Міхно Уладзімір Фёдаравіч
Міхно Уладзімір Фёдаравіч – беларускі пісьменнік і журналіст.
Нарадзіўся 6 сакавіка 1964 года ў вёсцы Чэрцы Лепельскага раёна ў сям'і настаўнікаў.
Скончыў Чэрскую васьмігодку, затым вучыўся ў Лепельскай сярэдняй школе № 3.
У 1986 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 1990–2000 гг. быў уласным карэспандэнтам газеты «Чырвоная змена» па Віцебскай вобласці, загадчыкам аддзела ў «Настаўніцкай газеце». У 2000–2009 гг. быў карэспандэнтам чашніцкай раённай газеты «Чырвоны прамень». З 2010 года працаваў у газеце «Лепельскі край».
У сваіх артыкулах Уладзімір Міхно асвятляў пытанні гісторыі і культуры рэгіёна, лёсы землякоў. Краязнаўчыя даследаванні аўтара таксама прысвечаны помнікам прыроды, легендам і паданням роднага краю.
Пісаў у жанры паэзіі, прозы, драматургіі. З апавяданнямі і навеламі выступаў у рэспубліканскім друку, на радыё. Шмат апавяданняў і публіцыстычных твораў прысвечана падлеткам, для многіх з іх Уладзімір Міхно быў сапраўдным настаўнікам.
Першыя апавяданні былі надрукаваны ў 1986 годзе ў часопісе «Маладосць».
Аўтар апавяданняў: «Канікула-зорка» (1988), «Тамагаўка» (1989), «Пужаны» (1990), «Лёнька Брэжнеў» (1992), «Каскадзёр» (1993), «Абабідзе» (1996), «Здарэнне ў Бушаўцы» (1996), «Тубік» (1997), «Азартныя гульні» (1998), «Лівень на каляды» (1998), «Механік» (2000); навелы «Рабінавая ноч» (1990) і іншых.
Друкаваўся ў калектыўных зборніках і альманахах «Пад знакам Стральца» (1990), «Карані» (1994), «Край» (1996), «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная» (2000, 2005), «Апавяданне-2005», «Ад ніў Прыдзвінскіх. Віцебшчына паэтычная» (2009), «Ратуша» (2014, 2016, 2017). З'яўляўся членам рэдкалегіі краязнаўчага альманаха «Лепельшчына» (2016, 2017), дзе таксама друкаваўся з краязнаўчымі нататкамі і літаратурнымі творамі.
У 1993 годзе ў серыі «Бібліятэчка часопіса "Маладосць"» выйшла кніга «Горкі зефір». У 1998 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў серыі «Першая кніга празаіка» выйшла аповесць «Азартныя гульні».
Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1996 года.
Памёр 26 лістапада 2019 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Матырка, В. Далікатныя струны душы / Васіль Матырка // Лепельскі край. – 2020. – 24 лістап. – С. 8.
2. Міхно, В. «Журнал» : памяці Уладзіміра Міхно / Вера Міхно // Дзеяслоў. – 2020. – № 4. – С. 183–190.
3. Міхно Уладзімір // Пісьменнікі Віцебшчыны : даведнік / рэд. Ф. Сіўко. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2001. – С. 51–52.
4. Міхно Уладзімір Фёдаравіч // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 584.
5. Міхно, У. Вясна з усьмешкаю мамы...: два аповеды / У. Міхно // Дзеяслоў. – 2009. – № 3. – С. 87–100.
6. Міхно, У. Дажыць да смерці, альбо Калі я стану кошкай... : п'еса ў пяці дзеях / У. Міхно // Лепельшчына : краязнаўчы альманах / уклад. У. Тухта. – Вып. 1. – Мінск : Медысонт, 2016. – С. 156–211.
7. Міхно, У. Укантакце : апавяданне / У. Міхно // Дзеяслоў. – 2017. – № 2. – С. 147–156.
8. Півавар, М. Міхно Уладзімір Фёдаравіч / М. Півавар // Краязнаўцы Віцебшчыны другой паловы XX – пачатку XXI ст. : біябібліяграфічны даведнік / М. Півавар. – Мінск : Кнігазбор, 2010. – С. 212.
9. Саламаха, У. Хата Уладзіміра Міхно / У. Саламаха // Літаратура і мастацтва. – 2003. – 21 лют. – С. 4–5.
10. Тухта, В. У. Самотны вандроўнік / Валерый Тухта // Лепельскі край. – 2021. – 23 лістап. – С. 5.