Модэль Міхась (Мендэль Моўшавіч)
Модэль Міхась (Мендэль Моўшавіч) – беларускі крытык і тэатразнаўца.
Нарадзіўся 31 красавіка 1904 года ў аграгарадку Камень Лепельскага раёна ў сям'і адваката.
Скончыўшы ў 1921 годзе школу 2-й ступені ў Лепелі, працаваў старшынёй Лепельскага павятовага камітэта камсамола.
3 1921 года жыў у Мінску.
Вучыўся на медыцынскім (1922–1924) і педагагічным (1924–1926) факультэтах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, але ніводны з іх не скончыў (сярод прычын была і хвароба).
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934 года.
Працаваў у сферы партапарату: сакратаром аддзела агітацыі і прапаганды ЦК КПБ (1923–1925), рэдактарам Клімавіцкай акруговай газеты (1925–1926), дырэктарам Цэнтральнага партыйнага клуба ў Мінску (1927–1930), інструктарам аддзела культуры і прапаганды ЦК КПБ (1930–1932).
3 1932 года навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР.
У 1935–1937 гг. узначальваў тэатральны аддзел Упраўлення па справах мастацтва пры Савеце Міністраў, адначасова (1932–1937) быў намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». 3 1937 года – літкансультант, у 1940–1941 гг. – адказны сакратар Саюза пісьменнікаў БССР.
У пачатку Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Тамбоў, потым – у Ташкент, дзе быў намеснікам дырэктара тэатра імя Ахунбаева.
У 1943–1944 гг. – дырэктар тэатра імя Маякоўскага ў Андзіжане (Узбекская ССР), у 1944–1948 – загадчык літаратурнай часткі тэатра оперы і балета ў Мінску, з 1945 года працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», з 1949 – літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва».
У 1930-я гады прытрымліваўся апалагетычных, вульгарна-сацыялагізатарскіх поглядаў, у пасляваены час імкнуўся іх пазбягаць. Ваяўніча выступаў супраць твораў нацыянальнай беларускай тэматыкі (п'есы «Апраметная» В. Шашалевіча, «Кастусь Каліноўскі» Е. Міровіча, «Скарына, сын з Полацка» М. Грамыкі і іншых).
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1926 годзе. Пісаў пра беларускія тэатры і драматургію: «Аб габрэйскай савецкай драматургіі, пра крытыку» (1933), «Аб дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР» (1937), «Сучасная беларуская драматургія» (1946), «Зінаіда Броўская» (1978) і іншыя.
Аўтар зборніка артыкулаў «Тэатр і драматургія» (1935), брашуры «Л. П. Александроўская» (1945), кнігі нарысаў «Народныя артысты БССР» (1948).
Пісаў пад псеўданімамі М. Каменскі, М. Майсееў, М. Міхайлаў, М. Міхасеў; крыптанімамі М., М. М.
У перыяд кампаніі па барацьбе супраць касмапалітызму (канец 40-х гадоў) падвяргаўся крытычным нападкам у прэсе, з-за чаго ў 1940–1950 гг. нідзе не друкаваўся.
3 1962 года персанальны пенсіянер.
Узнагароджаны медалём.
Памёр 26 кастрычніка 1980 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Модель Михаил (Мендель Мовшевич) // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 142.
2. Модэль Міхась // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал. І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі 1994. – Т. 4 : Лазарук–Перкін. – С. 329–331.
3. Модэль Міхась (Мендэль Моўшавіч) // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: В. В. Калістратава [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – Т. 5 : Л–М. – С. 613.
4. Модэль Міхась (Мендэль Моўшавіч) // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2000. – Т. 10 : Малайзія–Мугаджары. – С. 512.