Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Матукоўскі Мікалай Ягоравіч

Дата нараджэння
12.09.1929
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Расонскі раён, в. Калюціна
Дата смерці
28.09.2001
Род дзейнасці
беларускі драматург, журналіст
Узнагароды і прэміі
Заслужаны работнік культуры Беларусі (1977)
Дзяржаўная прэмія Беларусі (1988)
ордэн Дружбы народаў
журналісцкая прэмія «За публіцыстычныя выступленні па праблемах эканомікі і маралі» (1984)
Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР

Матукоўскі Мікалай Ягоравіч нарадзіўся 12 верасня 1929 года ў в. Калюціна Расонскага раёна ў сялянскай сям'і.

У 1933 годзе яго бацька, Ягор Мікалаевіч, намеснік старшыні калгаса імя Блюхера, у выніку паклёпу быў асуджаны і высланы ў Мурманскую вобласць. У 1963 годзе пасмяротна рэабілітаваны.

Яго маці, сястра і два браты працавалі ў калгасе. У 1935 годзе сям'я пераехала ў в. Лабова Расонскага раёна, дзе і жыла ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У лістападзе 1943 года праз Віцебскія вароты Матукоўскія былі эвакуіраваны за лінію фронту – у г. Заходняя Дзвіна, дзе чатырнаццацігадовы падлетак працаваў стажорам шафёра на мясцовай МТС.

Пасля вызвалення роднай вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў М. Матукоўскі вярнуўся ў Лабова на Расоншчыну. У 1945 годзе ён паехаў да брата ў Кішынёў, дзе вучыўся ў сямігодцы. У 1947 годзе вярнуўся ў Лабова, у 1950 годзе скончыў Тродавіцкую СШ.

З 1950 года пачаў друкавацца ў расонскай раённай і полацкай абласной газетах – нарысы, фельетоны, вершы, апавяданні.

Пасля заканчэння сярэдняй школы – загадчык аддзела кадраў і аргработы Расонскага райкама ЛКСМБ. У 1950–1952 гг. – у рэдакцыі газеты «Сацыялістычная праца», з 1950 года – прапагандыст Расонскага райкама партыі.

У 1956 годзе завочна скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ.

У 1956 годзе пачаў працаваць у расонскай раённай газеце «Камуністычны шлях». У гэтым жа годзе пераехаў у Мінск, дзе ўладкаваўся ў рэдакцыю газеты «Звязда».

У 1952–1960 гг. – літсупрацоўнік, загадчык аддзела навукі і школ, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва. У 1960–1964 гг. – галоўны рэдактар літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё. У 1964–1966 гг. – галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР.

З 1966 года – уласны карэспандэнт, з 1970 года – загадчык Беларускага аддзялення рэдакцыі газеты «Известия». З 1993 года – у газеце «Рэспубліка».

У 1984 годзе Саюз журналістаў СССР прысудзіў яму прэстыжную прэмію «За публіцыстычныя выступленні па праблемах эканомікі і маралі».

У 1995–1998 гг. – кіраўнік літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы.

Першая яго камедыя – вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (або «Уваскрасенне Дон Кіхота» (1966; радыёпастаноўка, 1967). Драматургічны талент Матукоўскага асабліва раскрыўся ў сатырычных камедыях «Амністыя» (1970; аднайменны кінафільм, 1982), «Мудрамер» (1987).

Шырокую вядомасць набылі дынамічныя, займальныя па сюжэце драмы «Тры дні і тры ночы» (1967), «Апошняя інстанцыя» (1974), «Наследны прынц» (1976, пад назвай «Наследнік»), «Махляр паняволі» (1978), «Паядынак» (1984), трагікамедыі «Калізей» (1992), «Зомбі, або Мудрамер-2» (1996) і іншыя.

У п'есах М. Матукоўскі вырашаў вострыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, пытанні выхавання моладзі, сямейных узаемаадносін.

Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў: «Мінск – горад-герой» (1974), «Імгненне Перамогі» (1975); мастацкіх фільмаў: «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980); кніжнай публіцыстыкі «Чужая бяда» (1987).

Піша нарысы, эсэ, публіцыстычныя артыкулы.

У 1996 годзе на драматычны лад перапрацаваў вядомую казку З. Бядулі «Сярэбраная табакерка». У 1997 годзе напісаў драму «Беражыце эдэльвейсы» паводле аповесці «Альпійская балада» В. Быкава.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалём, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Заслужаны работнік культуры Беларусі (1977).

Дзяржаўная прэмія БССР (1988) за спектакль тэатра імя Я. Купалы па п'есе «Мудрамер».

Памёр драматург 28 верасня 2001 года ў Мінску.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Лаўшук, С. С. Матукоўскі Мікалай Ягоравіч / С. С. Лаўшук // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2000. – Т. 10 : Малайзія–Мугаджары. – С. 206.

2. Лаўшук, С. С. Матукоўскі Мікалай Ягоравіч / С. С. Лаўшук // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; пад агул. рэд. А. В. Сабалеўскага. – Мінск : БелЭн, 2003. – Т. 2 : Л–Я. – С. 99–100.

3. Лаўшук, С. С. Матукоўскі Мікалай Ягоравіч / С. С. Лаўшук // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1986. – Т. 3 : Карчма–Найгрыш. – С. 483.

4. Лаўшук, С. Дон Кіхот з Расоншчыны / С. Лаўшук // Роднае слова. – 1999. – № 9. – С. 5–11.

5. Матукоўскі Мікалай Ягоравіч // Новыя книги. – 2004. – № 5. – С. 27–30.

6. Матуковский Николай Егорович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 4 : Картография–Миноговые. – С. 675.

7. Матуковский Николай Егорович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 109.

8. Матукоўскі Мікалай Ягоравіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – Т. 5 : Л–М. – С. 435.

9. Мікалай Матукоўскі // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі ; рэд. А. Л. Верабей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 371–372.

10. Мікалай Матукоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / рэдкал.: У. В. Гніламёдаў [і інш.] ; навук. рэд.: У. В. Гніламёдаў, С. С. Лаўшук. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – Т. 4 : в 2 кн. – Кн. 2 : 1986–2000. – С. 311–335.

11. Савік, Л. С. Матукоўскі Мікалай / Л. С. Савік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – Т. 4 : Лазарук–Перкін. – С. 245–246.

12. Шапран, С. Командировка, длиной в жизнь / C. Шапран // Белорусская деловая газета. – 2001. – 26 сент. – С. 13.

13. Шапран, С. У. Мікалай Матукоўскі: «Я абараняў ісціну...» / С. У. Шапран // Роднае слова. – 2014. – № 9. – С. 79–81.