Машара (Міхась) Міхаіл Антонавіч
Машара (Міхась) Міхаіл Антонавіч нарадзіўся 5 (18) лістапада 1902 года на хутары Падсосна Пастаўскага раёна ў сялянскай сям'і, якая потым пераехала ў в. Таболы Шаркаўшчынскага раёна, беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык.
Скончыўшы Шкунцікаўскую народную школу (1914), працаваў пісарчуком у канцылярыі Ігуменскай воласці. У 1915–1918 гг. вучыўся ў вышэйшай пачатковай, а пасля рэвалюцыі – адзінай працоўнай школе 2-й ступені ў Глыбокім. Быў справаводам Германавіцкага валвыканкама (1918).
У час акупацыі Беларусі польскімі войскамі быў арыштаваны, але адпушчаны як малалетні. Вясной 1920 года добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях. Часць, у якой ён служыў, была інтэрніравана ў Германію. 11 месяцаў М. Машара адбыў у лагеры Зальцведаль у Саксоніі. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора быў перададзены Польшчы, 8 месяцаў правёў у прафілактычным лагеры «Шчыпёрна», а потым вярнуўся ў Таболы. У 1923–1925 гг. служыў у Польскай арміі. Пасля дэмабілізацыі прыняў актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху, быў адным з арганізатараў гурткоў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1927 годзе быў рэдактарам газеты «Наша воля».
У 1928 годзе быў арыштаваны і зняволены ў віленскай турме Лукішкі, дзе прасядзеў больш за 4 гады. Пасля турмы зноў вярнуўся ў родныя мясціны, жыў выпадковымі заробкамі, быў лесарубам, плытагонам, капаў канавы, рамантаваў дарогі.
Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года М. Машара кіраваў аддзелам народнай асветы ў Шаркаўшчынскім раёне. Быў абраны дэпутатам Народнага Сходу ў Беластоку.
У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у газетах «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Партызанскае слова», на радыё.
Пасля вайны жыў у Мінску, працаваў у часопісе «Полымя» (1945–1947). Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», медалямі.
Першыя вершы Міхаіл Антонавіч пачаў пісаць яшчэ падчас вучобы ў Глыбоцкай школе, але стала заняўся паэтычнай творчасцю ў канцы 20-х гадоў. Друкавацца пачаў з 1927 года.
Паэтызацыя прыроды роднага краю, працы і быту селяніна спалучаліся ў тагачаснай яго творчасці з пратэстам супраць нацыянальнага і сацыяльнага ўціску, з заклікам да барацьбы за лепшую долю. З дапамогай сяброў па вызваленчым руху вершы, напісаныя ў турме, былі перасланы на волю і ў 1928 годзе склалі першы зборнік «Малюнкі». Потым былі выдадзены зборнікі «На сонечны бераг!», «Напрадвесні», паэмы «Вяселле», «Смерць Кастуся Каліноўскага», «Мамчына горка», п'есы «Вось тут і зразумей», «Лёгкі хлеб», «Чорт з падпечча». Зборнік Міхася Машары «З-пад стрэх саламяных» (1937) быў канфіскаваны польскімі ўладамі, а рукапіс зборніка «З ваколіц Сініх Балот» увогуле не быў надрукаваны. Патрыятычная лірыка М. Машары ваеннага часу, якая склала зборнік «Беларусі», адносіцца да ліку лепшых творчых дасягненняў паэта. Тэма Радзімы, захапленне прыгажосцю яе краявідаў, услаўленне працоўных спраў народа склалі аснову паэзіі Міхася Машары ў пасляваенныя гады (зборнікі «Праз навальніцы», «Урачыстасць», «Ад родных аселіц», кніга выбранай лірыкі «Мая азёрная краіна»). Вершы паэта вызначаюцца лірычнасцю, песеннасцю. Многія з іх пакладзены на музыку М. Аладавым, Д. Лукасам, Ю. Семянякам, А. Туранковым і іншымі кампазітарамі.
У 60-я гады М. Машара выступаў з творамі для дзяцей, выдаў казкі ў вершах «Зязюльчыны слёзы», «Зелянушка і Кракатушка». У 60–70-я гады пераважна працаваў як празаік. Напісаў трылогію аб вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі, якую склалі раманы «Крэсы змагаюцца», «Сонца за кратамі», «Лукішкі», а таксама раманы «Ішоў дваццаты год», «І прыйдзе час...», прысвечаныя падзеям грамадзянскай вайны. У празаічных творах пісьменнік выкарыстоўваў многія факты з свайго жыцця, апісваў падзеі, якія адбываліся ў яго родных ваколіцах, ствараючы шырокую панараму падзей 20–30-х гадоў. Пераклаў на беларускую мову творы П. Бажова, М. Гогаля, Г. Сянкевіча і інш.
У 1934 годзе Я. Драздовічам быў зроблены барэльеф Міхаіла Антонавіча Машары.
Памёр Міхаіл Антонавіч 7 чэрвеня 1976 года ў г. Мінску. Пахаваны на Паўночных могілках.
ЛІТАРАТУРА
1. Бярозка, У. Пясняр азёрнага краю / У. Бярозка // Вiцебскі рабочы. – 1997. – 21 лiстап. – С. 7.
2. Жук, Л. Імёны, якія трэба ведаць / Л. Жук // Пастаўскi край. – 2006. – 14 кастр. – С. 3.
3. Кажан, К. Сялянскі пясняр / К. Кажан // Вольнае Глыбокае. – 2002. – 5–11 снеж. – С. 3.
4. Кожан, К. Цярністы шлях хлопца з Шаркаўшчынскага хутара: ад турмаў – да паэта і пісьменніка / К. Кожан // Вольнае Глыбокае. – 2017. – 23 лістап. – С. 4.
5. Калеснік, У. А. Машара Міхась (Міхаіл Антонавіч) / У. А. Калеснік // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 520.
6. Лебедзеў, У. А. Машара Міхась / У. А. Лебедзеў, У. М. Ларчанка // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1994. – Т. 4 : Лазарук–Перкін. – С. 270–278.
7. Машара Михаил Антонович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 111.
8. Міхась Машара // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 377–378.