» (1988), «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш. Творы пераважна ў жанры сатыры і гумару: зборнікі «Бедны конь» (1992); «Трава ў вушах» (1994); «Намінальны людзель» (2005); «С ума сойти!» (2006). У вершах раскрывае думкі і пачуцці сучасніка, пакутны шлях да ісціны (зборнік «Родны мацярык», 1995).
Займаўся таксама літаратурнай крытыкай. Даследаваў вядомую ананімную паэму «Сказ пра Лысую Гару». Практычна першым публічна назваў імя сапраўднага аўтара.
Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1994 года.
Памёр 15 красавіка 2021 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Малец Янусь (Іван Вільгельмавіч) // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 519–520.
2. «Ну, а я, браткі, з Хрыстова» // Пастаўскі край. – 2011. – 28 верас. – С. 5.