Мяжэвіч Уладзімір Навумавіч
МЯЖЭВІЧ УЛАДЗІМІР НАВУМАВІЧ нарадзіўся 23 мая 1907 года ў в. Якаўлевічы Аршанскага раёна, беларускі пісьменнік, журналіст.
Пасля смерці бацькі ў 1918 годзе У. Мяжэвіч як старэйшы ў сям'і (6 дзяцей), пасля двух гадоў вучобы ў царкоўнапрыходскай школе, вымушаны быў пайсці працаваць. У 1925 годзе працаваў загадчыкам хаты-чытальні. У 1926–1927 гг. загадваў аддзелам прапаганды ў Копыскім, Горацкім райкамах камсамола. У 1928 годзе быў сакратаром Горацкага райкама камсамола.
Займаўся самаадукацыяй. Паступіў на вячэрняе аддзяленне літаратурна-гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова накіраваны на працу ў Мінск у газету «Звязда», быў літсупрацоўнікам, потым загадчыкам аддзела культуры (1929–1933).
Удзельнічаў у рабоце Аршанскай філіі «Маладняка». У 1933 годзе рэдагаваў бягомльскую раённую газету «Калгасны змагар». У 1934–1937 гг. працаваў карэспандэнтам газеты «Известия» па Беларусі.
У 1937 годзе У. Мяжэвіч быў беспадстаўна арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Пры вобыску ў яго забралі і не вярнулі рукапісы новых мастацкіх твораў. Каля 20 гадоў жыў за межамі Беларусі. Працаваў лесарубам, брыгадзірам у Канскім леспрамгасе Краснаярскага краю, у 50-я гады працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам леспрамгаса.
26 студзеня 1955 года рэабілітаваны, вярнуўся ў Мінск, працаваў у часопісах «Вожык», «Вясёлка», «Бярозка», карэспандэнтам газеты «Лесная промышленность» (1956–1967). Узнагароджаны медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Літаратурную дзейнасць пачаў як юнкор у 1924 годзе. У 1931–1932 гг. выдадзены яго першыя кнігі нарысаў і апавяданняў («Крок у будучыню», «Шлях герояў»), у якіх паказваліся працоўныя дасягненні Беларусі. Друкаваўся ў часопісе «Беларуская работніца і сялянка», газетах «Звязда», «Чырвоная змена». У складзе выязных рэдакцый часта бываў на будоўлях (Крычаўскі цэментны завод, БелДРЭС), па гарачых слядах пісаў нарысы, фельетоны, гумарэскі, артыкулы, якія публікаваліся ў рэспубліканскай перыёдыцы.
У 60–70-я гады выйшлі яго кнігі нарысаў «Землякі», «Спатканні на дарогах. Запіскі карэспандэнта», зборнікі апавяданняў «Шляхам герояў», «Яны былі першымі, «Аксамітны бляск», прысвечаныя надзённым пытанням рэчаіснасці. Шмат пісаў для дзяцей (кнігі апавяданняў «Медунічкі», «Выдумшчыцы», аповесць «Стрэлы на зялёнай палянцы»). Яго творчасці ўласцівы псіхалагічная дакладнасць, лірызм.
Памёр Уладзімір Навумавіч 1 ліпеня 1982 года.
ЛІТАРАТУРА:
1. Вёрсты пройдзенных дарог // Вёрсты пройдзенных дарог / А. Яршоў, В. М. Сіднякова. – Магілёў : Магілёўская друкарня, 2003. – С. 89–97.
2. Мяжэвіч Уладзімір Навумавіч // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 436.
3. Мяжэвіч Уладзімір Навумавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1986. – Т. 3 : Карчма–Найгрыш. – С. 716–717.
4. Савік, Л. С. Мяжэвіч Уладзімір / Л. С. Савік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1992. – Т. 4 : Лазарук–Перкін. – С. 352–354.
5. Уладзімір Мяжэвіч // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 395.